Перад чэмпіянатам сьвету па хакеі ў Менску зачыняюць студэнцкія інтэрнаты

Нечакана першымі ахвярамі блізкага чэмпіянату сьвету па хакеі, што мусіць адбывацца ў Менску ў 2014-м, сталі іншагароднія студэнты, якіх высяляюць зь інтэрнатаў, бо тыя ставяць на рэканструкцыю. У інтэрнаты гарадзкія ўлады вырашылі засяліць спартоўцаў і заўзятараў. А пакуль пляны па ўзьвядзеньні студэнцкай вёскі на ўскрайку Менску чарговы раз зрываюцца, прыходзяць паведамленьні пра закрыцьцё ўсё новых інтэрнатаў. Чыноўнікі не губляюць аптымізму і вераць, што праз 4 гады ў Менску будзе вырашаная праблема са студэнцкім жытлом, бо ў сталіцы паўстане 27 новых інтэрнатаў.

Сёньня стала вядома пра канчатковае рашэньне закрыць інтэрнат БДУ № 3 на вуліцы Курчатава зь 1 верасьня 2011 году. Рэктар унівэрсытэту Сяргей Абламейка кажа, што рэканструкцыя яго зойме два гады, то бок трэба пасьпець да чэмпіянату па хакеі ў 2014 годзе.

Аднак у абяцаньні адукацыйных чыноўнікаў верыць цяжкавата, асабліва калі прыгадаць, колькі разоў пасоўваліся пляны па ўзьвядзеньні студэнцкай вёскі. Нагадаем, ад пачатку плянавалася, што студэнцкую вёску адчыняць ўжо у 2009-м, і яна будзе складацца з 8 інтэрнатаў на 9 тысячаў месцаў, а таксама паліклінікі, крытага катку, фізкультурна-аздараўляльнага цэнтру, гандлёвага цэнтру, гасьцініцы, кавярні і аддзяленьня банку. Але ў прызначаны час у вёсцы было адчынена роўна нуль інтэрнатаў. Да зімы 2010 пасьпелі пабудаваць толькі адзін на 1030 месцаў, які перадалі найбольш прэстыжным факультэтам БДУ: юрыдычнаму і міжнародных адносінаў.

У 2010 годзе абяцалі адчыніць яшчэ два інтэрнаты, але гэтага зрабіць не пасьпелі. Пляны скончыць працы да 2013 году зноў былі пасунутыя. Цяпер новая лічба сканчэньня працаў — 2015 год. Да гэтага часу абяцаюць канчаткова вырашыць праблему з жытлом для студэнтаў. Цяпер яго не хапае 40% жадаючых атрымаць пакой у інтэрнаце.

Якія інтэрнаты зачынілі ці будуць зачыненыя?

  • БДУ, № 4 (праспект Пераможцаў);
  • БДУ, № 3 (вул. Курчатава);
  • БДЭУ, № 5 (каля Ўсходняга вакзалу);
  • БДЭУ, № 6 (каля Ўсходняга вакзалу).

Галоўнае — засяліць туркмэнскіх студэнтаў

Аднак далёка ня факт, што нават фантастычныя лічбы ў 22 тысячы новых месцаў у 27 інтэрнатах вырашаць праблему жытла. Галоўны стымул для будаўніцтва інтэрнатаў для Мінадукацыі не патрэбы студэнтаў, а неабходнасьць зарабіць як мага больш грошаў на замежных студэнтах. Гэта прызнае і міністар адукацыі Сяргей Маскевіч. Якраз да 2015 году колькасьць такіх навучэнцаў плянуюць давесьці да 30 тысячаў (цяпер каля 9). Атрымліваецца, усе новыя месцы пойдуць на жытло для замежнікаў?

Так ці інакш, міністар адукацыі ўжо цяпер адзначае (насуперак папярэднім заявам у тым ліку і кіраўніка дзяржавы), што «нават будаўніцтва студэнцкай вёскі цалкам не ліквідуе дэфіцыт месцаў у інтэрнатах для студэнтаў».

Якія інтэрнаты абяцаюць хутка адчыніць?

  • БДПУ. Студвёска — кастрычнік 2011;
  • БДУ. Інтэрнат № 7 — лета 2011;
  • БНТУ. Уручча. 2014 год;
  • БДУ, БНТУ, … агулам 5 інтэрнатаў у студвёсцы да 2013 году.

А пакуль на рэканструкцыю перад чэмпіянатам сьвету зачыняюць усё новыя і новыя інтэрнаты, уладам тэрмінова прыходзіцца шукаць месца для засяленьня хаця б некалькіх студэнтаў. У выніку, пацясьніцца прыйдзецца ўжо навучэнцам ПТВ:

«Для таго каб не дапусьціць часовага яшчэ большага пагаршэньня зь месцамі, прымаюцца пэўныя меры. У прыватнасьці, плянуецца выкарыстоўваць рэзэрв месцаў у інтэрнатах ПТВ і сярэдніх спэцыяльных навучальных устаноў і прадпрыемстваў», — заявіў нядаўна Сяргей Маскевіч. У прыватнасьці, летам скончаць рамонт нейкага «вялікага будынку», які аддадуць студэнтам БДУ.

У чаканьні закрыцьця чарговага інтэрнату на тэрміновую рэканструкцыю перад чэмпіянатам студэнтам нічога не застаецца, як абмяркоўваць чуткі аб тым, куды іх высяляць, і шкадаваць, што дарэмна пераклейвалі шпалеры ў пакоі: «зачыняюць нас!».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0707 seconds.