Бамонд у лазанцы: адкрылася фотавыстава беларускіх віпаў

Валасатыя напампаваныя ручышчы Сяргея Міхалка з абавязковымі татухамі, Уладзімір Цэсьлер, што замест зайздроснай барады голіць лысую галаву, Аляксандр Памідораў, які вялізнымі нажніцамі спрабуе падрэзаць свае вусы — усё гэтыя фотапартрэты Мікалая Батвіньніка выстаўленыя ў галерэі «Ў».

Усе героі фотавыставы Мікалая Батвіньніка «Бег па лязе брытвы» — вядомыя і ня вельмі беларускія мужчыны, якія голяцца, альбо робяць адпаведны выгляд.

«Большасьць герояў гэтага праекту — людзі, якіх вы добра ведаеце, менавіта гэтыя людзі і робяць атмасфэру нашай краіны», — тлумачыць арт-дырэктарка галерэі Ганна Чыстасердава. І прызнаецца — за апошнія паўгады ў галерэі ўсё часьцей зьяўляюцца выставы, прысьвечаныя беларускім віпам.

А паколькі гэтых самых «грамадзкіх дзеячоў і бізнэсоўцаў» у нас ня так і шмат, то некаторыя літаральна качуюць з адной выставы ў іншую. Так, лідэр гурта «Ляпіс Трубяцкой» Сяргей Міхалок ужо, падаецца, мае замацаванае месца для экспазыцыі ўласнай выявы ў правым куце галерэі. Гэтым разам ягонае татуяванае плячо выглядае з-за суседняга фота ягонага ж прадусара Яўгена Калмыкова.

Насупраць Міхалка яшчэ адзін вядомы беларус — дызайнэр Уладзімір Цэсьлер. Менавіта ён у свой час натхніў 39-гадовага фотамастака, кліпмэйкера і выкладчыка Мікалая Батвіньніка на гэту сэрыю з 35 фота беларускіх мужыкоў з галілкай.

«Калі чалавек голіцца, ён застаецца самім сабой. Ён не гуляе — ён такі, які ёсьць, — кажа Батвіньнік. — Я проста казаў героям: „уявіце, што я люстэрка“. І людзі адразу раскрываліся».

Па словах фотамастака, пэрсоны самі выбіралі, што і чым яны будуць галіць. У выніку, як спадзяецца Батвіньнік, з партрэтамі «атрымалася правакацыя», бо мастацтва такім і мусіць быць.

Наступствы ўласнай правакацыі Батвіньнік мог адчуць адразу ў час прэзэнтацыі: прадстаўнікі парталу gay.by асабліва доўга ўглядаліся ў адзіны фотаздымак, дзе былі сфатаграфаваныя адразу два хлопцы. «Чалавек не самотны. І, канешне, тут ёсьць 10% гомасэксуальнасьці. Як і ў любым грамадзтве», — супакоіў прыхільнікаў аднаполай любові фатограф.

Выстава будзе карысныя для аматараў калі не пачытаць, то паглядзець фоткі часопісу Esquire, а таксама тым, хто толькі робіць першыя крокі ў дыялёгу з брытвай, таму марыць падвучыцца тым ці іншым тэхнікам у беларускіх віпаў.

Выстава «Бег па лязе брытвы» працуе ў галерэі сучаснага мастацтва «Ў» да 31 сакавіка 2011 г.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0053 seconds.