Аўтаспынам у Нідэрлянды


Ускраіна Варшавы. Далёка на гарызонце блішчаць маланкі. Па шумнай неасьветленай трасе на поўдзень, нягледзячы на позьні час, шчыльная плынь машын. Мы на ўзбочыне шашы, сярод бясконцых зачыненых гіпэрмаркетаў і складоў шукаем месца пад намёт. Хаця мне падаецца, што ставіць намёт пад адкрытым паветрам тут небясьпечна, у маёй спадарожніцы няма ніякіх сумневаў: позна і час спаць. Так завяршаецца першы дзень аўтаспыннага падарожжа Менск-Амстэрдам.

Заехаць з дапамогай спыну куды падалей я марыў яшчэ зь зімы. Ня ведаючы фактычна да апошняга моманту ні мэты падарожжа, ні дакладнага часу, які ў мяне будзе на вандроўку, я проста ціха марыў пра такія вось цёмныя, у маланках, ночы з асфальтам пад галавой і дрыгву навокал.

Траса E45 Вэрона-Капэнгаген у 11 гадзін вечара нагадвае праспэкт Скарыны ў гадзіну пік: чырвоныя агеньчыкі задніх фараў зьліваюцца зь белымі пярэдніх у суседняй плыні машын. У далечыні ад гарадоў і разьвязак, проста пасярэдзіне невядомага лесу дзесьці ў цэнтральнай Нямеччыне, лавіруючы паміж шматлікіх караў багатых і ня вельмі немцаў і італьянцаў, Петр сьпяшаецца на сьняданак да жонкі. Яго «Паршэ» лёгка разганяецца да 160, што заўважна весяліць 70-гадовага кіроўцу машыны. Ён падвышае гук і з калёнак ліецца залаты голас Карэла Гота. Яго спадарожнік, які сядзіць збоку ад Петра, задаволена ўсьміхаецца, а Петр пачынае падпяваць Готу ў адным з самых яго вядомых гітоў.

Раптам музыка сьціхае і я чую, як Петр кажа камусьці па тэлефоне «падрыхтуй яшчэ два ложкі. Мы будзем праз паўгадзіны». Некалькі хвілін таму Петр высадзіў нас на адной з заправак трасы E45 і спытаўшы, ці жадаем мы заставацца тут, альбо ехаць зь ім далей і пераночыць у яго доме, пачуў у адказ удзячнасьць за дапамогу і згоду ехаць зь ім далей.

«Вы далёка ня першыя», — за сівымі ўжо вусамі Петра на сэкунду мільгаюць белыя зубы. Ён пускаецца ў расповеды пра 30-гадовую даўніну, калі ў час вандроўкі па Югаславіі ён з жонкай трапіў у падобную гісторыю ў адным з паўднёвых гарадоў краіны і як нейкі спадар дапамог ім, даўшы начлег. Гісторыя перарываецца яшчэ адной порцыяй чэскай папсы 70-х, і мы ўжо дадумваем яе на свой лад, рэзюмуючы, што дабро — рэч, якую можна перадаваць, у тым ліку і празь дзяржаўныя межы.


Нечакана для сябе ў 2 гадзіны ночы мы апынуліся ў гатэлі нямецкага чэха Петра і яго жонкі

Па прыезьдзе аказваецца, што Петр — уладальнік гатэлю на вяршыні пагорку, зь якога адкрываецца неверагодны выгляд на даліну Майна. Мы ночым у ім, а на наступны ранак Петр вывозіць нас за 80 км ад свайго гатэлю да бліжэйшай запраўкі.

Практычныя заняткі
Шэнгенская пушча

Шэнгенская віза — справа нажыўная. Самы просты і адносна танны мэтад для яе атрыманьня — завесьці сяброў за Бугам, кантакт зь якімі трэба песьціць і даглядаць: у многіх выпадках запрашэньня ад замежных сяброў дастаткова для атрыманьня аднаразовай візы, якая, праўда, будзе каштаваць 60 эўра.

Самы дарагі мэтад — зьвярнуцца ў турагенцыю. Можа нават прыйдзецца самому адстойваць чаргу ля амбасады, заплаціўшы за гэта кругленькую суму. Затое ўсё «па закону».

Аматары навучаньня могуць паступіць на дыстанцыйнае ў які польскі ці літоўскі ўнівэрсытэт (тут і ЭГУ падыдзе). Апошні арганізуе шматразовыя шэнгенскія візы на 8 месяцаў бясплатна.

Візу можна літаральна і ня вельмі легальна купіць, можна атрымаць за бізнэс, за наяўнасьць нерухомасьці, нават у якасьці падзякі за палітычную дзейнасьць. Шляхі не пералічыць!

Томэк ужо дзесятак гадоў працуе дальнабойшчыкам. У яго баляць зубы, але ўсьмешка, падаецца, такая ж шчырая, як і ў дзяцінстве. Як і любы дальнабойшчык, гэты чалавек жыве ў сваёй машыне. І мае, дарэчы, вельмі добры інтэр’ер ва ўласнай кабіне: нешта сярэдняе паміж кухняй беларускай гаспадыні сярэдзіны 90-х і купэ ў вагоне цягніка Менск-Варшава. Але гэта толькі на прыпынках — у час дарогі кабіна Томэка выключна функцыянальнае працоўнае месца.

Каця адразу залазіць на верхні ложак, які раскладаецца, падобна да цягнікоўскай паліцы, над «штурвалам» кіроўцы. Я саджуся на крэсла справа ад Томэка і мы пачынаем шлях у бок Чэхіі. Але трэба яшчэ праехаць найцяжэйшае ў Польшчы спляценьне катавіцкіх трасаў і выехаць да мяжы ў Чэшыне.

Калісьці мы ўжо бывалі ў Чэшыне. Тут знаходзіцца ў мінулым буйнейшы памежны пункт. Але цяпер ён проста помнік калісьці падзеленай межамі і візамі Эўропе. Дальнабойшчыкі спыняюцца тут, каб памяняць грошы і ўладкаваць фармальнасьці, зьвязаныя з абмежаваньнямі на колькасьць пастаяннага знаходжаньня за рулём: паліцыя ва ўсіх краінах кантралюе гэта.

Пасьля Чэшына Каця засыпае, а я ўглядаюся ў грандыёзныя пасьля польскіх чэскія трасы, слухаючы старамоднае радыё з гітамі 80-х. Пад Depeche Mode добра настальгуецца на тэму мінулых падарожжаў. Томэк зрэдку кажа нешта па-польску, часьцей сам сабе. Прыехаўшы ў Брно, я бачу вялізныя сінія літары IKEA. Аказалася, Томэк вёз груз для гэтага мэблевага гіперкамркету, але разгружацца яму трэба толькі ў 5 гадзін раніцы, таму ночыць ён будзе тут. І мы разам зь ім у кабіне дальнабойшчыка: ён зьнізу, а мы наверсе.

На раніцу Томэк знойдзе нам новага кіроўцу-дальнабойшчыка, зь якім мы за тры гадзіны дабярэмся да Прагі.


Сон у кабіне дальнабойшчыка амаль такі ж, як і дома

Практычныя заняткі

Спыншчык 2.0

Цяперашні спыншчык — чувак у поўнай меры электронны. GPS-навігатар у яго мабільнай прыладзе з дакладнасьцю мэтра падкажа правільнае месцазнаходжаньне на плянэце мэты падарожжа і самога падарожніка. На яго нэтбуку маецца поўная база дадзеных лепшых месцаў для спыну па ўсёй Эўропе, якую ён спампаваў зь яго хатняй старонкі — адкрытага праекту hitchwiki.org, на якім сабрана безьліч карыснай інфармацыі для аўтаспыну ў Эўропе. У такога аўтаспыншчыка функцыю атлясу часьцяком бярэ на сябе Google Maps, а дакладнае месцазнаходжаньне наступнай упіскі ён вылічае дзякуючы Google Street View.

Тут і цяпер

Але, нягледзячы на поўную алічбованасьць сучасных вандровак, галоўнае правіла аўтаспыну на ўсе часы — адсутнасьць дакладнага плянаваньня і наяўнасьць незьлічонага часу — захоўваецца і цяпер. Як было высьветлена ў мінулых жыцьцях, «мэта ня грае ніякай ролі ў падарожжы, а людзі могуць бясконца зьдзіўляць і рабіць дабро».

Мяжу зь Нідэрляндамі мы праходзілі пешкі. Пастопіўшы на апошняй нямецкай запраўцы ў раёне Аахену, старажытнай сталіцы Карла Вялікага, перачытаўшы і пакінуўшы допіс пра Беларусь на расьпісаным стопшчыкамі заправачным слупе, мы спусьціліся па схілу ўніз, і з трасы, па якой езьдзілі машыны збольшага зь нямецкімі нумарамі, трапілі на невялікую лякальную дарогу, па якой нясьпешна перасоўваліся толькі галяндцы. Паглыбленьне ў Нідэрлянды аказалася раптоўным і нечаканым.


Расьпісаны стопшчыкамі слуп на памежнай запраўцы захоўвае допісы, якія пакінулі літоўцы, палякі, немцы, а цяпер і беларусы

Такім жа нечаканым для нас аказалася знаёмства з нашым новым-часовым домам: пяціпавярховым з двума дзесяткамі пакояў і паддашкам з выхадам да зор, асабняком у цэнтры Маастрыхту. У ім чыста і прасторна, але там ніхто не жыве, акрамя студэнткі Леоны і яе сяброўкі Рамінты зь Вільні. За ўсё задавальненьне дзяўчыны плацяць 125 эўра ў месяц — нішто ні па галяндзкіх, ні нават па нашых мерках. Выбраўшы пакой па густу, я іду па вечаровым горадзе праз найстарэйшы ў Нідэрляндах мост у накірунку найдзіўнейшага бару, дзе калісьці бываў.

Вар’яцкі півавар

Нягледзячы на піўное імя, Піт далёка не півавар. Але ва ўсіх асаблівасьцях густаў дзесяткаў сартоў бэльгійскага, нямецкага і галяндзкага піва ён разьбіраецца так жа ўпэўнена, як найлепшы гоншчык ведае ўсе шпількі трасаў, па якіх езьдзіў. Піт заснавальнік піўной Take one у цэнтры Маастрыхту. Асаблівасьць месца ў тым, што спэцыялізуецца яно на невялікіх бэльгійскіх і галяндзкіх броварах. Хаця галоўная прывабнасьць бара палягае ў знаёмстве зь яго гаспадаром.

Піт падыходзіць да нас, на шляху расьціскаючы шалупіны ад арэхаў, якой закіданая ўся падлога яго кавярні.

«Зараз вы ўсё ўбачыце», — хітра ўсьміхаючыся, Леона позіркам абводзіць мяне, чувака з Сан-Францыска і нямецкага абітурыента — іншых каўчсёрфераў, што спыніліся ў яе вялізнай хаце ў цэнтры Маастрыхту.

Нясьпешна схіляючыся да мяне, на колькі яму дазваляе піўны жывот, Піт задае сваё першае пытаньне:

«Піва якога смаку вы жадаеце?»

«А цёмнае ў вас ёсьць?» — імкнуся я хутка адвязацца ад рэстаратара.

«Напэўна, вы не зразумелі маё пытаньне. Які смак вы жа-да-еце?» — па складах паўтарае сваё пытаньне Піт.

«Ну, я хачу піва са смакам цёмнага!» — я разумею, што хутка адвязацца ад дзядзькі не атрымаецца.

«Скажыце мне смак! Піва можа быць салодкім як цукар, ці горкім як шакаляд, ці гаркавата-салодкім як жнівеньскія яблыкі, ці сухім як лёд, ці кіслы як цытрына», — пералічэньне ўсіх існых смакаў піва займае каля хвіліны, пасьля Піт трэці раз паўтарае сваё пытаньне: «Проста скажыце мне смак».

«Ну, няхай яно будзе гаркавата-салодкім», — я адчуваю сябе шарагоўцам, які ня выканаў усе загады афіцэра.

Допыт скончаны, і ўвага Піта пераключаецца на наступную ахвяру — амэрыканца.

«Толькі не прасі ў яго Гайнэкен, а то ён вышпурне цябе ў тую ж сэкунду адсюль», — папярэджвае амэрыканца Леона перад тым, як Піт пачне ўжо для яго пералічваць усе магчымыя смакі бэльгійскага піва.

У выніку мне дастаецца 6.5-адсоткавае цёмнае піва Keyzer па кошце 3.5 эўра, якое сапраўды валодае гаркавата-салодкім смакам. Прынамсі такім, якім я яго ўяўляў.

Практычныя заняткі
Плошча Залежнасьці

У штодзённым жыцьці мы прызвычаіліся да існаваньня рэчаў, якіх можа проста ня быць у жыцьці вандроўным. Вось невялікі сьпіс прыладаў, якія варта мець у вандроўках на вялікія адлегласьці:

Намёт, спальнік, дыванок, нож і лыжка, ліхтарык, мапа, ангельская мова, флікерападобныя прыстасаваньні, цёплыя рэчы, дажджавік, банкаўская картка, элемэнтарныя лекі, усьмешка і вялікі-вялікі заплечнік, каб усё гэта зьмясьціць.


Тут на лодках плаваюць, а на баржах нават ....

«Папа» вядзе сваю гіганцкую махіну са спакоем Далай Ламы. Яго амаль ужо няісныя сівыя вусы і слыхавы апарат кажуць пра вельмі паважаны ўзрост нашага кіроўцы. Але «Папа» ўпэўнена карыстаецца GPS-навігатарам, роўна кіруючы сваім 20-тонным трэкам. Падаецца, у сьвеце яго могуць усхваляваць толькі рэчы, да якіх мае дачыненьне італьянская кампанія Фэрары: «глядзіце, гэта школа Шумахера!» — нечакана ўскрыквае ён, паказваючы кудысьці направа ад трасы Кёльн-Аахен.

«Папай» мы называем нашага апошняга кіроўцу, што быў застоплены ў Нямеччыне. Ён вугорац, і размаўляем мы зь ім на сумесі ўсіх магчымых моваў, бо ніводнай зь вядомых нам ён, на жаль, упэўнена не валодае. Затое гэты пэнсіянэр, праўда, як і ўсё папярэднія кіроўцы ў Нямеччыне, зь першага разу згадзіўся падабраць нас на вялізнай нямецкай стаянцы-запраўцы пад Манхаймам.

Сквоцкае жыцьцё

За лета 21-гадовы бэльгіец Максім аб’ехаў усю Паўночную Эўропу з хаты праз Данію і Швэцыю да Літвы. “Я ўжо два месяцы ня быў дома, трэба памыцца і пагаліцца, ды наведаць бацькоў”, - кажа ён перад тым, каб нарэшце на трэці дзень свайго знаходжаньня ў Casa Robino выбрацца ўвечары на трасу ў бок роднай Бэльгіі.

Максіма мы сустрэлі ў месцы пад назовам «Casa Robino».  «Casa» у перакладзе зь гішпанскай — «хата». А Robino — гэтай даволі рэальны гішпанскі хлопец, які пару гадоў таму асеў у Амстэрдаме і вырашыў арганізаваць нешта кшталту гасьцявой кватэры для аўтаспыншчыкаў і вольных вандроўнікаў. Хто яшчэ насяляе дзіўную амстэрдамскую кватэру, а таксама чаму так важна ў Нідэрляндах мець уласныя стол, крэсла і ложак, чытайце ў папярэднім артыкуле.

Студ’язвы

Атрымалася, што мы трапілі ў Нідэрлянды акурат на самы пачатак навучальнага сэзону. Здавалася, што ўся моладзь Маастрыхту падзялілася на дзьве катэгорыі: тых, хто выбірае ў які ўнівэр падаць дакумэнты, і тых, хто ва ўнівэрсытэт ужо паступіў, што і плянуе сьвяткаваць да раніцы наступнага тыдня. Розныя студэнцкія зьвязы праяўляюць у гэты час надзвычайную актыўнасьць, заклікаючы праз сваіх рэкрутаў — «ашаламляльна смуглых дзяўчын» з даўжэзнымі гучнагаварыцелямі — далучацца да студэнцкіх суполак. Падтрымаць сьвяточны дух і жаданьне ўступаць у суполкі мусяць шматлікія оўпэн-эйры, начныя паці і ванныя, усталяваныя наўпрост на галоўнай плошчы гораду.

«Я моцна не люблю ўсе гэтыя саюзы», — Леона з агідай адварочваецца ад вакна, ля якога буяніць чарговая тусоўка першакурсьнікаў у фірмовых майках нейкай студсуполкі. — «Каб уступіць у іх, трэба рабіць шмат непрыемных рэчаў», — намякае яна на традыцыйныя абрады пасьвячэньня, што практыкуюцца старшакурсьнікамі.


Нацыянальная гульня на вуліцах Маастрыхту

На жаль, магчымасьці далучыцца да суполкі ці проста паўдзельнічаць у сьвяточнай паці ў нас не было. Затое і ў наступныя дні канца жніўня мы ня раз сустракалі такія закрытыя паці, на якіх 18-гадовыя чувакі, апранутыя ў гарнітуры, падобныя да тых, што насілі Beatles у сярэдзіне 60-х, са сьвістам і гамам сустракалі ля пад’езду клюбу дзе-небудзь у цэнтры Амстэрдаму аднолькавыя чорныя саабы зь першакурсьнікамі на борце. Новапрыбыўшыя абдымаліся выключна з усімі ўдзельнікамі дзеі і пасьля аддаваліся бесклапотнай студэнцкай папойцы.


Рэктары Маастрыхтскага ўнівэрсытэту ва ўсёй красе

Фэйкавая сталіца

Галоўная расчараваньне ўсіх раялістаў — у Амстэрдаме каралевы няма. Яна жыве ў недалёкай Гаазе, у палацы пад гербом са знакамітым надпісам «Я выстаю!» Герб — спадчына яшчэ ад далёкага прапра…дзядулі цяперашняй каралевы ўсіх галяндцаў Беатрыкс (той самай, што надае перавагу селядцам) — Вільгельма Аранскага Маўклівага. Маўклівым яго празвалі за тое, што той змаўчаў, даведаўшыся страшную праўду пра гішпанскія пляны рабаўніцтва галяндцаў. Але праз 20 гадоў, калі пляны пачалі ажыцьцяўляцца, маўчаць ня стаў. Прынц Вільгельм узначаліў вызвольнае паўстаньне супраць гішпанскага прыгнёту яшчэ ў 16 стагодзьдзі. З тых часоў дом Аранскіх пасьпяхова правіць Злучанымі правінцыямі (так зваліся раней Нідэрлянды).


Акрамя каралевы ў Гаазе можна пазнаёміцца з калекцыямі тузіну музэяў, прыкольным будынкам Міжнароднага Крымінальнага Суду, які ня варта блытаць з Гаагскім трыбуналам, які таксама месьціцца ў гэтым горадзе, і Паўночным морам, да якога ходзіць трамвай нумар 9. Праўда, бывае, трамвайныя шляхі залівае вадзічкай, і да цэнтру гораду прыходзіцца ісьці пешкі. Ня дзіўна, бо краіна пераважна знаходзіцца ніжэй узроўню мора.

«Убачыць Амстэрдам і жыць»

За пяць дзён, якія прайшлі ў Нідэрляндах, мы яшчэ ніводнага разу не сустракалі пах канабізу. І вось мы ляцім па аўтабане на 150 км\г з кіроўцам, які зусім не турбуецца адносна правілаў дарожнага руху і паліць самыя звычайныя для гэтых месцаў каноплі, што ў кавашопах прадаюцца за сьмешныя 2 эўра. Болей пра наркатычнае жыцьцё па-галяндзку ў артыкуле «Чувакі, вы ў Амстэрдаме. Так трэба!».

Кропкавыя бамбардзіроўкі

Ня толькі чэхі, немцы і палякі сталі менш езьдзіць стопам. Раней Нідэрлянды славіліся тым, што ўлады настваралі тут афіцыйных кропак для аўстастопу, «Liftersplaats»: нібы вось табе, аўтаспыншчык, бясьпечнае месца для тваёй справы — і кіроўцы ведаюць, дзе браць людзей, і табе зручней. Liftersplaats і зараз там-сям ёсьць, але паступова, з рэканструкцыяй трасаў, такія кропкі бессаромна зьнікаюць з мапаў гарадоў. Як і спыншчыкі, пераманеныя таннымі квіткамі авіякампаній, зьнікаюць з эўрапейскіх трасаў.


У Нідэрляндах яшчэ захаваліся афіцыйныя кропкі для аўтаспыну

Чорная каса

Сухія лічбы кажуць наступнае:

  • 2000 кілямэтраў аўтаспынам;
  • 260 эўра патрачана на вандроўку (на чалавека — улучна 110 эўра на пералёт Ryanair’ам назад і дастаўку ў аэрапорт);
  • 16 машын спынена;
  • 5 сутак спатрэбілася, каб пераадолець 2 тысячы кілямэтраў зь Менску да Амстэрдаму.
Глядзіце Вандроўку Менск-Амстэрдам на вялікай мапе
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0618 seconds.