Завочнікаў стане на 70 тысячаў меней

Міністэрства адукацыі лічыць, што ў Беларусі разьвялося надта шмат завочнікаў і прапануе скараціць іх колькасьць на 20%, каб вярнуць «першапачатковы сэнс» гэтай форме навучаньня. Цяпер амаль кожны другі беларускі студэнт — завочнік.

«Сёньня ў гіпэртрафаваных маштабах атрымала распаўсюджаньне завочная форма падрыхтоўкі, асабліва ў прыватных ВНУ», — заявіў намесьнік міністра адукацыя Аляксандр Жук 3 лютага ў Менску.

«Адсутнасьць добра арганізаванага навучальнага працэсу і кантролю, у тым ліку бягучага, апрыёры робіць гэтую форму атрыманьня адукацыі менш эфектыўнай за дзённую», — падкрэсьліў Жук.

Як перадае БелаПАН, толькі кожны пяты выпускнік завочнага паказвае «досыць высокі ўзровень ведаў». Аб гэтым сьведчаць вынікі кантрольных зрэзаў, праведзеных мінадукацыі.

«Неабходна вярнуць першапачатковы сэнс завочнай формы навучаньня як навучаньня без адрыву ад вытворчасьці з мэтай павышэньня кваліфікацыі або атрыманьня новай спэцыяльнасьці», — пазначыў новую стратэгію мінадукацыі Жук. Па яго словах, колькасьць завочнікаў можа скараціцца ў будучым на 10–20%.

Па словах міністра адукацыі Сяргея Маскевіча, у бліжэйшыя гады акцэнт будзе зроблены на падрыхтоўку спэцыялістаў для аграрнага сэктару, машынабудаваньня, будаўнічай, а таксама інфармацыйнай галіны.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0614 seconds.