«Ляпісы» едуць у тур па Беларусі з новым альбомам
Новы альбом «Ляпіса Трубяцкога» «Весёлые картинки» выйдзе 11 сакавіка. А паслухаць больш лірычных і экспэрымэнтальных «Ляпісаў» можна будзе ўжо ў часе іх лютаўскага туру па Беларусі. Прэзэнтацыя «Весёлых картинкок» заплянаваная ў Менску, Варшаве, Кіеве і Маскве.
«Тры папярэднія кружэлкі былі брадвэйнымі па музыцы і просталінейнымі па сэнсе, — тлумачыць фронтмэн Сяргей Міхалок. — Для нас было важна распавесьці аб сваім сьветаадчуваньні, таму мы выкарысталі мінімальныя выразныя сродкі, каб яны ніякім чынам не перабольшвалі і не скажалі тое, што мы хацелі б данесьці да публікі. А ў „Весёлых картинках“ на першы плян выходзяць не ідэі, а эмоцыі».
Адну зь песень новага альбому — беларускамоўны сынгл «Грай» — фанаты маглі спампаваць у Сеціве яшчэ напрыканцы мінулага году. Праз гэту песьню «Ляпіс Трубяцкой» вырашыў павіншаваць беларусаў з Калядамі і Новым годам, «а таксама падтрымаць веру ў непазьбежную перамогу дабра над любымі казачнымі пачварамі».
Канцэрты гурту цяпер стануць больш экспэрымэнтальнымі і лірычнымі. Бліжэйшыя зь іх пройдуць у Лідзе (10 лютага), Гародне (11 лютага), Брэсьце (12 лютага), Віцебску (13 лютага) і 16 лютага ў Баранавічах.
Два выступы запар «Ляпіс Трубяцкі» зьбіраецца зладзіць у Менску ў клюбе «Рэактар» 1 і 2 красавіка.