«Ляпіс Трубяцкой» і Noize MC паказалі сьвету «Болт»

29 верасьня ў Сеціве адбылася прэм’ера сумеснага кліпа «Ляпіса Трубяцкога» і расейскага рэпэра Noize MC. Правакацыйна-наватарскае відэа пад назвай «Болт» зьняў рэжысёр Аляксей Церахаў, адказны і за папярэднія гучныя ролікі «Ляпісаў»: «Ау», «Капитал» і «Огоньки».

Першапачаткова Аляксей Церахаў зьбіраўся экранізаваць арыгінальную песьню «Болт» з альбома «Ляпіса Трубяцкога» «Культпросвет». Праца над кліпам пачалася больш за паўгады таму: былі прыдуманыя дзіўныя пэрсанажы, вырабленыя адмысловыя касьцюмы, праведзены кастынг актораў, зробленая плястылінавая анімацыя і г.д. Але потым працэс спыніўся…

«Тэмпарытм рухаў пэрсанажаў у відэашэрагу не падыходзіў пад песьню, якая гучыць як агітацыйны марш, — распавядае лідэр „Ляпісаў“ Сяргей Міхалок. — Мы спрабавалі розны мантаж, але нічога не атрымлівалася. У нас была бадзёрая песьня і выдатны кліп, якія адзін аднаму зусім не падыходзілі».

Тады і ўзьнікла ідэя запрасіць Noize MC, зь якім музыкі гурта «Ляпіс Трубяцкой» даўно сябруюць і ў асабістым, і ў творчым пляне.

«Мы прапанавалі Вані Нойзу зрабіць рымэйк або рэмікс на „Болт“, прыдумаўшы нейкі рэчытатыў, — тлумачыць Міхалок. — Ваня пагадзіўся, і ў выніку атрымалася зусім новая рэч, якая асабіста мне вельмі падабаецца».

«Для мяне гэта быў першы досьвед такой працы, — дадае Іван Аляксееў, ён жа Noize MC. — Звычайна кліпы здымаюцца пад пэўную музыку і словы, а я, наадварот, складаў тэкст пад напалову гатовы кліп. У нейкі момант у мяне здарыўся затык, але пасьля выхаду з валгаградзкага спэцпрыёмніка я хутка дарабіў трэк — мабыць, дапамагло эмацыйнае ўзрушэньне».

17:00, 29/09/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.053 seconds.