ЭНВІЛУ пакуль не зачыняць
Жаночы інстытут ЭНВІЛА пакуль працягне дзейнасьць. Яго ліквідацыя, рашэньне аб якой было прынятае на мінулым тыдні, адкладаецца, а набор студэнтаў працягваецца. Абаронцам інстытуту нечакана стаў сам міністар адукацыі.
«У нас усё добра! Усе працягваецца! Усё, слава Богу! У нас усё ОК!», — заявіла парталу interfax.by рэктар ЭНВІЛы дацэнт Ларыса Чарапанава.
Жаночы інстытут ЭНВІЛА. Фота з афіцыйнага сайту
Не ўдакладняючае, ці будзе ВНУ ліквідаванае, рэктар сказала: «У бліжэйшай пэрспэктыве ня будзе, а там — як Бог дасьць».
Тыдзень таму Інтэрфакс са спасылкай на ананімную крыніцу ў Міністэрстве адукацыі паведаміў, што адзіны ў Беларусі жаночы інстытут ЭНВІЛА хутка ліквідуюць, а студэнтаў адправяць давучвацца ў іншыя ВНУ.
Фармальнай прычынай закрыцьця стала адмова ў арэндзе памяшканьня. Аднак закрыцьцё навучальнай установы зьвязалі зь менскім выбухам 11 красавіка. Паведамлялася, што дзяўчына меркаванага выканаўцы выбуху вучылася ў гэтым інстытуце.
За ВНУ заступіўся сам міністар Маскевіч, які пасьля зьяўленьня інфармацыі пра ліквідацыю ЭНВІЛы патэлефанаваў рэктару інстытуту Ларысе Чарапанавай і паабяцаў, што набор абітурыентак у гэтым годзе нягледзячы ні на што адбудзецца.