Туркмэнам у беларускіх унівэрсытэтах вучыцца таньней

Замежныя студэнты плацяць за беларускую адукацыю меней за беларускіх. І дзяржава ня здольная нічога зьмяніць: кітайскія ці туркмэнскія студэнты маюць у Беларусі болей правоў, чым іх беларускія калегі.

Нядаўняе пасьлявыбарчае падвышэньне аплаты за навучаньне ў ВНУ на 25–35% не закранула замежных студэнтаў. Бо зь імі заключаюць не такую дамову на навучаньне, як зь беларусамі. У прыватнасьці, у ёй няма пунктаў, паводле якіх аплата можа вырасьці з-за павышэньня заробкаў выкладчыкаў ды іншых працаўнікоў.

«Чаму «платнікам» паднялі кошт за навучаньне? Бо нам, выкладчыкам, перад выбарамі паднялі заробак, — цытуе «маладога супрацоўніка Беларускага дзяржаўнага унівэрсытэту Паўла П.» Белсат. — Яшчэ улетку я атрымліваў заробак Br 650 тыс. Увосень ён узьняўся да Br 1,1 млн».

У выніку з 2011 г. студэнтам ня толькі ўзьнялі кошты, але і прымусілі мінулым днём «даплаціць» за вучобу ў лістападзе і сьнежні 2010 г.

«Калі я раздавала аднагрупнікам квіткі на аплату, заўважыла, што сума ў кітайскіх студэнтаў сапраўды ніжэйшая на Br 200 тыс., — паведаміла Белсату стараста групы з юрыдычнага факультэту БДУ. — Хоць у заканадаўстве замацавана, што замежныя студэнты мусяць плаціць за адукацыю болей».

У рэктараце Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту адмовіліся камэнтаваць сытуацыю, спаслаўшыся на тое, што «падвышаць аплату замежным студэнтам ці не — унутраная справа ўнівэрсытэту і амбасады замежнай краіны».

У Беларусі 9182 студэнтаў-замежнікаў. Большасьць зь іх — туркмэны, расейцы і кітайцы. Апошніх болей за 1 200 чалавек. Каля 700 замежнікаў вучацца ў беларускіх ВНУ бясплатна. Месяц таму было абвешчана аб плянах ураду ў тры разы павялічыць колькасьць міжнародных студэнтаў у Беларусі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0578 seconds.