БРСМаўцы заняліся махінацыямі з кватэрамі?

Кіраўніцтва Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі і некаторых іншых дзяржаўных структур аказаліся ў цэнтры гісторыі зь перапродажам яшчэ нават ня здадзеных кватэр, пабудаваных за палову кошту дзякуючы падтрымцы дзяржавы.


БРСМ-дом. Фота realt.onliner.by

Як піша realt.onliner.by, новасьпечаныя ўладальнікі кватэраў у новабудоўлі ў Каменнай горцы, не пасьпеўшы атрымаць ключы, выставілі жыльлё на продаж па коштах у два разы большых, чым яны заплацілі ў час будаўніцтва. Рыэлтары кажуць, што такія рэчы не супярэчаць беларускім законам.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, прыкладна шостая частка кватэр у гэтым доме пры падтрымцы дзяржавы дасталася функцыянэрам Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі, якім «патрабавалася паляпшэньне жыльлёвых умоваў». Яшчэ траціну кватэр атрымалі супрацоўнікі Акадэміі навук, а таксама Міністэрства сувязі, Белдзяржлесу і іншых дзяржаўных арганізацый.

Кіраўніцтва будаўнічага каапэратыва кажа, што сярэдні кошт аднаго квадратнага мэтру ў гэтым доме дзякуючы дэвальвацыі аказаўся роўным 550–600 далярам. Цяпер некалькі кватэраў выстаўленыя на продаж па кошце ад 1166 даляраў за квадратны мэтар. Іншыя кватэры здаюцца ў арэнду па кошце 250 даляраў. Атрымліваецца, будаўніцтва можна акупіць за 10 гадоў здачы ў арэнду ці амаль імгненна праз хуткі продаж. Пры ўмове, што кошты арэнды ня будуць падвышацца.


Цяпер будаўніцтва такога таннага жытла ў Менску фактычна спыненае. Аднак функцыянэры БРСМ і іншых дзяржарагнізацый, якім нібыта патрабавалася паляпшэньне жыльлёвых умоваў, верагодна пасьпелі атрымаць ад крызысу значныя дывідэнды.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0598 seconds.