Той самы «дылетант» завітаў на гістфак БДУ

Незвычайная сустрэча з Юрыем Жыгамонтам прайшла на гістарычным факультэце БДУ. Жадаючых трапіць на размову было так шмат, што замест аўдыторыі давялося акупаваць цэлую актавую залю. Кіроўца вежавых кранаў, а менавіта такую спэцыяльнасьць мае вядомы тэлевядучы паводле першай адукацыі, распавёў студэнтам пра тэлебачаньне і тэатар, мову і грошы, тыповага беларуса ды сям’ю, а таксама, чаму яго не сустрэнеш у сацыяльных сетках.

Юрый Жыгамонт
Фота Алы Бібікавай

Актор і журналіст Юрый Жыгамонт нарадзіўся ў вёсцы Дзямідаў Нараўлянскага раёну. Паводле першай спэцыяльнасьці, атрыманай у ПТВ, вядомы тэлевядучы зьяўляецца кіроўцам вежавых кранаў і нават пасьпеў папрацаваць на будоўлі. Аднак пазьней Жыгамонт падаўся ў тэатральна-мастацкі інстытут, пасьпяхова скончыў яго і пайшоў у Тэатар юнага гледача. Цяпер «дылетанта» можна пабачыць у спэктаклях «Маленький лорд Фаунтлерой» і «Тарас на Парнасе». Аднак найбольш Юрый Жыгамонт вядомы праз тэлепраект «Новыя падарожжы дылетанта». Дарэчы, паводле галасаваньня, наладжанага «Комсомольской правдой в Белоруссии» Юрый прызнаны любімым тэлевядучым на тэлеканале «СТВ» 2010 года. Захапляцца гісторыяй ён пачаў яшчэ ў дзяцінстве, а свой радавод цяпер раскапаў да восьмага калена. Самымі дарагімі для сябе кнігамі Жыгамонт лічыць Біблію і паэму «Новая зямля» Якуба Коласа.

Юрый Жыгамонт


Юры Жыгамонт на гістфаку БДУ. Здымкі Зьмітра Суліменкі.

«Калі чалавек ведае свае карані, сваіх каралёў ці князёў, то гэта ня значыць, што ён гісторык», — толькі ўвайшоўшы ў залю, заявіў Юрый Жыгамонт, пакрэсьліўшы, што ён ніякі не гісторык, а сапраўдны дылетант. Хоць Жыгамонт і прыйшоў у звычайным швэдры ды без свайго легендарнага капелюша й валізы, аднак студэнты-гісторыкі спраўна папыталі «дылетанта» і пра перадачу, і пра асабістае. Прыводзім вытрымкі з той незвычайнай сустрэчы.

Пра гісторыю

Цікавасьць да гісторыі пачала праяўляцца ў год пяць. Аднойчы мы з бацькам касілі луг, потым неяк ён сеў і заплакаў. І сказаў мне, што ўсё гэтае поле калісьці належала твайму дзеду. Я падумаў, а хто ж мой дзед?

Я і ня думаў паступаць на гістфак, а вырашыў пайсьці ў акторы. Запрасілі на ролю ў Тэатар юнага гледача, там і застаўся.

Пра «Новыя падарожжы дылетанта»

Запрасілі на праграму, на пробы, і я, шчыра кажучы, ніколі ня думаў, што яна праіснуе 10 гадоў.

На адну праграму ідзе дзень, а я мару, каб на праграму давалі хаця б тыдзень і мы маглі выходзіць два разы на тыдзень. За дзень спрабуеш усё ахапіць і распытацца ў людзей пра мястэчка. Жывем у накірунку — бібліятэка, тэлебачаньне, тэатар.

У падарожжах зьвяртаю ўвагу на ўсё. І на побыт, і на абрады. Бывае вёска, дзе столькі ўсяго шмат, а расказаць у 26 хвілінах проста немагчыма.

Пра выпадкі

Хочацца данесьці людзям, што ў нас вельмі цікавая гісторыя. Вось вам цікавы выпадак. Прыехалі ў вялікую вёску, а там дзед і адна карова на ўсю ваколіцу. На пытаньне, чаму так склалася, ён адказаў што карову трымаюць лянівыя — тыя, каму лянота ў магазін за малаком хадзіць!

Яшчэ гісторыя. У Косава было калісьці ўсё завалена, а праз два тыдні пасьля перадачы пачалі адбудоўваць. Калі людзі даведваюцца, што гэта ня проста камяні, то яны самі пачынаюць нешта рабіць.

А яшчэ першыя швэйцарскія гадзіньнікі вырабляліся на Дуброўна. Рабілі іх беларусы, вельмі добрыя былі гадзіньнікі.

Пра энэргетыку мясьцінаў

Я ўсе мясьціны сам выбіраю. Матэрыял зьбіраю ўвесь сам па бібліятэках, архівах, праз сяброў-гісторыкаў. Калі ў месцы было шмат бітваў, людзі гінулі, то энэргетыка там вельмі цяжкая. А калі ў месца прыяжджаеш, дзе шмат храмаў, месца намоленае, то там нашмат лягчэй. Я больш люблю здымаць на захадзе, бо там больш захавалася.

Пра тэлебачаньне і тэатар

Тэлебачаньне для мяне як нейкая падпрацоўка. Але калі паставілі б пытаньне рубам: тэатар ці тэлебачаньне, то я б займаўся праграмай. Гэта зараз ужо маё жыцьцё. А ў тэатры я хацеў бы сыграць ролю Алеся Загорскага.

Пра мову

Яна на працягу часоў увесь час забаранялася. Душа — гэта мова. Гэтае выпрабаваньне дадзенае нам, мы не губляем веру ў тое, што гэта нашая зямля, гэта Беларусь.

Пра 25 сакавіка

25 сакавіка — дзень нараджэньня краіны. У гэты дзень п’ю каву і адзначаю зь сябрамі.

Пра сям’ю

Так склалася, што я разьведзены. Засталася адна дачка. Сям’я — гэта тое, што цябе ахоўвае. У нас было зь дзяцінства зьбіраліся ўсёй сям’ёй, сенам раскласьці стол, у нас усё засталося.

Пра грошы

Калі б меў грошы і магчымасьці на аднаўленьне аднаго помніку? Хм, аднавіць мне хацелася б ня тое што помнік, а Вялікае Княства Літоўскае.

Пра тыповага беларуса

Аднойчы знаёмая мне сказала: «Юра, когда я увидела вас в национальном костюме, то я всё поняла». Вось вам цікавая гісторыя. Аднойчы трэба было здаць гадзіньнік у рамонт. Я даю грошы, у мяне дзесяці рублёў няма, і мне кажуць — ня трэба. Я кажу давайце дам тысячу. Потым усё добра, піша паперу. Як прозьвішча? Жыгамонт. Як-як? Жыгмант? Што ж вы Жыгмант сразу не сказали, ваши уехали!

Пра напісаньне кнігі

Я вам шчыра скажу, што ў школе вучыўся на адныя двойкі… І каб мне напісаць кніжку?!

Пра натхненьне

Натхненьне мне дае мая зямля і мае продкі.

Пра хобі

Камяні зьбіраю. Сам камень мне вельмі падабаецца. Прыяжджаю ў вёску і зь яе вельмі цікавы каменьчык прывожу. А яшчэ падковы зьбіраю.

Пра Інтэрнэт

Я наогул інтэрнэтам не карыстаюся!

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.3156 seconds.