Аўтаспынам па Эўропе: 3000 кілямэтраў за 54 эўра

Скарыць Эўропу: кампанія, шэнген і аўтаспын — лепшыя памагатыя ў дзёрзкай задумцы. Алесь Герасіменка і Кацярына Безмацерных выправіліся зь Менску ў 24-дзённае падарожжа праз Украіну, Польшчу, Чэхію, Аўстрыю з першапачатковай мэтай даехаць да Італіі. Карысныя занатоўкі пра эўрапейскі аўтаспын і ўласныя адкрыцьці ад сустрэтых людзей, гарадоў, дарог — у аповедзе.

«Цяпер вы здольныя бачыць тое, чаго ня бачу я», — кажа нам паляк Рафал. Але, бо мы ў стане вандроўкі. Дарога — асаблівае вымярэньне. Тыдзень тут тоесны месяцу, а ежа ў тры разы больш смачная.

Аўтаспынам па Эўропе ў лічбах:

  • 17 наведаных гарадоў
  • 35 спыненых машын
  • 17 на начоўкі ў кэмпінгах
  • 54 з чалавека на ўвесь транспарт

Праехаўшы амаль 3000 кілямэтраў аўтаспынам па дарогах Эўропы, мы зразумелі, што мэта ня грае ніякай ролі ў падарожжы, а людзі могуць бясконца зьдзіўляць і рабіць дабро. 

Мы едзем аўтаспынам у паўночную Італію! Праз Украіну, Польшчу, ЧэхіюАўстрыю.

У вандроўках я люблю маршруты і мапы. А мая спадарожніца Каця ня любіць і дрэнна ў іх разьбіраецца. А любіць заўважаць мудрыя урокі, што звальваюцца на галаву.

­

Львіў, і мы «пакідаем» шчасьліваму незнаёмцу на ўкраінскім рынку цэлых 130 эўра! Пазлавацца, паплакаць… Але шмат у якіх вандроўных прыгодах ёсьць пра забыў/згубіў/скралі. Губляць, відаць, так жа натуральна, як пачатак і канец. Губляць, відаць, так жа непазьбежна, як і знаходзіць. І мы па ранейшаму едзем у Італію.

Дзесьці паміж старажытным украінскім Львовам і калісьці заснаваны князем Давыдам польскім Пшэмысьлем па разьбітых украінскіх дарогах ляцела машынка з 4-ма вельмі рознымі людзьмі. Іх, як тое заўжды бывае, аб’яднала дарога.

Траса на польскі Пшэмысьль пачыналася з прадаўцоў кавуноў і чаргі платных спыншчыкаў. На жаль, мы не прасяклі галоўную фішку: стопіць на месцы, дзе звычайна стопяць «лакалы» (мясцовыя жыхары) і едуць, адпаведна, за грошы, нельга. Зьехалі мы з гэтага месца даволі пасьпяхова. Але калі вылазілі з машыны, адбыўся непрыемны момант: стары і добранькі дзядзька-кіроўца дапамог дастаць рэчы з багажніка і зрабіў характэрны жэст, паціраючы ўказальны палец аб вялікі: «давайце грошы». Сытуацыя была вельмі непрыемная, асабліва пасьля таго, як мы згубілі больш за трэцяю частку нашага вандроўнага бюджэту. Далі яму 5 эўра за сорак кілямэтраў. Дзядзьку было «малавата», але на гэтым мы разьвіталіся, папярэдне паціснуўшы рукі. Няма людзей дрэнных, а ёсьць людзі з маральлю не такой, як у цябе, зразумелі мы.

Глівіцэ — польскі горад між Вроцлавам і Кракавам. Мы любім Глівіцэ за нашых прыяцеляў — шчасьлівую гіпоўскую сямейку Рафала і Галіну (знаёмства адбылося праз незамяняльны hospitalityclub). Мы любім Глівіцэ за старажытны рынкавы пляц з ратушай, гіпэрмаркет і простае жыцьцё, якое добра бачнае тут.

Сплыў на байдарках і памежная Чэхія

­

Учацьвярых на маленькім Daewoo мы выпраўляемся ў Чэхію, на рэчку Маравіцу — сплаўляцца на байдарках. Гэтая спартовая забава наладжана тут масава. Чэхі і палякі спрытна пераскокваюць парогі цэлымі сем’ямі.

Наш кемпінг недалёка ад мястэчка Градзец — стаіць на беразе Маравіцы. Дабіраюцца ў кемпінг у асноўным на машынах, але для тых, хто ужо сплавіўся і хоча вярнуцца сюды, існуе аўтобус да вёскі Падграды.

Вакол ўзгоркі па 500 мэтраў вышынёй, парослыя высокімі-высокімі соснамі ды елкамі. Праз гэты лес бягуць чырвоныя, зялёныя і жоўтыя турыстычныя сьцежкі. У пэўны момант сьцежка можа з роварнай перайсьці ў сапраўдную горную з высокімі прыступкамі, высечанымі ў скале, і 70-сантымэтровымі праходамі паміж абрывам і зарасьнікам. Гранітныя камяні мокрыя, а цемра не дае дасканала бачыць дарогу. Наш невялічкі паход па турыстычных сьцежках скончваецца перацягваньнем маладых дрэваў у кемпінг для начнога вогнішча.

У дзень нашага прыезду ішоў вялікі дождж, таму большасьць байдарачнікаў засталася ў кемпінгу. Яны пілі ўвесь дзень, і пад вечар гэтыя моцныя мужчыны ў паходнай вопратцы сталі нагадваць даўняе рыцарскае войска на адпачынку: разьвязнае і дзікаватае.

Мы пасьпяхова праходзім свае дзесяць байдарачных кілямэтраў Маравіцы, сустракаем беларуску з-пад Ліды, якая, бачна па ўсім, любіць актыўны адпачынак і багацеяў-палякаў, і, закаштаваўшы чэскага піва, выпраўляемся назад у Польшчу.

Увечары над Бяскідамі вісіць белая дымка. Сэрпантын у сьвятле чырвонага месяца бяжыць уверх, віляючы ўзад-уперад. Боб Марлі лепш за ўсё гучыць напрыканцы цяжкага дню ў камфорце маляўнічай дарогі.

Мяжа з Чэхіяй — усяго толькі сонныя будыніны. Мы ж у Эўразьвязе, дзе няма межаў між краінамі! Узрадаваныя, прызвычаеныя да строгіх памежнікаў і візаў, мы з прыемнасьцю пераходзім сьцертую мяжу яшчэ раз, і яшчэ раз, і яшчэ…

La Mia Italia

З самага пачатку, яшчэ не атрымаўшы нават шэнгенскую візу, галоўным пытаньнем вандроўкі была яе мэта: канцавая кропка, у якую мы марылі трапіць. Хацелася, чамусьці, як мага далей і хутчэй. Такімі далёкімі і цікавымі кропкамі выглядалі Амстэрдам у Галяндыі і Італія зь яе усхваленым яшчэ Хэмінгуэем ў «Бывай, зброя!» Удзінэ.

Атрымалася, што выбралі Італію. Праз hospitalityclub знайшлі ўдзінэскую сямейку зь дзецьмі, сабакам і домам з садам, дзе, як пісалі гаспадары, мы «маглі паставіць намёт, калі таго жадаем».

А ад Удзінэ усяго ў 80 кілямэтрах знаходзілася адна з сусьветных турыстычных Мекк — Вэнэцыя. Ехаць туды трэба было з Польшчы ў Чэхію, затым праз Аўстрыю ў Італію. Вельмі лёгка — «усяго два дні пры дастатковым пасьпеху», — абяцаў нам Рафал.

«Але ніколі, ніколі не рабіце дзьве рэчы, — завяршыў ён апісаньне маршруту ў Італію, — не заяжджайце ў Вену і ня ночце ў высокіх Альпах за Грацам».

Два сьвятых правіла, якія мы спрабавалі сьвята выконваць. Але не атрымалася.

Бо не заехаць у Вену было проста немагчыма. Даволі лёгка даехаўшы да мяжы з Аўстрыяй праз усю Чэхію з адным-адзіным дальнабойшчыкам (прафэсіяналы-аўтаспыншчыкі ў Эўропе завуць іх цірамі), мы завісьлі на месцы, ад якога заставалася толькі 80 км да Вены і 130 да горада Вінэр-Нойштадт, з цудоўнай запраўкай (Расштэттэ), ад якой можна было стопіць вельмі лёгка і вельмі далёка. Напрыклад, ва Удзінэ. Аўстрыйскія, як і нямецкія аўтастрады, ня маюць абмежаваньняў хуткасьці, таму спын на іх і забаронены і сам па сабе вельмі небясьпечны.

­

Тут, на мяжы Чэхіі і Аўстрыі, стаяў вялізны комплекс Duty Free. Усё зьмяшалася ў неверагодным салаце культур і тавараў: бутафорскі замак з дымадыхаючым цмокам, дзесяткі дзіўных артэфактаў, зробленых у лепшых традыцыях гульні «Героі», турысты, якія вяртаюцца з Адрыятыкі, гіпэрмаркеты, забітыя альбо безакцызным алькаголем, альбо прадстаўнікамі Азіі.

Мы настойліва прастаялі 1.5 сутак і праспалі ў намёце тры ночы на адной пазыцыі, пасьля чаго канчаткова адмовіліся ад італьянскай мары. Так згубіўшы адну мэту, мы атрымалі ад лёсу дарогу ў Вену і Альпы.

Расповед пра працяг і завяршэньне падарожжа, тэматычныя фотарэпартажы глядзіце і чытайце ў другой частцы «Аўтаспынам па Эўропе: І тое, што дома звычайнасьць, у дарозе — мастацтва».

Сіні колер — дарога зь Менску ў Эўропу, фіялетавы — назад.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0603 seconds.