Ляпіс Трубяцкой: «Утылізацыя — галоўнае слова ў сучаснай поп-культуры!»

Ляпіс Трубяцкой, Ляпис Трубецкой

Да менскай прэзэнтацыі ўжо нашумелага «Маніфэсту» Ляпісы пасьпелі аб’езьдзіць з альбомам Расею, пакуль беларускія прыхільнікі на памяць вучылі ўсе песьні. Палац спорту не разваліўся, хоць і хадзіў хадуном ад накалу жарсьцяў на сцэне і ў залі, у якой сабралося 9000 чалавек. Міхалок ужо традыцыйна «астрыў» вершаванкамі, а ашалелыя прыхільнікі ледзь ня зьнесьлі агароджу пад сцэнай. Рэпартаж і вялікі фотаблог з канцэрту — на Generation.bY.

Панядзелак, 9 сакавіка, 19:00, а перад Палацам спорту нязвыкла людна — такую доўгую чаргу цяжка прыпамятаць. У абсалютна разнамасным натоўпе і маладыя фанатачкі «Капіталу» й «Маніфэсту», і даўнія аматары Ляпісаў разьліву «Ау-ау», студэнты, бізнэсоўцы, дыпляматы. Замінкі з трапленьнем у залю ўзьніклі з-за надта пільнага дагляду прыхільнікаў з боку службы аховы. Пратрасалі ўсё і амаль ва ўсіх.

Ляпіс Трубяцкой, Ляпис Трубецкой

А ў залі ў гэты час публіку разагравалі Drum Ecstasy. Накал быў ня толькі на сцэне з-пад дрылі Філіпа Чмыра, але й наўпрост пад сцэнай. Запоўнены танцпляц агульнай масай ціснуў на мэталічныя агароджы.

Ляпіс Трубяцкой, Ляпис Трубецкой

У нейкі момант падалося, што прысутныя журналісты ахвяруюць сабой пад нагамі фанатаў, якія ледзь ня зьнесьлі агароджу ў імкненьні пабліжэй прабіцца да сцэны. Але ахова спрацавала хутка і на працягу канцэрту працягвала «умацоўваць» агароджу ня толькі тэхнічна, але і ўласнымі целамі.

Ляпіс Трубяцкой, Ляпис Трубецкой

«К нам приехал Трубецкой — он как Элвис, но живой!»

І панеслася! «Золотая антилопа», «Капитал», «Рамонкі», «Рок-Пупсы» — ля трыццаці песень, сярод якіх і дзьве цалкам новыя. Перад кожнай песьняй — поўная мэтафараў рэпліка ад Міхалка альбо верш. «Каб унесьці некалькі дысанансных нотаў у агульную сымфонію нашага павальнага беларуска-індзейскага сяброўства», Міхалок аб’яўляе «Галяктыку».

«Важныя людзі абазначылі вэктар нашага сяброўства. Нам — людзям з клетак — не дазваляюць сябраваць з кім папала. Паўднёвая Амэрыка — вось ён, кавалак сушы, дзе знаходзіцца сэрца кожнага патрыятычна скіраванага беларуса. Вось яно — золата партыі: хто мае зьвязку сасісак, цэніцца ў сучаснага эштэблімэнту болей, чым той, хто мае тузін залатых зубоў!» — з патасам і распасьцёртымі рукамі вяшчае са сцэны Міхалок.

Ляпіс Трубяцкой, Ляпис Трубецкой

«Пра фалаімітатары непрыгожа жартаваць, але пра залатыя яйцы мроіць кожны малыш у нашай краіне!»

«Дэвайсы – вось гэтае папулярнае слова! Кожны з нас адчувае сябе кібаргам і прагне зьмяніць сябе, устаўляючы залатыя зубы і новыя грудзі. Мы замяняем сабе органы: ногі і мазгі, вочы і вушы, малюем новыя бровы, і думаем, што менавіта гэты анфас можа зрабіць уражаньне на нашых нябесных саюзьнікаў. А зараз песьня, якая папярэднічала гэтай хвалі цюнінга і дэвайсаў. Пра фалаімітатары непрыгожа жартаваць, але пра залатыя яйцы мроіць кожны малыш у нашай краіне, прычым любога полу!» — прадстаўляе Міхалок чарговую песьню.

Як па сцэнары на высачэзную сцэну міма аховы выскоквае «малыш», імгненна праносіцца побач з музыкамі і саскоквае зь іншага боку. Ногі здаецца цэлыя — ахова пацягнула на выхад чарговага экстрэмала.

Хапала і экстрэмалак — дзяўчаты ўскоквалі на рукі людзей на танцпляцы і «кіраваліся да сцэны», жорстка змагаліся за кінутыя ў натоўп «ляпісамі» бубнавыя палачкі і, зрываючы галасы, клікалі па імёнах сваіх куміраў, якія ў песьні «Сабакі» скардзяцца, што «не вітаюцца зь імі модныя артысты і не бяруць аўтографы суседкі». Здаецца, ужо бяруць — дзяўчаты пад сцэнай спрабавалі падгаварыць мяне сьцягнуць для іх трэк-ліст са сцэны — «хоць штосьці на памяць». Музыкі ж не забыліся на нядаўняе 8 сакавіка і віншавалі «баявых сябровак, кіраўнічак рознага рангу, хатніх гаспадынь і глямурных лайдачак са сьвятам працоўных жанчын».

Адной з галоўных інтрыгаў канцэрту было пытаньне, ці зайграюць Ляпісы ў Палацы Спорту Belarus Freedom. Зайгралі! А ў шасьцітысячным танцпляцы зьявілася два бел-чырвона-белыя сьцягі.

Ляпіс Трубяцкой, Ляпис Трубецкой

Нават калі б ахова вырашыла іх традыцыйна «ліквідаваць» — наўрад ці атрымалася б. Прабрацца ў гушчу натоўпу, зрэшты, як і выбрацца, ня было ніякіх шанцаў на працягу ўсяго канцэрту. Ды й ахова ў форме сама радавалася сузіраньню Ляпісаў. А некаторыя пасьпявалі і працаваць і рабіць здымкі на памяць.

Ляпіс Трубяцкой, Ляпис Трубецкой
Музыка Ляпісаў натхняе на творчасьць на працоўным месцы :)  

«Жыцьцё без свабоды — нішто! Таму ня будзем забываць, што ў розных путах і аковах зьбіраюцца бактэрыі, утвараюцца пролежні і гематомы, якія кіруюць чалавекам знутры, пачынаючы зь ягонага эпідэрмісу і паступова ахопліваючы ягоны мозг. Я думаю час нагадаць аматарам розных астральных оргій, што наручнікі харашы ў групавых оргіях на зьездах розных сьвінгераў. А мы ўступаем у кантакты выключна на добраахвотных пачатках!» — выказаўся пасьля выкананьня Belarus Freedom Міхалок.

«Касьмічны цырк аўтсайдэраў», як зараз называюць сябе «Ляпісы», у найлепшай фізычнай форме. Ці не палову канцэрту Міхалок і кампанія правялі ў стане «палёту», скочучы і сьпяваючы старыя і новыя гіты.

Ляпіс Трубяцкой, Ляпис Трубецкой
Цуды акрабатыкі ад Міхалка 

Вядома, што сучасны «Ляпіс Трубяцкой» — гэта ўжо зусім ня той «ляпіс», які сьпявае пра «зеленоглазое такси» ці «Ау, ау, я тебя всё равно найду». Але сучаснасьць, у тым ліку магчымасьці Сеціва, не даюць музыкам пахаваць свае ранейшыя гіты.

«Многія музычныя аматары ператвараюцца ў археолягаў — яны як архіварыюсы сочаць за эвалюцыяй кожнага музычнага калектыву і адзначаюць у сваіх ЖЖ мэтамарфозы, якія адбываюцца з артыстамі. Менавіта яны наступаюць на шыю нашаму нэафутурызму і адкідаюць нас назад на дзесяцігодзьдзі, каб мы эксгумавалі некаторыя творы мастацтва са сваёй незгаральнай калекцыі песеннага фэйку. Яны забываюць, што ўтылізацыя — гэта галоўнае слова ў сучаснай поп-культуры!» — прамаўляе Міхалок, аб’яўляючы старую «Ты кінула» і папярэжджвае: «Ня топайце, ня хлопайце, бо яна можа разваліцца ад часу».

«Всё, ребята, харэ! Отработали лавэ!» — але і гэта яшчэ ня ўсё. Музыкі адпрошваюцца ў душ і прыбіральню і зьнікаюць на некалькі хвілін, папярэдзіўшы, што гэта не «папсовы трук». А пасьля перапынку яшчэ адна ўдарная музычная доза ад «Ляпісаў» ужо стомленым прыхільнікам з прэзэнтацыяй дзьвюх новых песень — «Буревестник» і «Веселые качки».

Ляпіс Трубяцкой, Ляпис Трубецкой

«Мы — завадзкія рабяты, але мы зьбярэм стадыёны!» — працягвае Міхалок. І хочацца зьмяніць час ва ўжо культавым вершы Юзіка Кілевіча (ён жа Міхалок): «І мы зьбіраем стадыёны!»

Глядзіце яшчэ 50 здымкаў з канцэрту ў фотаблогу Generation.by

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0604 seconds.