Каля 50 чалавек сьпявалі песьні на флэшмобе супраць забароны канцэрта «Ляпісаў» у Гомелі

Нягледзячы на зьмену заплянаванага месца і часу флэшбома паглядзець на тых, хто будзе сьпяваць песьні «Ляпісаў», першымі прыехалі міліцыянты і кэгэбісты. Прыехалі і затрымалі журналіста, які зьбіраўся здымаць акцыю на відэакамэру. Ва ўдзельнікаў правяралі дакумэнты, аднак яны ўсё адно прасьпявалі некалькі песень «Ляпісаў» і NRM.


Фотаздымкі: Сяргей Шырокі

Флэшмоб быў заплянаваны для таго, каб прыцягнуць увагу да забароны канцэрта «Ляпіса Трубяцкога» ў Гомелі, які мусіў адбыцца сёньня. Удзельнікі зьбіраліся праз Vkontakte, таксама інфармацыя пра акцыю разышлася па некалькіх інтэрнэт-выданьнях. У апошні дзень дзеля бясьпекі арганізатары вырашылі зьмяніць месца і час акцыі, напісаўшы пра гэта ў суполцы.

Новае месца было прызначанае каля Цэнтральнага рынку ў 15.00. Аднак і там удзельнікаў флэшмобу чакалі міліцыянты. Яшчэ перад пачаткам акцыі яны затрымалі журналіста зь відэакамэрай. Пазьней яго адпусьцілі, узяўшы на экспэртызу пасьведчаньне.

— Супрацоўнікі АМАПа засумняваліся ў маім пасведчаньні і запрасілі мяне для высвятленьня ўсіх акалічнасьцяў у Цэнтральны раён. Яны склалі пратакол канфіскацыі майго пасьведчаньня, а таксама ўзялі ў мяне тлумачэньні наконт падзеяў на рынку. Я сказаў, што выконваў там свае прафэсійныя абавязкі - прысутнічаў у якасьці журналіста на мерапрыемстве з мэтаю напісаць паведамленьне, — распавёў Алег Ражкоў Радыё Рацыя.

Удзельнікі акцыі ацэньваюць лічбу тых, хто прыйшоў, у 50 чалавек і пішуць, што ў цэлым задаволеныя, што флэшмоб атрымаўся.

vojur 18:17, 13/03/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0818 seconds.