Швэйцарскі суд забараніў карміць скаціну каноплямі

Швэйцарскі вярхоўны суд паставіў кропку ў даўняй спрэчцы: карміць ці не карміць кароў каноплямі. Вырашылі, што карміць ня варта, бо каноплі ўсё ж трапляюць ў арганізм чалавека праз малако. Фэрмэры кажуць, што каноплі паляпшаюць якасьць малака.


Беларускія каровы пакуль могуць жэрці ўсё, што знойдуць на калгасных палетках

Некалькі гадоў таму стала вядома, што фэрмэры памежнага нямецкамоўнага кантону Тургаў практыкуюць кармленьне сваіх кароў і сьвіньняў каноплямі. Такім чынам яны падвышаюць якасьць малака, а таксама паляпшчаюць рэпрадуктыўныя функцыі скаціны. Прычым адзін фэрмэр каноплі вырошчвае і дае сваім каровам, а другі каноплі набывае, і дае сьвіньням.

Справай фэрмэраў заняліся ў мясцовай пракуратуры, якая давяла яе да суда, што ўладальніка кароў апраўдаў, а вось уладальніка сьвінафэрмы прызнаў вінаватым. Суд абгрунтаваў сваё рашэньне тым, што першы фэрмэр вырошчваў каноплі для сваіх патрэбаў, а вось другі — набываў іх, што законам забаронена.

Аднак пазьней высьветлілася, што рэшткі наркатычных рэчываў, якія ўтрымліваюцца ў гашышы, прысутнічаюць і ў малацэ кароў, якім даюць каноплі. Малако ўтрымлівала каля 2% наркатычных рэчываў, у той час як дапушчальная іх колькасьць складала 0.3%.

І вось, як паведамляе «РИА Новости» са спасылка на Швэйцарскае тэлеграфнае агенцтва (ATS), Швэйцарскі вярхоўны суд паставіў кропку ў даўняй спрэчцы і забараніў усім фэрмэрам карміць скаціну каноплямі. Прадстаўнікі вярхоўнага суду лічаць, што закон забараняе карміць жывёлу каноплямі ў незалежнасьці ад таго, хто яе выгадаваў. Тым больш, у корме жывёлаў ня можа ўтрымлівацца рэчываў, якія шкодзяць чалавечаму арганізму.

Рашэньне вярхоўнага суда перададзеная ў кантанальны суд, які павінен вынесьці новы вэрдыкт.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2707 seconds.