Чэмпіянат па хакеі зачыняе інтэрнаты БДЭУ
Студэнты «Наргасу» рызыкуюць застацца без жытла з-за падрыхтоўкі ўладаў да чэмпіянату сьвету па хакеі, які пройдзе ў Менску ў 2014 г. Мінадукацыі вырашыла аддаць два студэнцкія інтэрнаты БДЭУ балельшчыкам і ўдзельнікам чэмпіянату. Студэнты баяцца, што ў наступным годзе прыйдзецца шукаць новае жытло.
Гэтыя інтэрнаты БДЭУ хутка будуць зачыненыя дзеля падрыхтоўкі да чэмпіянату па хакеі. Фота суполкі Hostel BSEU
Міністэрства адукацыі прыняло рашэньне ў бліжэйшыя два гады выселіць зь інтэрнатаў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту 1 200 студэнтаў:
«Ёсьць рашэньне Міністэрства адукацыі падрыхтаваць пяты і шосты інтэрнат для расьсяленьня ўдзельнікаў і балельшчыкаў чэмпіянату сьвету па хакеі ў Менску. Каб правесьці рамонт, студэнтаў трэба выселіць. Гэта па 600 чалавек у кожным інтэрнаце», — цытуе Эўрарадыё прадстаўнікоў рэктарату БДЭУ.
Пад расьсяленьне падпалі два інтэрнаты каля Ўсходняга вакзалу — нумар 5 і 6. Першым, улетку 2011, зачыняць інтэрнат № 6. Што будзе зь яго цяперашнімі насельнікамі — не вядома.
«Калі не пасьпеем зрабіць, то давядзецца зачыняць і другі — гэта ўсяго 1200 чалавек, і 1300 яшчэ ў чарзе стаіць. Мы зьвярнуліся ў Мінадукацыі, каб нам у студэнцкай вёсцы выдзелілі на гэты пэрыяд інтэрнат. Пакуль кажуць, што месцаў няма. Што будзе і як, я нават ня ведаю. Страшна падумаць», — паскардзіўся Эўрарадыё супрацоўнік унівэрсытэту.
Паводле словаў адміністрацыі інтэрнатаў, рамонт сапраўды патрэбны: у першую чаргу будуць уцяпляць фасад, мяняць вокны, якім ужо больш за 20 год, і ўсю сантэхніку. Таксама зробяць рамонт унутры, але пакуль пляніроўку мяняць ня будуць.
Студэнты падзеямі занепакоеныя, але спадзяюцца на перасяленьне ў студэнцкую вёску, у якой да 2009 году першапачаткова плянавалася ўзьвесьці 8 інтэрнатаў. У выніку адбудавалі адзін, які аддалі БДУ. Між тым сканчэньне будаўніцтва астатніх адкладзенае да 2012 ці нават 2013 году.
А пакуль студэнтам БДЭУ варта чакаць падвышэньня конкурсу на месца ў інтэрнаце. Ужо ходзяць чуткі, што для таго, каб атрымаць інтэрнатаўскі ложак, трэба будзе мець сярэдні бал «9».