Стыпэндыі для паўгадавога навучаньня ў любой ВНУ Нямеччыны

Абвешчаны конкурс на атрыманьне стыпэндыяў на навучаньне ў адной зь нямецкіх ВНУ ў зімовым сэмэстры 2011–2012 году. Галоўныя крытэры ўдзелу: беларускае грамадзянства, навучаньне як мінімум на трэцім курсе ВНУ, веданьне нямецкай мовы і актыўная грамадзянская пазыцыя. Важным таксама зьяўляецца ўдзел у палітычным жыцьці.

Нямецкія фонды адмыслова для беларускіх студэнтаў прапануюць стыпэндыі на навучаньне ў нямецкіх унівэрсытэтах. На працягу шасьці месяцаў — з 1 кастрычніка 2011-га па 29 лютага 2012 году — удзельнікі праграмы будуць атрымліваць стыпэндыю, якая пакрывае выдаткі на навучаньне і пражываньне ў Германіі.

Акрамя таго, заснавальнікі аплачваюць стыпэндыятам мэдыцынскую страхоўку, кампэнсуюць сродкі, выдаткаваныя на атрыманьне нямецкай візы, і аказваюць дадатковую падтрымку на месцы — па прыбыцьці ў Нямеччыну стыпэндыятам шукаюць жыльлё і дапамагаюць аформіць усе дакумэнты, неабходныя для залічэньня ва ўнівэрсытэт.

Жадаючыя ўзяць удзел у конкурсе на атрыманьне стыпэндыі мусяць:

  • прадставіць копію заліковай кніжкі;
  • скласьці прыкладны навучальны плян на час знаходжаньня ў Нямеччыне;
  • назваць тры нямецкіх унівэрсытэты, у якіх яны хацелі б вучыцца;
  • прадставіць пасьведчаньне аб валоданьні нямецкай мовай (напрыклад, даведку аб праходжаньні адпаведных курсаў або дыплём аб іх пасьпяховым заканчэньні);
  • папрасіць выкладчыка ВНУ на радзіме скласьці рэкамэндацыйны ліст і адправіць яго па адрасе belarus@gfps.de;
  • запоўніць электронную анкету на сайце Таварыства студэнцкіх абменаў з Цэнтральнай і Усходняй Эўропай;
  • прыкласьці да анкеты складзеныя на нямецкай рэзюмэ і матывацыйны ліст.

Шэсьць чалавек, якіх камісія вылучыць зь ліку ўдзельнікаў, будуць запрошаныя на сумоўе ў Менск.

Заяўкі на ўдзел у конкурсе на стыпэндыю прымаюцца да 31 сакавіка 2011 года.

Паводле матэрыялаў Deutsche Welle

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0677 seconds.