Беларусь — у сусветных лідэрах па росце спажывання наркотыкаў

Беларусь за апошнія гады стала адным з сусветных лідэраў па долі насельніцтва, якая ўжывае наркотыкі шляхам ін’екцый. Гэтая, а таксама іншыя несуцяшальныя для нашай краіны высновы ўтрымлівае Сусветная справаздача па наркотыках, прадстаўленая ў Вене Упраўленнем ААН па наркотыках і злачыннасці.


Беларусы любяць па-цяжэй: узровень спажывання канопляў у Беларусі і іншых краінах (чым большае кола, тым вышэйшы ўзровень). Болей наркатычных візуалізацый тут

Паводле справаздачы, з 2008 па 2011 гады колькасць беларусаў ва ўзросце ад 15 да 64 гадоў, што сядзяць на ігле, вырасла больш чым на 10%. Гэта рэкордны паказчык для ўсіх краін, сітуацыя ў якіх разглядаецца ў справаздачы. Мы апярэдзілі, да прыкладу, Аўганістан, Пакістан і Віетнам.

З прыкладна 104 тысячаў беларусаў, што ўжывалі ў 2008–2011 гадах наркотыкі шляхам ін’екцый, шмат хто жыве з ВІЧ. Рост захворванняў ВІЧ сярод людзей з нарказалежнасцю склаў за гэты час 11%, у той час як у большасці краін адсотак нарманаў з ВІЧ зніжаўся. У Расіі, напрыклад, на 400 тыс. чалавек.

Беларусь называецца таксама як вытворца метамфетаміну. За 2011 год дзевяць такіх лабараторый было ліквідавана ў нашай краіне, хаця ў папярэднія гады ніводнай не было знойдзена. За гэты ж час некалькі дзясяткаў падобных лабараторый выявілі ў Польшчы, і тысячы — у ЗША.

Зрэшты, метамфетаміны яшчэ не самыя папулярныя ў Беларусі наркотыкі. Калі верыць справаздачы, дадзеныя ў якой прыведзеныя за 2006–2011 гады, найбольшая доля беларусаў — болей за 100 тысячаў — ужываюць каноплі. Гэта адпавядае сусветным трэндам. У суседняй Літве, да прыкладу, паводле афіцыйных дадзеных «траву» паліць у пяць разоў большая доля насельніцтва, чым у Беларусі.

Другое па «папулярнасці» месца ў Беларусі займаюць апіяты — гераін і опіюм. Іх ужываюць каля 0.59%. Далей у топе наркотыкаў ААН ідуць метамфетаміны (0.35%) і экстазі (0.31%). А вось какаін у Беларусі, у адрозненні ад Вялікабрытаніі, Ізраілю і Італіі, не вельмі папулярны. Толькі 0.06% ужываюць яго.

Агулам у свеце каля 240 мільёнаў наркаманаў. Гэта крыху больш за 5 адсоткаў насельніцтва планеты. І па-ранейшаму каля 200 тысяч чалавек штогод паміраюць ад ужывання незаконных наркотыкаў.

Тым часам

Праз ініцыятыву міліцыі за ўжыванне наркотыкаў у Беларусі могуць хутка пачаць судзіць.

«Мы зрабілі першы крок, і наша ініцыятыва была падтрымана ўсімі зацікаўленымі бакамі, — заявіў з гэтай нагоды намеснік начальніка ўпраўлення па наркагандлю і супрацьдзеянню гандлю людзьмі МУС Беларусі Васіль Лосіч. — Мы ініцыявалі ўвядзення адміністратыўнай адказнасці за ўжыванне наркатычных і псіхатропных сродкаў грамадскіх месцах. У першым чытанні ў парламенце гэты праект не сустрэў якіх-небудзь пярэчанняў».

comments powered by Disqus
 
In 0.0596 seconds.