Дажынкі для Саўкі ды Грышкі: героі Вольскага выпусьцілі плыту

Гэты Вольскі, скажу я вам, зусім звар'яцеў. Шаленства палёту ягонай думкі ўжо яўным чынам чулася ў песьні «Менск і Мінск». Калі памятаеце, тады ён параўноўваў сучасны, вытрыманы ў дзяржаўна-ідэалягічных межах МІнск з колішнім старажытным ды цяперашнім для акрэсьленай групы беларускамоўных мальцоў МЕнскам. Тады, у 2007-ым, прагучала : «Падваеньне асобы зрывае нам дах». І Лявон паехаў дахам далей: год таму ў няўседлівага на адным месцы музыкі нарадзіўся праект «Саўка ды Грышка».


Саўка да Грышка на Радыё Свабода

Дзьве супрацьлегласьці, агучаныя адным Лявонам, — перакананы апазыцыянэр Рыгор ды намэнклятурашчык Савелій — сустракаюцца на пляцоўцы Радыё Свабоды штотыдня, каб абгаварыць найважнейшую, як ім падаецца, за сем дзён праблему беларускага грамадзтва. Цяпер героі не абмяжоўваюцца адно радыё: падаліся ў сьвет шоў-бізнэсу ды выпусьцілі да ўгодак сваіх выступленьняў DVD-плыту «Ад вясны да вясны».

Іхныя грамадзка-бытавыя развагі цудоўна ляглі на рэстарацыйна-забягалавачную музыку.

«Фі», — скажаце вы: «што за звычка сьпяваць такі шансон!».

Але акурат тут такая музыка і патрэбная. Саўка ды Грышка — рабяты, па сутнасьці, простыя, а таму і музыка, што дапаўняе іх размовы, гэтаксама ненапружвальная. Альбомчык зьяўляецца тым самым, пра што кажуць:

«Ды ты словы паслухай!».

А паслухаць іх варта ня толькі, каб парагатаць, але і дзеля «засваеньня» сучаснай гісторыі: ад вясны да вясны, праз прыбудову макавак да царквы, дзе іх быць не павінна, венэсуэльскую нафту, што ехала да нас танкерам, сумныя выбары, санкцыі супраць чыноўнікаў (на страх Саўкі!), крызыс. Да таго ж плыта месьціць сьцёбныя малюнкі ды прамову да кожнага трэку.

Альбом Саўкі ды Грышкі «Ад вясны да вясны» можна задарма атрымаць на канцэрце Лявона Вольскага ў Менску, што адбудзецца 28 чэрвеня а 19 гадзіне ў The Loft Cafe.

Падрабязьней пра канцэрт ды замову квіткоў можна даведацца ў івэнце facebook альбо па тэлефонах : +375293800010, +375 29 3063450 (Стас), mail: loftdj@gmail.com. Кошт: 40000 руб.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0631 seconds.