Email згубіў дэфіс, а «smart phone» цяпер — два словы

У стылістычны дапаможнік для ангельскамоўных СМІ унесеная сур’ёзная зьмена: з гэтага часу у мэдыях рэкамендуецца пісаць скарачэньне ад «электронная пошта» як email, а не e-mail. Злучок, аказваецца, ёсьць «рэліктам старых часоў, калі інтэрнэт-тэхналогіі трэба было тлумачыць чытачам вельмі асьцярожна».


Беларускі кампутарны слоўнік ужо даўна падае назоў электроннай пошты ў мадэрновым выглядзе. Слоўнік, які ствараецца валянтэрамі ў Сеціве, мае болей за 2 000 слоў

Мова праз узьдзеяньне Сеціва мяняецца так хутка, што самі мовазнаўцы ўжо пачалі губляцца ў гэтым наплыве «смартфонаў», «рэтвітаў», «адфрэндаў» і «э-рыдэраў». Гэта зазначаюць укладальнікі штогадовага дапаможніка для журналістаў AP Stylebook. У мінулагодняй вэрсіі свайго выданьня яны ўвялі ў афіцыйную мэдыйную мову 42 новых тэрміны, якія нарадзіліся дзякуючы Інтэрнэту.

Сярод іншага рэдактары найбуйнейшай навіннай агенцыі AP вырашылі замяніць слова «Web site» на «website». «Smart phone» цяпер прапануецца пісаць у два словы, а «e-reader» са злучком.

У параўнаньні зь іншымі тэндэнцыямі, «расправа» над email выглядае яшчэ не такой жорсткай. У афіцыйную ангельскую мову цяпер уваходзяць такія сеціўныя славечкі, як «трэндынг», «рэтвіт» і «адфрэндзіць», а таксама некаторыя папулярныя акронімы з падлеткавага інтэрнэт-слэнгу. Сярод іх BRB, G2G і POS («parent over shoulder»: бацька за плячом).

Укладальнікі ангельскіх слоўнікаў спраўна назіраюць за «сацсеткавымі» зьменамі ў мове. Так, слова «Unfriend» альбо «адфрэндзіць» стала ў 2009 словам году ў ЗША па вэрсіі выдавецтва Oxford University Press. Раней тытул слова году па вэрсіі гэтага ж выдавецтва атрымлівалі «гугліць» (2005) і «блог» (2006).

У слоўнік новых словаў беларускай мовы, які выйшаў напачатку 2009, ні «адфрэндзіць», ні «расшарыць» пакуль ня трапілі. Затое ёсьць словы «сеціва», «юзер» і «блог». Трапіў туды і «вэб», прызнаны ў ЗША галоўным словам дзевяностых. Гледзячы па слоўніку, у апошнія гады ў беларускую мову прыйшло нямала словаў зь інфарматыкі, што адпавядае сусьветным тэндэнцыям.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0593 seconds.