Стартуе другі конкурс «Прэс-фота Беларусі»

10 лютага стартуе другі рэспубліканскі конкурс прафэсійных фотакарэспандэнтаў «Прэс-фота Беларусі». Сябрамі журы будуць вызначаныя лепшыя фатаграфіі ў наступных намінацыях: «Навіны», «Людзі ў навінах», «Спорт», «Паўсядзённае жыцьцё», «Партрэт», «Мастацтва і забавы», «Прырода», «Народныя традыцыі».


Ляўрэаты Прэс-фота Беларусі 2011

У першым конкурсе «Прэс-фота Беларусі», які адбыўся ў мінулым годзе, узялі ўдзел 94 фатографы са сталіцы і розных рэгіёнаў Беларусі, 35 зь іх увайшлі ў шорт-ліст. Ляўрэатамі першага конкурсу «Прэс-фота Беларусі» сталі такія вядомыя ў краіне і за яе межамі фотажурналісты як Віктар Драчоў, Васіль Фядосенка, Андрэй Лянкевіч, Сяргей Грыц, Юлія Дарашкевіч і іншыя.

Пасьля цырымоніі ўзнагароджаньня прызёраў, якая адбылася ў рамках менскага «Фотофорума-2010», у Беларусі і суседніх краінах адбыліся выставы работ пераможцаў і прызёраў. Творы лепшых беларускіх фотажурналістаў змаглі ўбачыць жыхары Кракава, Масквы, Вільнюса, Кіева, Львова, Гродна, Брэста і беларускай сталіцы.

Мэтай конкурсу «Прэс-фота Беларусі» зьяўляецца падтрымка і разьвіцьцё прафэсійнай прэс-фатаграфіі ў нашай краіне. Конкурс таксама закліканы стымуляваць разьвіцьцё фотажурналістыкі, падтрымаць абмен вопытам і ведамі паміж рознымі пакаленьнямі беларускіх фатографаў, сфармуляваць высокія прафэсійныя стандарты ў фотажурналістыцы і садзейнічаць свабоднаму і неабмежаванаму абмену прафэсійнай інфармацыяй.

У склад журы конкурсу «Прэс-фота Беларусі» ўвайшлі прызнаныя прафэсіяналы з замежных агенцтваў і выданьняў.

Арганізатары «Прэс-фота Беларусі» разьлічваюць, што дзякуючы конкурсу ў прафэсійных прэс-фатографаў Беларусі зьявіцца пляцоўка для рэгулярнага падвядзеньня вынікаў працы, вызначэньня дасягненьняў і аб’ектыўнай ацэнкі агульнага ўзроўню беларускай прэс-фатаграфіі. Гэта таксама дасьць магчымасьць сёньняшнім і будучым прафэсіяналам адсочваць тэндэнцыі разьвіцьця жанру і ўплываць на яго якасны ўзровень.

Плянуецца, што, як і летась, па выніках конкурсу ў Беларусі і за мяжой адбудуцца выставы найлепшых твораў.

Заяўкі на ўдзел у конкурсе прымаюцца з 10 лютага па 10 сакавіка 2011 года.
Да ўдзелу дапускаюцца здымкі, зробленыя на працягу 2010 года. Абавязковай умовай удзелу таксама зьяўляецца супрацоўніцтва са СМІ.

Больш падрабязную інфармацыю пра ўмовы ўдзелу вы знойдзеце на афіцыйным сайце конкурсу www.pressphoto.by.

11:00, 10/02/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0628 seconds.