Топ-5 няўдалых разьмеркаваньняў


Пасьля навучаньня нечакана для сябе можна апынуцца ў зусім непрыемных месцах і сытуацыях: на працы за $40 у месяц, СІЗА альбо ў залі суду ці, крый Божа, у труне. Мы прыгадалі некалькі найбольш скандальных гісторый разьмеркаваньняў беларускіх выпускнікоў.

5. Вэнэсуэла: «ўсё ўключана»

Гэта гісторыя разьмеркаваньня яшчэ толькі пачынаецца. Для кагосьці прапанова, якая звалілася на сёлетніх выпускнікоў Брэсцкага тэхнічнага ўнівэрсытэту, выглядае як пуцёўка ў вырай, але для былых студэнтаў яна можа стацца суцэльным трэшам.

У 2011 годзе Брэсцкі ўнівэрсытэт атрымаў прапанову забесьпячэньня працоўнымі месцамі студэнтаў ад амбасады брацкай Вэнэсуэлы. Папрацаваць прапанавалі з «найноўшымі тэхналёгіямі ў будаўніцтве» у, магчыма, расейскамоўных групах будаўнікоў.

«Праезд, транспарт, прыжываньне, харчаваньне — абяцалі за кошт фірмы. Плюс яшчэ інтэрнэт. Зарплата паўтары тысячы ўмоўных адзінак. Гэта стартавая», — рэклямуе прапанову намесьніца дэкану прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва Брэсцкага тэхнічнага ўнівэрсытэту Ларыса Козак.

Адзіная праблема: «вострая» мясцовая крымінагенная сытуацыя, пра якую дэкан лічыць за лепшае маўчаць. У 2009 годзе, напрыклад, у сталіцы Каракасе быў забіты перакладчык зь Беларусі з-за таго, што адмовіўся аддаваць злачынцу ноўтбук. Забойцу так і не знайшлі. Мабыць разьмеркаваным студэнтам прыйдзецца тусавацца за вельмі высокімі плотамі з кругласуткавай аховай, калі, канешне, яны хочуць застацца цэлымі ў бліжэйшыя два гады.

4. Бабруйскі тэатар драмы і камэдыі і $40 у месяц

Менавіта такі заробак мелі маладыя спэцыялісты, разьмеркаваныя ў Магілёўскі абласны тэатар драмы і камэдыі ў Бабруйску ў 2009 годзе. Каб займець гэту працу, пажадана было скончыць бясплатнае аддзяленьне, напрыклад, Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў.

Адзінае праблема — тэатру цяжка было забясьпечыць выпускнікоў жытлом, таму на $40 прыйшлося б яшчэ і падшукаць які пакойчык.

«Калі шчыра, нічым не зможам дапамагчы, — патлумачылі журналістам у Магілёўскім аблвыканкаме. — Разьмеркаваньне ў нас мэтавае, таму адпрацаваць выпускнік павінен. Галоўнае, каб выходзіла мінімальная зарплата». Сьпяшаемся суцешыць выпускнікоў БДУКМ — цяпер мінімалку паднялі да 460 тысячаў, што па неафіцыйным курсе цяпер набліжаецца да 100 даляраў.

Зрэшты, самы нізкі заробак мелі тыя, хто працаваў у бабруйскім тэатры балетмэйстрам па 4 гадзіны ў дзень. З грашовых вакансій у той год асабліва вылучалася месца артыста за $112 у месяц. Як кажуць, адчуйце розьніцу!

3. $10 000 за свабоду

Студэнты не дачакаліся льготаў на праезд

Адна з найбольш гучных гісторый, зьвязаных з разьмеркаваньнем, здарылася з выпускніцай журфаку БДУ Ксеніяй Авімавай. Дзяўчына на сваё няшчасьце перапаступіла на другім курсе навучаньня на бясплатнае аддзяленьне, а калі прыйшоў час сканчэньня ўнівэру, атрымала накіраваньне ў валожынскую раённую газэту «Працоўная слава».

Усё б нічога, але якраз у разгар разьмеркаваньня Ксенія была названая на міжнародным конкурсе «Найлепшы блог», які арганізоўвала «Нямецкая хваля», лепшай блогеркай сьвету. Яе дзёньнік у момант праславіўся, а Ксенія ў гэты час зьбірала рэчы дзеля першага наведваньня Валожыну.

У раёнцы дзяўчыне прапанавалі заробак у 600 тысяч. Ксенія, што ўжо болей за год працавала на іншае вялікае выданьне, зь лёсам не пагадзілася, па разьмеркаваньні не паехала, а праз паўгода БДУ паспрабаваў спагнаць з выпускніцы 22 мільёны рублёў (у той час болей за 10 тысячаў даляраў). Быў суд, праз год пасьля выпуску справа дайшла нават да прыставаў. У выніку бацькі дзяўчыны бяз яе ведама вырашылі сплаціць грошы. Многія тады гадалі, ці прыйдзецца Ксеніі аддаваць дзяржаве прызавыя ад «Нямецкай хвалі».

Але цяпер 22 млн не такая ўжо і высокая плата за права ня ехаць па разьмеркаваньні. БДУ, напрыклад, ужо ў 2009 ацэньвала поўны кошт навучаньня студэнтаў у 40 млн рублёў. Залаты дыплём, аднак.

2. Сьледчы ізалятар часовага ўтрыманьня

Марыш працаваць у СІЗА? Паступай у Юрыдычны каледж БДУ! Адна ўмова: на бясплатнае аддзяленьне. Тады пэрспэктывы разьмеркаваньня ў «Сьледчы ізалятар № 1» адчыняюцца перад табой ва ўсіх колерах гэтай неймавернай установы.

Але гэта не адзіная «экзатычная» прапанова па разьмеркаваньні ў юркаледжы. Таксама юрыстаў чакаюць на пасадах участковага інспэктару, у аддзелах дазнаньня РУУС і РАУС. Нават МАЗ і калгасы з радасьцю працаўладкуюць «сьвежанькага» выпускнічка. Зарплата ‘годная’: ад Br700 тыс. да Br800 тыс.

1. Сьмерць у роднай Alma Mater


З гэтага будынку скочыў Павал Ступак. Фота Аляксандр Нікіцін

Гэта гісторыя здарылася напрыканцы зімы 2010 году. 24-гадовы выпускнік Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту Павал Ступак скочыў з 13-га паверху роднага ўнівэрсытэту пасьля таго, як ня здолеў пераразьмеркавацца зь вясковай школы ў Рагачоўскім раёне, дзе пасьпеў адпрацаваць толькі першыя 6 месяцаў з 24.

Былы студэнт БДПУ прыехаў у Менск вырашаць пытаньне з разьмеркаваньнем. Што зь ім здарылася ў Менску, не вядома, але 27 лютага хлопец скочыў з вакна аўдыторыі будынку на плошчы Незалежнасьці і загінуў. Пракуратара Маскоўскага раёну, якая займалася справай Паўла, «асноўнай» вэрсіяй гібелі выпускніка лічыла «няўдалае разьмеркаваньне».

Зрэшты, тое не адзіны выпадак «сьмерці па разьмеркаваньні». У 2007 годзе павешаным быў знойдзены выпускнік Палескага сельскагаспадарчага каледжу Віктар Гурын, якога разьмеркавалі ў вёску Іванава Слабада (Лельчыцкі раён) заатэхнікам. Тады прычынай самагубства 20-гадовага хлопца палічылі цяжкія ўмовы жыцьця, немагчымасьць зьмяніць навязанае месца працы. Як прыгадвалі знаёмыя, Гурын ня раз скардзіўся, што «лепей сьмерць, чым такое жыцьцё» і што «гады працы па разьмеркаваньні — выкінутыя з жыцьця».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0663 seconds.