Noize MC пасадзілі на 10 сутак

У Расеі затрыманы і асуджаны на 10 сутак рэпэр Noize MC. Затрыманьне адбылося пасьля выступу музыкі на фэсьце ў Валгаградзе, дзе рэпэр пакрыўдзіў міліцыянтаў. У выніку ён пакараны па артыкуле «дробнае хуліганства».

Па словах прэс-аташэ Івана Аляксеева, больш вядомага як Noize MC, падчас выкананьня на фэстывалі песьні «Бабки в шапку» бубнач гурту Noize MC выйшаў да гледачоў з бэйсболкай, у якую прапаноўвалася апускаць дробязь. Як перадае «Эхо Москвы», гэта традыцыйны нумар, які паўтараецца амаль на ўсіх канцэртах рэпэра. Аднак у Валгаградзе органы аховы парадку аказаліся незадаволеныя такімі паводзінамі музыкі і заявілі, што фактычна гэта зьяўляецца жабраваньнем.

Нумар быў спынены, аднак Noize MC пракамэнтаваў сытуацыю са сцэны. Міліцыянэраў Noise MC назваў «цудоўнымі жывёламі з чырвонымі кукардамі». Пасьля ён прысьвяціў ахоўнікам правапарадку песьню «Кури бамбук».


Гэты выступ у Валгаградзе выклікаў незадаволенасьць расейскіх міліцыянтаў

Як высьветлілася, міліцыянты пакрыўдзіліся на рэпэра і пасьля канцэрту яму прапанавалі прайсьці ў аддзяленьне міліцыі. Там Noize MC прабыў да панядзелка, 2 жніўня, калі адбыліся судовыя слуханьні. Noize MC быў асуджаны па артыкуле «дробнае хуліганства» за зьнявагу супрацоўнікаў правапарадку. Бліжэйшыя дзесяць сутак яму давядзецца правесьці пад вартай.

Noize MC вядомы актыўнай грамадзянскай пазыцыяй. У лютым 2010 года ён напісаў трэк «Мэрсэдэс S666. Дарогу калясьніцы», прысьвечаны аварыі ў Маскве з удзелам віцэ-прэзыдэнта нафтавай кампаніі Лукойл. Выпадак меў шырокую агалоску, бо ў аварыі загінулі дзьве лекаркі. За тыдзень да затрыманьня Аляксеева ў амэрыканскай газэце The Wall Street Journal быў апублікаваны артыкул, прысьвечаны музыцы, пад назвай «Рускі рэп натхняе рух супраціву».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0052 seconds.