Беларуская літаратура не прадаецца

На фоне партрэтаў беларускіх селебрыці, якія занятыя працэсам галеньня, некалькі дзесяткаў беларускіх літаратараў у дзень сусьветнай паэзіі раздаюць каштоўныя літпрызы маладзейшым калегам. У першых шэрагах вялікай залі галерэі «Ў», дзе адбываецца цырымонія, суцэльны олдскул: ад, падаецца, толькі сышоўшага з падручнікаў клясыка Генадзя Бураўкіна да вечнага сябра барыкадаў Уладзіміра Арлова. Далей — бяз’іменныя для шырокай публікі ваяры розных рэдактарскіх франтоў, якія, мабыць, пасьпелі патрымаць у руках яшчэ рукапісы Караткевіча і Быкава. Вакол літаратурных пэнсіянэраў — цікаўная моладзь з тунэлямі ў вушах ды хіпсьцерскімі агулярамі. Шмат хто зь іх між унівэрскімі парамі папісвае ў нешматлікія беларускія літаратурныя часопісы.

У гэтым годзе літаратурная прэмія «Дэбют» імя Максіма Багдановіча, заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам і Саюзам беларускіх пісьменьнікаў, раздаецца ўпершыню. Пераможцы, маладыя літаратары да 35 гадоў, якія напісалі нешта вартае па-беларуску і выдалі гэта ў 2010, выбіраюцца тымі самымі старэйшымі калегамі зь першых шэрагаў, і атрымліваюць вялікія мэдалі з выявай Максіма Багдановіча ды важкімі капэртамі.


Адзін зь сябраў журы, пісьменьнік Уладзімір Арлоў, вядомы сваімі гістарычнымі творамі, раскрывае сакрэт сродкаў на прэмію: беларускай літаратуры наважыўся дапамагчы нікому дагэтуль не вядомы расейскі бізнэсоўца Павал Бераговіч, які ў час турэмнага зьняволеньня вырашыў разабрацца ў сваіх каранях і выявіў, што насамрэч ён беларус. Падвучыўшы мову, Бераговіч адправіўся ў Беларусь, упершыню ў жыцьці, дзе спрычыніўся да заснаваньня ўзнагароды для маладых беларускіх пісьменьнікаў, паэтаў і перакладчыкаў.

«Я сапраўды ўскладаю вельмі вялікія надзеі на гэту прэмію», — сумны голас галоўнага рэдактара часопісу «Дзеяслоў» Барыса Пятровіча вымушае паверыць, што надзеі гэтай усё меней і меней. Па словах пісьменьніка, які за 7 гадоў кіраўніцтва літаратурным часопісам пабачыў нямала талентаў, у далейшым згубленых ці наадварот распусьціўшыхся, цяпер у белліце талентаў усё меней, бо «беларуская мова вывучаецца як факультатыўная», дый агулам у нашых школах вучаць не таму і ня так, як раней.

«У гэтым годзе нам вельмі цяжка далося рашэньне, каго назваць ляўрэатам прэміі „Залаты апостраф“, — распавядае Пятровіч пра штогадовую прэмію свайго часопісу, самым скандальным ляўрэатам якой стаў Франак Вячорка за тэкст „Ліза“. — Спачатку мы прынялі рашэньне, што ня будзем нікога называць. Але пасьля мы падумалі, што лепей памылімся і кагосьці падтрымаем, чым не падтрымаўшы памылімся».

Самы цікавы беларускі часопіс — Жывы

Андрэй Хадановіч

Адзін з самых энэргічных фігур беларускай літаратуры, старшыня ПЭН-цэнтру і паэт Андрэй Хадановіч у час выступу Пятровіча задуменна пагладжвае сваё бародку. Паўсюдны Хадановіч яшчэ, падаецца, не зьбіраецца забіваць цьвікі ў труну белліту: ён поўны аптымізму, які яму надаюць сацыяльныя сеткі і Сеціва.

«Мяне пытаюцца, які самы цікавы часопіс? Я адказваю — „Жывы часопіс“. Там я чытаю сотню маладых цікавых людзей», — кажа Хадановіч на канфэрэнцыі аб нашай літаратуры, арганізаванай нямецкімі фондамі. Па яго словах, Інтэрнэт — пакуль самае нецэнзураваная аўдыторыя, і таму там жывуць праекты, што «руйнуюць стэрэатыпы: „Літаратурнае радыё“, праекты праз YouTube».

«Зьяўляюцца праекты, якія працуюць з дыялектамі, трасянкай, якія робяць выбухова-небясьпечны кактэйль, зьмешваючы тое, што раней было табуявана зьмешваць».

Пэўны аптымізм захоўвае і старэйшы за Хадановіча пісьменьнік Арлоў:

«Пачуцьці ў мяне былі дастаткова супярэчлівыя, калі ўпершыню я даваў аўтографы на інтэрнэт-вэрсіях маіх твораў», — дзеліцца ўражаньнямі Ўладзімір Арлоў.

Аднак у Арлова сваё поле бітвы:

«Мы жывем у несвабоднай краіне, дзе непазьбежна існуе праблема суадносінаў мастака і ўлады, — кажа Арлоў. — Аднак няма лепшых ці горшых часоў для літаратуры, як няма лепшых ці горшых часоў для каханьня. Я пішу свае кніжкі ў сябе на радзіме — на беларускай мове».

«Для кагосьці літаратурныя сустрэчы — гэта мяккі, інтэлігентны варыянт мітынгу, дзе ніхто па галаве ня стукне, камусьці трэба адчуваюць сваю прыналежнасьць да эліты. Ты як рок-музыка прызвычайваесься да гэтага адрэналіну чаканьня слова», — дзеліцца ўласным успрыманьнем літаратурнай творчасьці Хадановіч.

Як «Бліскучае пакаленьне» ўвайшло ў белліт

«Беларуская літаратура ёсьць [тут нехта зьлева ад мяне працягла ўздыхае], — каб узнагародзіць лепшую дэбютантку 2010 Насту Лабаду за пераклад са швэдзкай кнігі Тувэ Янсан „Маленькія тролі і вялікая паводка“ ў цэнтар залі выходзіць 74-гадовы паэт Генадзь Бураўкін, — беларуская літаратура разьвіваецца, і таленты прыходзяць, і таленты вельмі пэрспэктыўныя. Дай Божа, каб усё тое, што мы казалі пра іх пэрспэктывы, спраўдзілася».

На гэтых словах паэт дастае ўласны зборнік, адкуль чытае нешта пра «бізнэсмэнаў, якія ў цане», і паэтаў, адпаведна, «у загоне». Калі чарга чытаць сваё даходзіць да маладзейшых дэбютантаў, тыя, як Анка Ўпала, упэўнена згладжваюць адсутнасьць уласных зборнікаў чытаньнем твораў з камунікатараў. Анка ўвайшла ў шорт-ліст прэміі, аднак галоўная ўзнагарода дасталася іншай дзяўчыне — Наталцы Харытанюк за кнігу «Трынаццаць гісторый пра мёртвага катА».

«Мала хто пасьпеў зьвярнуць увагу, што ў беларускую літаратуру ўвайшло бліскучае пакаленьне. І гэтыя людзі фактычна ня маюць дзе публікавацца, — кажа за некалькі месяцаў да абвяшчэньня пераможцаў прэміі імя Максіма Багдановіча Андрэй Хадановіч. — Альбо ёсьць часопісы, што падтрымліваюць усё, што не падтрымліваецца дзяржавай, альбо вядомы холдынг, пасьля зьяўленьня публікацый у якім літаратар спрабуе гэта асабліва не афішаваць».

«Ёсьць меркаваньне, што беларуская літаратура — гэта інтэлектуальная рэзэрвацыя, — лічыць паэт Дзьмітры Дзьмітрыеў. — Але бяз мэнэджмэнту, без зацікаўленьных людзей ты знаходзішся ў рэзэрвацыі ў рэзэрвацыі. Бракуе ў нас мэнэджмэнту. Але што з гэтым рабіць, шчыра кажучы, ня ведаю».

Пераможцы першай прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча


Віталь Рыжкоў за зборнік паэзіі «Дзьверы, замкнёныя на ключы» ў намінацыі «Паэзія»


Наталка Харытанюк за кнігу «Трынаццаць гісторый пра мёртвага катА» ў намінацыі «Проза».


Наста Лабада за пераклад са швэдзкай кнігі Тувэ Янсан «Маленькія тролі і вялікая паводка» ў намінацыі «Мастацкі пераклад»


Вольга Цьвірка за пераклад са швэдзкай кнігі Мікаэль Ніёмі «Папулярная музыка зь Вітулы» ў намінацыі «Мастацкі пераклад».

Хто яшчэ атрымаў узнагароды, глядзім у вялікім фотарэпартажы зь літаратурнай прэміі «Дэбют»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0643 seconds.