Akana рассакрэціла швэйцарскія рахункі

Швэйцарскі джаз-бэнд Albin Brun Alpin Ensemble і беларускія этна-дзяўчыны Akana нарэшце паказалі, што атрымалася ў выніку іх шматтыднёвай супольнай працы ў альпійскіх студыях. Дзеля гэтага, толькі адыграўшы сумесны тур па альпійскай канфэдэрацыі і запісаўшы альбом, дзяўчыны з Akana даставілі яшчэ «гарачанькіх» швэйцарскіх джазыстаў у Беларусь. І неадкладна зладзілі 5 выступаў на радзіме. Перадапошні адбыўся ў Менску ўчора. 

«Ніколі ня мог падумаць, што буду граць у Менску зноў», — прызнаецца лідэр швэйцарцаў Albin Brun, які калісьці ўжо пагастраляваў па Беларусі.

Akana i Albin Brun Alpin Ensemble

Год таму швэйцарцы Albin Brun Alpin Ensemble мэтанакіравана шукалі трох беларускіх вакалістак для сумеснага праекту (беларускіх, бо самыя прыгожыя канешне ж). І знайшлі Akana.

Так зьявіўся «Казальпін» — супольны праект, што аформіўся дзякуючы эўрапейскаму фінансаваньню, альпійскім студыям і беларускаму дзявочаму ўнёску — тут ён, калі так можна сказаць, найбольш «нацыянальны».

«Увогуле вельмі цікавае спалучэньне атрымалася: гэтыя млявыя швэйцарцы са сваіх Альпаў, сьнег, лянота і беларускія бабуліны песьні», — распавядае ўражаньні з супольнай працы гэтай зімою ў Базэлі «матор» Akana — Руся.

Akana i Albin Brun Alpin Ensemble

Тры дзяўчыны, Ірэна Катвіцкая, Надзя Чугунова і Руся, пачынаюць канцэрт з дэманстрацыі чыстых этнічных беларускіх сьпеваў.

«Вось прыкладна так гучаць песьні ў вуснах нашых бабуль у вёсках, — кажа Руся, уладальніца бліскучага вакалу, зьнешнасьці і харызмы. — На жаль, гэта культура ўжо памірае, але ёсьць мы і іншыя энтузіясты, якія езьдзяць па вёсках, чаго ўжо там хаваць, п’юць з бабулямі гарэлку, даюць парасятам есьці, працуюць у хаце. Такім чынам мы зьбіраем песьні і апрацоўваем іх».

Менавіта ў такіх апрацоўках, менш брутальных, чым працы «Троіцы», але прыкладна такіх жа эмацыйных і глыбока аўтэнтычных, галоўная фішка супрацы Akana і Albin Brun Alpin Ensemble. Хаця раней у беларускіх дзеўчын былі спробы сумесных выступаў з заходнімі джазмэнамі, гэты праект аказаўся найбольш поўным і працяглым.

Па словах Русі, «замежная публіка зь вялікай ахвотай ходзіць на канцэрты праекту». «Нават Беларусь швэйцарцы перасталі „Вайсрусланд“ называць».

Тым больш «Albin Brun Alpin Ensemble на швэйцарскіх вуліцах пазнаюць! Прыемна зь імі гуляць», — сьмяюцца дзяўчыны з Akana.

«Музыка на дваіх»

Акрамя стылістычнай унікальнасьці музыкі праекту, дзяўчаты падкрэсьліваюць «пяшчоту і любоў», што жыве ў музыцы швэйцарцаў.

«Некаторыя парачкі, якія прыходзілі на нашы канцэрты, яшчэ не былі ўпэўненыя ў тым, што хочуць быць разам, але пасьля канцэрту рабілі адзін аднаму прапанову ажаніцца», — кажа Руся. І робіць выснову: «музыка сапраўды робіць эмоцыі казачнымі, разьняволенымі і пяшчотнымі».

Akana i Albin Brun Alpin Ensemble

У праекце зьмяшалася ўсё — ад беларускага дзявоча-бабульчынага вакалу і швэйцарскага дарослага джазу, да назову, у якім жывуць высачэзныя Альпы і простая беларускай жывёла «каза». Нават інструмэнты ў «Казальпін» максымальна інтэрнацыянальныя. Адну кампазыцыю Albin Brun граў на дудуку — дудцы з Армэніі, якую яму падараваў удзельнік папярэдняга супольнага праекту з Эгіпту. Цяпер у руках швэйцарца дудук зайграў і на беларускай сцэне — «даволі сымбалічна» — заўважае Albin.

У суботу ў Берасьці адбудзецца апошні канцэрт «Казальпін» у Беларусі ў межах цяперашняга туру.

Вялікі фотарэпартаж зь менскага канцэрту Akana i Albin Brun Alpin Ensemble

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0615 seconds.