У віленскіх тралейбусах запрацаваў бясплатны Wi-Fi

У 15 віленскіх тралейбусах, якія ходзяць па папулярным студэнцкім маршруце № 19, зьявіўся бясплатны Wi-Fi. Даехаць на такім тралейбусе можна ў тым ліку і да беларускага Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.


Большасьць віленскіх тралейбусаў састарэла. Таму ўлады шукаюць ім замену. У тым ліку і сярод беларускіх распрацовак

Як піша Obzor.lt, бясплатны бесправадны Інтэрнэт у тралейбусах мусіць прыцягнуць увагу студэнтаў: бо яны, разам з пэнсіянэрамі, зьяўляюцца асноўнымі пасажырамі грамадзкага транспарту ў сталіцы Літвы. Таму ў першую чаргу Wi-Fi усталявалі на маршруце, які ідзе ў студэнцкі раён Вільні.

«Тралейбусным» Інтэрнэтам можна скарыстацца і з дапамогай кампутараў, і праз мабільныя тэлефоны, калі яны працуюць з Wi-Fi. Гэтая паслуга бясплатная для ўсіх пасажыраў, у тым ліку і тых, хто не зьяўляецца кліентамі правайдэра, які тэхнічна забясьпечыў Інтэрнэт — «MEZON».


Віленскія чыноўнікі пратэставалі новую сыстэму. На некаторыя тралейбусы паставілі відэакамэры. Фота Obzor.lt

Адна з прычын усталяваньня Сеціва ў тралейбусах — імкненьне ўладаў забясьпечыць бясьпеку. У некаторых тралейбусах маршруту ўсталяваныя відэакамэры, малюнак зь якіх у рэальным часе па Інтэрнэце перадаецца ў дыспэтчарскія. У кабіне кіроўцы ёсьць адмысловая сыгнальная кнопка аўдыёсувязі з дыспэтчарам, паліцыяй і службай дапамогі. Так што цяпер у тралейбусах хуліганам і зайцам не разгуляцца.

Да 7 сьнежня спэцыялісты мусяць вырашыць, ці працягваць праект па выкарыстаньні Інтэрнэту ў тралейбусах.

Тым часам у дадатак да нядаўніх новаўвядзеньняў у сыстэму аплату праезду мясцовыя ўлады плянуюць адмовіцца ад аднаразовых папяровых квіткоў, замяніўшы іх на электронныя. Пакуль сыстэма электронных квіткоў працуе ў Вільні недасканала, прызнаюць улады.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0587 seconds.