БДУ узьняўся на дзьве пазыцыі ў рэйтынгу лепшых унівэрсытэтаў сьвету

Беларускіх ВНУ зноў няма нават у першай тысячы ўнівэрсытэтаў зь лепшымі вэб-старонкамі. Аб гэтым кажуць дадзеныя рэйтынгу гішпанскай дасьледчыцкай групы, што ўжо шмат гадоў праводзіць адпаведнае дасьледаваньне. Лепшы беларускі ўнівэрсытэт, БДУ, заняў у сьпісе 1474 месца, падняўшыся ў ім у параўнаньні з папярэдняй публікацыяй рэйтынгу толькі на дзьве пазыцыі.

«У БДУ ёсьць адмысловая група, якая аналізуе гэты рэйтынг, сочыць за тым, якія пазыцыі займаюць нашы калегі зь іншых ВНУ Беларусі», — прызнаецца ў інтэрвію БелТА рэктар БДУ Сяргей Абламейка.

Паводле рэктара, БДУ заўважыў гішпанскі рэйтынг, які ацэньвае якасьць сайтаў унівэрсытэтаў па ўсім сьвеце, яшчэ ў 2009 годзе. Тады ён займаў 1757 месца у гэтым топе. «Мы пасьлядоўна праводзілі працу па прадстаўленьні ў Інтэрнэце нашых дасягненьняў і, адпаведна, наша становішча ў рэйтынгу стала расьці. Вядома ж, хочацца быць і ў першай сотні», — марыць Абламейка.

Як складаецца рэйтынг?

Рэйтынг унівэрсытэтаў сьвету ўжо сёмы год складае і раз у паўгода публікуе кібэрнэтычная лябараторыя, створаная Нацыянальным саветам навуковых дасьледаваньняў Гішпанскай арганізацыі грамадзкіх навук.
Пры складаньні сьпісу прымаюцца ў разьлік тры асноўных крытэры:

  • Памер (size) — агульная колькасьць старонак на сайце арганізацыі, якая вылічваецца па дадзеных пошукавых машын;
  • Цытаванасьць (visibility) — колькасьць унікальных гіпэрспасылак на сайт зь іншых рэсурсаў;
  • Колькасьць і рэлевантнасьць «файлаў з дадзенымі» («rich files») — файлаў з пашырэньнямі.pdf, .ps, .doc і.ppt. Лічыцца, што гэтыя фарматы часьцей за усё выкарыстоўваюцца для публікацыі навуковых прац;
  • Колькасьць разьмешчаных на сайце навуковых публікацыяў і спасылак на іх.

Амаль па ўсіх гэтых пазыцыях БДУ мае вельмі дрэнныя вынікі. Акрамя адной: колькасьці разьмешчаных на сайце навуковых публікацыяў. Выглядае, што дзеля ўздыму ў рэйтынгу БДУ мэханічна стаў выкладаць на свой сайты ангельскамоўныя працы выкладчыкаў. Аб гэтым кажа і спадар Абламейка:

«Беларускія выкладчыкі-навукоўцы сталі больш перакладаць свае артыкулы на ангельскую мову, бо гэта важны крок прысутнасьці ў Інтэрнэце.

«Прагрэс» БДУ у рэйтынгу асабліва парадаваў афіцыйныя СМІ. Адпаведныя сюжэты выйшлі ўчора на буйнейшых каналах. Праўда, аўтары сюжэтаў забыліся разабрацца ў пытаньні. На БТ, напрыклад, кібэрнэтычную лябараторыю, якая робіць дасьледаваньне, назвалі «інтэрнэт-парталам», а крытэры, паводле якіх партал выбірае іншыя парталы — невядомымі. Агулам дзяржаўныя мэдыя «забыліся» ўдакладніць, што пазыцыі БДУ за апошнія паўгода амаль не зьмяніліся.

А вось іншыя беларускія ВНУ сапраўды адчувальна вырасьлі ў гэтым рэйтынгу. Канешне, да Гарвардзкага ўнівэрсытэту і Масачусацкага інстытуту, якія займаюць першыя пазыцыі ў сьпісе гішпанцаў, як і да лепшых расейскіх, польскіх і літоўскіх ВНУ яшчэ далёка. Але пэўны прагрэс ёсьць: Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Я. Купалы, другі паводле рэйтынгу ўнівэрсытэт, заняў 2441 месца, узьняўшыся ў параўнаньні зь ліпенем 2010 году на 800 пазыцыі. Трэці па якасьці сайту ўнівэрсытэт Беларусі, Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, увогуле пераскочыў цераз 2000 тысячы пазыцыі. Цяпер ён 2994-ы.

Што цікава, чацьвёртым беларускім унівэрсытэтам па якасьці сайту мусіў бы стаць ЭГУ, які займае ў сьпісе пазыцыю ў чацьвёртай тысячы. Хаця ўнівэрсытэт і прапісаны ў даменнай зоне.lt, але ствараецца ён беларускай кампаніяй, да нядаўняга часу, пад кіраўніцтвам спэцыяліста зь Амэрыкі.

Якія месцы займалі беларускія ВНУ у рэйтынгу лепшых унівэрсытэтаў сьвету па якасьці іх сайтаў у папярэднія гады?

2007 2008 2010

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0743 seconds.