Беларусь вырашыла далучыцца да Балоньскага працэсу

Прэзыдэнт Лукашэнка даручыў міністру адукацыі Радзькову пачаць працэдуру далучэньня Беларусі да Балоньскага працэсу. Гэта можа пацягнуць за сабой інтэграцыю краіны ў прастору вышэйшай адукацыі Эўропы, прызнаньне беларускіх дыплёмаў за мяжой, зьмены ў тэрмінах навучаньня і відах дыплёмаў беларускіх ВНУ.


Месяц таму Лукашэнка казаў, што выступае супраць далучэньня да Балоньскай сыстэмы. Фота СТВ

Аб рашэньні Аляксандра Лукашэнкі сёньня паведаміла БелТА. Дадатковых камэнтароў пакуль не паступала.

Балоньскі працэс, мэтай якога ёсьць стварэньне адзінай Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, распачаты ў 1999 годзе. Ён прадугледжвае наяўнасьць трох ступеняў адукацыі: бакаляўр, магістар і доктар. Балоньская дэклярацыя уводзіць узаемнае прызнаньне дыплёмаў па ўсёй Эўропе, уніфікацыю адукацыйных стандартаў.

На пачатку чэрвеня гэтага году Аляксандр Лукашэнка адрынуў прапанову міністра адукацыі аб далучэньні да прасторы, заявіўшы, што Беларусь працягне будаваць «нармальную сыстэму адукацыі».

Цяпер у Палаце прадстаўнікоў у другім чытаньні знаходзіцца праект Кодэксу аб адукацыі, які ня надта адпавядае прынцыпам Балоньскай сыстэмы. Як будуць вырашаць гэту задачу чыноўнікі, застаецца пад пытаньнем.


Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, якая не далучылася да працэсу стварэньня супольнай эўрапейскай адукацыйнай прасторы

Сярод плюсаў далучэньня да Балоньскага працэсу міністар Радзькоў называў магчымасьць распрацоўваць новыя адукацыйныя праграмы, а таксама павялічваць колькасьць замежных студэнтаў. Казаў міністар і аб шанцах ўдзелу ў праграмах абмену, якія зараз збольшага зачыненыя для Беларусі.

Яшчэ раней, у сакавіку 2009, Радзькоў заявіў, што Беларусь будзе далучацца да Балоньскага працэсу, бо гэта не закране ідэалёгію.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0582 seconds.