У Менску адзначылі пераможцаў «Прэс-фота Беларусі 2010»

Узнагароджаньне пераможцаў першага рэспубліканскага конкурсу прафэсійных фотакарэспандэнтаў «Прэс-фота Беларусі» прайшло 12 траўня на Фотафоруме 2010. Пераможцаў у васьмі намінацыях узнагародзілі памятнымі статуэткамі, а гран-пры конкурсу атрымаў Віктар Драчоў — на першым конкурсе беларускага прэс-фота фатограф атрымаў таксама 7 перамогаў у тэматычных намінацыях.

У першым рэспубліканскім конкурсе прафэсійных фотакарэспандэнтаў «Прэс-фота Беларусі» паўдзельнічала 96 беларускіх фатографаў. На конкурс было даслана болей 1200 працаў — асобных здымкаў і сэрый у восем намінацыяў.

Удзел прымалі фатографы як дзяржаўных, так і недзяржаўных СМІ. Сярод пераможцаў чатыры прадстаўнікі рэгіянальных гарадоў: Васіль Зянько з Стоўбцаў, Аляксандар Саенка з Горадні, Мікалай Цітоў з Магілёву і Алег Рубчэня са Слуцку. Большасьць ляўрэатаў жыве і працуе ў Менску. Сярэдні ж узрост удзельнікаў — 38 год. Сярод пераможцаў дзьве дзяўчыны — Юлія Дарашкевіч і Натальля Аблажэй.

Арганізатарамі конкурсу выступілі прафэсійныя фотарэпарцёры. У журы конкурсу ўвайшлі аўтарытэтныя фатографы і фотарэдактары розных краінаў, сярод іх ёсьць штатныя супрацоўнікі вядучых сусьветных агенцтваў — Associated Press, Agence France-Presse.

Пераможцы «Прэс-фота Беларусі 2010»:

  • «Навіны»: Васіль Фядосенка, Віктар Драчоў, Дзьмітрый Брушко.
  • «Людзі ў навінах»: Андрэй Лянкевіч, Юлія Дарашкевіч, Натальля Аблажэй.
  • «Спорт»: Віктар Драчоў, Васіль Фядосенка, Юлія Дарашкевіч.
  • «Штодзённае жыцьцё»: Віктар Драчоў, Васіль Зянько, Натальля Аблажэй.
  • «Партрэт»: Віктар Драчоў, Васіль Фядосенка, Віктар Драчоў.
  • «Мастацтва і забавы»: Віктар Драчоў, Натальля Аблажэй, Аляксандр Саенка.
  • «Прырода»: Аляксандр Саенка, Мікалай Цітоў, Алег Рубчэня.
  • «Глямур і рэкляма»: Віктар Драчоў, Аляксандр Канатоп, Сяргей Грыц.
  • Гран-пры «Прэс-фота Беларусі 2010»: Віктар Драчоў.

Віктар Драчоў нарадзіўся ў 1957 годзе. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў у агенцыі друку «Новости» (АПН), у «Комсомольской правде». Зараз здымае для Agence France-Presse. Летам 2009 году ў межах Міжнароднага фэстывалю фотажурналістыкі VISA POUR L'IMAGE (Пэрпіньян, Францыя) адбылася пэрсанальная выстава Віктара Драчова.

Здымкі пераможцаў:


Гран-пры BPP2010 і 2-е месца ў намінацыі «Навіны».
Фота з сэрыі «Чарнобыльская зона. 20 год пасьля. 7.04.2006». Аўтар Віктар Драчоў.


Першае месца ў намінацыі «Мастацтва і забавы».
«Сьвята Каляды. 180 км ад Менску. 7.01.2005». Аўтар Віктар Драчоў.


Першае месца ў намінацыі «Штодзённае жыцьцё».
«Хлопчык чакае, пакуль бабуля корміць сьвіней у двары дому. 28.10.2006». Аўтар Віктар Драчоў.


Другое месца ў намінацыі «Штодзённае жыцьцё».
«Ранішняя ідылія. 2005». Аўтар Васіль Зянько.


Першае месца ў намінацыі «Навіны». Фота з сэрыі «Беларускі АМАП рыхтуецца сустрэць удзельнікаў апазыцыйнага шэсьця, Менск, 25.03.2006». Аўтар Васіль Фядосенка.


Першае месца ў намінацыі «Людзі ў навінах». «Жанчына нясе сьцяг СССР у дзень сьвяткаваньня Кастрычніцкай рэвалюцыі. Менск, 07.11.2005». Аўтар Андрэй Лянкевіч.


Першае месца ў намінацыі «Партрэт». «Радыяцыйны інстытут мэдыцыны. Уладзіслаў Пятроў (3,5 года) зь невялікага гораду Чачэрск атрымаў магчымасьць лячэньня тут, Гомель, 02.09.2005». Аўтар Віктар Драчоў.


Першае месца ў намінацыі «Прырода». «Рыба карп у рыбалоўных сетках, в.Солы,
Гарадзенская вобласьць, 21.10.2008». Аўтар Аляксандар Саенка.


Першае месца ў намінацыі «Спорт». «Аматары экстрэмальнага спорту спаборнічаюць
у вадзе Менскага возера. 02.08.2009.». Аўтар Віктар Драчоў.


Першае месца ў намінацыі «Глямур і рэкляма». «Сабака ідзе па цэнтральнай плошчы ў час
дзяржаўнага дня беларускай зброі, Менск, 11.05.2008». Аўтар Віктар Драчоў.

Больш падрабязная інфармацыя пра конкурс і працы пераможцаў — на сайце конкурсу pressphoto.by. Выстава праходзіць у межах Менскага фотасалёну на Фотафоруме-2010 (Янкі Купалы 27).

tarka 11:30, 13/05/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0596 seconds.