«Specially for you»: жыцьцё ў новых рэаліях
Беларусы вяртаюцца да ўспамінаў, што засталіся ў генэтычнай памяці яшчэ з часоў вялікіх рэпрэсій 30-х. Мне прыгадваецца ўнівэрсытэцкі курс «Гісторыя штодзённасьці», дзе апавядалася пра ўсё тое зло, што апанавала жыхароў Беларусі ў сталінскія часы. Чытаю ў сацыяльных сетках пра правакатараў у транспарце і ў памяці паўстаюць «слухачы» ў чэргах у крамах і на вакзалах у 30-х. Знаёмыя распавядаюць, што на працы пачалі зноў баяцца абмяркоўваць палітычная падзеі, і ў першую чаргу зьбіцьцё і зьняволеньне соцень людзей, у тым ліку сямі кандыдатаў у прэзыдэнты. Зноў слова «страх» выходзіць на першыя месцы ў галовах людзей перад тым, як пачаць дыялёг на злабадзённую тэму.
Беларусы наноў пачынаюць «шыфравацца» ў Сеціве, хаваючы свае сапраўдныя імёны, падпісваючыся нікамі пад зваротамі, даючы камэнтары без пазнакаў прозьвішча. Людзі вывучаюць, як хаваць сваю электронную пошту ад назойлівага воку спэцслужбаў, як знайсьці інфармацыю ў Сеціве, у якім палова незалежных навінных сайтаў проста недаступная.
Выкладчыкі ўнівэрсытэту баяцца за сваіх студэнтаў, студэнты носяць перадачы выкладчыкам, што сядзяць па турмах. Студэнты таксама сядзяць, хаця ці студэнты яны ўсё яшчэ, альбо, можа, іх ужо адлічылі, — невядома. Людзі пачалі пісаць гнеўныя словы ў адрас прэзыдэнта на беларускіх купюрах, адначасна плянуючы сустрэць новы год разам зь іншымі затрыманымі пад ізалятарамі ў Жодзіна і Менску. Хаця, дзе ўсе затрыманыя, дакладна яшчэ невядома.
У праваабаронцаў і валянтэраў, што зьбіраюць рэчы і інфармацыю для і пра затрыманых, не хапае рук — дапамогі шмат, але хто яе ўсю апрацуе? Нацыя быццам зламаны пратэз аднаго з затрыманых страшным вечарам 19-га замерла ў чаканьні новых рэпрэсій. Замерла ў страху і зьнясіленьні.
Суткі не адрываючыся ад манітору, мы лістаем і лістаем навіны, прамотваючы чарговыя спасылкі на сьпісы затрыманых. У чаканьні жахлівых вясьцей пра магчымую сьмерць удзельнікаў Плошчы ці чарговыя затрыманьні дома ці на мяжы, мы адкрываем сайты «Нашай Нівы» і «Свабоды». І бачым там твары зьбітых людзей, некаторых зь якіх жывымі людзі ня бачылі ўжо некалькі дзён.
Расколатая нацыя перамяшчае сваю барацьбу ў Інтэрнэт. Мы пачынаем ненавідзець тых, хто ставіць «няверныя» статусы на сваіх сацыяльных старонках і проста радуецца сьвятам: як можна радавацца, калі твае сябры за кратамі?
«Гарыце ў пекле ўсе тыя, хто зараз піша статусы пра вакацыі, сэсію, зьніжкі і падарункі. Я вас рэальна ненавіджу», — піша трэцякурсьніца пра знаёмых, што ў сацыяльных сетках праяўляюць недастатковую заклапочанасьць апошнімі рэпрэсіямі.
Фотаздымкі задаволеных жыцьцём супрацоўнікаў і курсантаў міліцыі разьлятаюцца зборнікамі энцыкляпэдыі амаральнасьці па Сеціве. Курсанты ў жаху выдаляюць са сваіх старонак усю інфармацыю пра сябе, але і гэта не дапамагае: людзі знаходзяць іх тэлефоны і пачынаюць электронную помсту за сваіх сяброў.
«Грамадзянская бойка», — называе падзеі 19 сьнежня паэт Адам Глобус. «Спалены Рэйхстаг», — трапна дадае палітоляг Сіліцкі. І раіць тым, хто рэпрэсій «баіцца, няхай зьязджае».
У дзёньніку Тацяны Елавой пачаўся збор інфармацыі пра падзеі той ночы. «У нас куча матэрыялаў», — піша яна пра сотні мегабайт інфармацыі, што атрымала Тацяна за гэты тыдзень ад назваўшых сябе і ананімных карыстальнікаў Сеціва. Яе допісы ў ЖЖ пачынаюць нагадваць сапраўдныя «шыфроўкі» разьведкі:
«Ёсьць інфа пра спэцапэрацыю, нельга па нэту. […] частка людзей ужо тут. бальшыня на „дне“, без тэл., трэба на іх выйсьці. гэта вельмі важна. распаўсюдзьце прыватам сярод самых надзейных нашых (не малых!). адпішыце прыватам „как понял“. хутка выдалю гэты мэсэдж», — піша Тацяна і паведамленьне сапраўды неўзабаве зьнікае зь яе старонкі.
Беларуская моладзь зноў задумалася пра магчымы ад’езд з краіны:
«Ніколі раней ня думаў пра эміграцыю. А зараз задумаўся, і разумею, што гэта для мяне не выйсьце. Але можа быць гэта толькі пакуль… Я ўжо ні ў чым ня ўпэўнены:(», — піша ў ЖЖ Сяржук, нядаўні выпускнік аднаго зь Менскіх унівэрсытэтаў.
Ужо прыходзяць зьвесткі пра адлічаных студэнтаў. Ніхто ня ведае, колькі беларускіх студэнтаў, што маюць уласнае меркаваньне, «выпадкова» не здадуць сэсію. Сярод шасьці соцень затрыманых 19 сьнежня было мінімум 90 навучэнцаў.
Польшча ўжо абвясьціла пра магчымую дапамогу адлічаным студэнтам. Яна абяцае ўзяць на сябе клопат за аплату ўсіх рахункаў. Тым часам клопат за рахункі арыштаваных і рэпрэсаваных беларусаў бярэ на сябе тая частка нашых суайчыньнікаў, што зьехалі раней. Яны папаўняюць дабрачынны рахунак грашыма (ужо назьбіралі болей за 3 000 эўра), распаўсюджваюць інфармацыю ў замежных мэдыях.
«Specially for you», — гэты тэкст самотнага аркушу, устаўленага ў «дагістарычную саракагадовую пячатную машынку», упершыню за цэлы тыдзень даў многім нагоду ўсьміхнуцца. Аркуш і машынка — усё, што ў спэцслужбаў атрымалася знайсьці на офісе тэлеканалу БелСАТ. Супрацоўнікі канала пасьпелі вывезьці ўсё з офісу за некалькі дзён да ператрусу.
Беларускія мэдыі вучацца жыць у новых рэаліях. Абвешчанае «навядзеньне парадку» ў Сеціве дазваляе прагназаваць далейшае пагаршэньне ўмоваў працы беларускіх СМІ.
Падаецца, што многія з тых, хто выйшаў на Плошчу 19 сьнежня, зрабілі гэта ня дзеля нейкіх часовых і аднадзённых патрабаваньняў, а, магчыма, каб падтрымаць абстрактную ідэю свабоды ў Беларусі. Такой свабоды, пра якую казаў Жан-Поль Сартр: «жаданьне свабоды дзеля свабоды ў кожным асобным выпадку». Пасьля Плошчы зьмянілася многае, у тым ліку і ступень жаданьня свабоды — цяпер яе жадаюць хаця б для кожнага асобна ўзятага зьняволенага.