Беларускіх навучэнцаў пачалі правяраць на стаўленьне да прэзыдэнта

У Баранавічах ладзяць нібыта ананімнае анкетаваньне студэнтаў з пытаньнямі пра давер прэзыдэнту і ўдзел у акцыях пратэсту, а ў Маладэчна ў школьнікаў высьвятляюць стаўленьне да кіраўніка дзяржавы.

Як перадае «Эўрарадыё», у Баранавіцкім дзяржаўным унівэрсытэце зладзілі выбарачнае анкетаваньне студэнтаў. Яно нібыта ананімнае, але факультэт і курс трэба пазначыць. Таму вылічыць, хто як адказваў, няцяжка.

Пытаньні ў анкетах характэрныя: «Ці давяраеце вы кіраўніку краіны?» «Ці гатовыя вы ўдзельнічаць у акцыях пратэсту?» «Што можа вас да гэтага прымусіць?» «Дайце ацэнку абстаноўцы ў краіне» (варыянты — стабільная, напружаная, выбухованебяспечная).

Анкеты «на руках» у студэнтаў не пакідаюць — забіраюць адразу пасьля запаўненьня.

Тым часам у маладэчанскіх школах абласны аддзел адукацыі ажыцьцяўляе франтальную праверку. Як распавядаюць настаўнікі, асноўны накірунак праверкі — ідэалягічны. Ад школьнікаў патрабуюць дакладнага веданьня дзяржаўнай сымболікі і таго, чым можа ганарыцца наша краіна, таксама высьвятляюць стаўленьне да прэзыдэнта.

Як паведамляе сайт праваабарончай арганізацыі «Вясна», тых настаўнікаў, чые вучні даюць недастаткова патрыятычныя адказы, чакаюць вымовы і пазбаўленьне прэмій. Такі ідэалягічны націск пэдагогі зьвязваюць з падрыхтоўкай да сустрэчы Лукашэнкі ў Маладэчне на «Дажынках».

Як распавяла адна з настаўніц, «у некаторыя клясы заходзілі падчас уроку і патрабавалі прасьпяваць дзяржаўны гімн. У маіх вучняў запыталіся як завуць нашага прэзыдэнта і які ён. Да гэтага пытаньня я дзяцей не рыхтавала, але яны выдатна зарыентаваліся, зразумелі, чаго ад іх чакаюць і далі задавальняючыя адказы: «разумны, добры, сьмелы…».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0617 seconds.