Прыхільнікі самі выканаюць песьні «Ляпіса Трубяцкога»

Пасьля адмены менскіх, а потым і рэшты ўсіх канцэртаў па краіне «Ляпіса Трубяцкога», яго прыхільнікі ў Менску плянуюць наладзіць флэшмоб. Па прыкладзе Гомелю плянуецца супольнае выкананьне песень забароненага гурта. У трэк-ліст уключаныя 4 песьні.


На менскі канцэрт «ЛТ» ў сакавіку 2009 прыходзілі болей за 9 тысячаў прыхільнікаў гурта

«Доўгачаканы красавіцкі канцэрт скасавалі чорныя сілы зла, але мы так проста не здамо квіткі на радасьць бяздушным уладальнікам гумовых палачак і чорных шапачак», — удзельнікі флэш-мобу дамовіліся 2 красавіка а 19 гадзіне прыйсьці здаваць квіткі ў клюб, але заадно супольна выканаць песьні «Ляпіса Трубяцкога», якія «напоўняць веснавы вечар радасьцю і шчасьцем».

На падобны флэш-моб у Гомелі прыйшлі некалькі дзясяткаў прыхільнікаў гурта, у тым ліку першымі прыехалі міліцыянты і кэгэбісты ды затрымалі журналіста, які плянаваў здымаць акцыю на відэа. Ва ўдзельнікаў правяралі дакумэнты, аднак яны ўсё адно прасьпявалі некалькі песень «Ляпісаў» і NRM.

Менскія ініцыятары гатовыя да прыходу традыцыйных удзельнікаў вялікіх беларускіх канцэртаў па форме і без. Для тых, каго пужае такая пэрспэктыва, прапануецца асабліва зьвярнуць увагу на адсутнасьць у сябе алькаголю, нецэнзурнай лексыкі і «незарэгістраванай» сымболікі.

vojur 10:25, 29/03/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0621 seconds.