Vkontakte зачыняе рэгістрацыю і пазбаўляецца ад пірацкага кантэнту

Цяпер зарэгістравацца ў найбольш папулярнай у Беларусі сацыяльнай сетцы можна будзе толькі па запрашэньню ад вузкага колу асобаў. Уладальнікі сеткі тлумачаць зачыненьне магчымасьці рэгістрацыі турботамі аб бясьпецы карыстальнікаў, а таксама жаданьнем прымусіць іх прывязваць свае мабільныя нумары да профіляў. Таксама стала вядома аб выдаленьні з Vkontakte адмысловай службай болей чым мільёну пірацкіх відэа.

«Цяпер новыя карыстальнікі змогуць зарэгістравацца толькі па запрашэньні абмежаванага кола іншых асоб, якія ўжо зьяўляюцца сябрамі сацыяльнай сеткі», — паведаміў РІА «Новости» кіраўнік прэс-службы сацсеткі Ўладзіслаў Цыплухін.

Пры гэтым ён адмовіўся пракамэнтаваць, каму менавіта будзе нададзеная магчымасьць раздаваць запрашэньні.

Абмежаваньне на рэгістрацыю ўведзенае для таго, каб прадухіліць зьяўленьне пустых акаўнтаў. Такія профілі часьцей за ўсё выкарыстоўваюцца для стварэньня бачнасьці масавасьці, напрыклад, у групах карыстальнікаў.

Паводле інфармацыі CNews, яшчэ адной прычынай закрыцьця магчымасьці рэгістрацыі стаў клопат адміністрацыі сацсеткі аб бясьпецы карыстальнікаў. «Асноўная мэта новаўвядзеньня — заахвоціць карыстальнікаў „прывязаць“ свае ўліковыя запісы да мабільных тэлефонаў», што павінна спрасьціць аднаўленьне акаўнтаў у выпадку іх ўзлому альбо страты паролю.


Паведамленьне Паўла Дурава, якім было абвешчана аб закрыцьці рэгістрацыі

Мяркуецца, што немагчымасьць зарэгістраваць новы ўліковы запіс у выпадку страты старога, прымусіць карыстальнікаў асьцярожней ставіцца да існуючых акаўнтаў і «прывязаць» іх да нумароў сваіх мабільнікаў. З 111 мільёнаў зарэгістраваных Vkontakte акаўнтаў такая «прывязка» маецца толькі ў 30 мільёнаў. Агулам сетку штодзень наведваюць 23 мільёны чалавек.

Паводле допісу кіраўніка сацыяльнай сеткі Паўла Дурава, магчымасьць рассылаць інвайты пакуль атрымала толькі «некаторая частка» карыстальнікаў Vkontakte, у той час як асноўная маса карыстальнікаў зможа атрымаць абмежаваную колькасьць запрашэньняў пазьней.

Адміністрацыя сеткі пакуль не распрацавала мэханізм, паводле якога будуць вылучацца запрашэньні.

Пірацкага відэа Vkontakte стане меней

У Vkontakte запрацаваў адмысловы сэрвіс, які шукае і выдаляе пірацкі кантэнт. Яго першай «ахвяраю» ўжо стаў болей за адзін мільён відэазапісаў.

Сэрвіс Websheriff здольны аўтаматычна знаходзіць загружанае пірацкае відэа ў Vkontakte паводле працягласьці відэароліку, яго назвы і скрыншоту з вокладкі роліку. Перад пачаткам аўтаматычнай працы сэрвіс патрабуе навучаньня чалавекам. Для маніторынгу неліцэнзійных раздачаў на торэнт-трэкера патрабуецца ўдзел чалавека.

З таго часу, як у сярэдзіне кастрычніка Websheriff атрымаў у Vkontakte правы мадэратара, ім было выдаленае каля 1 мільёну неліцэнзійных відэадопісаў, уключаючы копіі. У пікавыя дні пасьля прэм’еры сьвежага кантэнту колькасьць выдаленьняў сягае за 30–40 тысячаў у дзень.

Паводле дадзеных CNews, паслугамі Websheriff карыстаюцца ня менш за пяць буйных расейскіх праваўладальнікаў кантэнту: «Саюз-Відэа», «Парадыз», «Смешарыкі», «Маналіт» і «Люксор».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0579 seconds.