Брытанскім цінэйджэрам выдаюць бабуль і дзядуль напракат
У Брытанскім ўрадзе прадставілі праграму сацыяльнай дапамогі падлеткам, галоўнымі дзеючымі асобамі якой стануць пэнсіянэры-валанцёры. Яны мусяць дапамагчы падлеткам разабрацца ў цяжкасьцях дарослага жыцьця.
Ідэя належыць лорду Фрэйду, памочніку дзяржсакратара брытанскага ўрада, які адказвае за рэформу сацыяльнага сэктару. Яшчэ да прызначэньня на новую пасаду ён уклаў у праграму каля 200 тысяч фунтаў стэрлінгаў з уласнай кішэні.
Ініцыятыва заключаецца ў прадастаўленьні цінэйджэру магчымасьці пагутарыць з мудрымі і вопытнымі бабулямі ці дзядулямі, якіх у яго, на жаль, няма. Сталыя брытанцы будуць дапамагаць падлеткам парадамі ў такіх пытаньнях як працаўладкаваньне, навучаньне, адносіны з бацькамі і сябрамі.
«Падлеткі знаходзяцца ў самым пачатку жыцьцёвага шляху, перад імі стаіць вялікая колькасьць пытаньняў, але ў той жа час адкрываецца маса магчымасьцяў. Наколькі я разумею, мая роля ў асноўным — гэта быць слухачом, і па магчымасьці падзяліцца тым, чаму мяне навучыла жыцьцё за ўсе гэтыя гады», — распавяла адна з валянтэрак пэнсіянэрка Сара.
Валянтэры — мужчыны і жанчыны старэйшыя за 50 гадоў, — спачатку адбіраюцца кіраўнікамі праграмы, а пасьля праходзяць спэцыяльны трэнінг па працы з падлеткамі ва ўзросьце ад 14 да 19 гадоў.
На сёньняшні дзень такіх спэцыяльна навучаных бабуляў і дзядуляў ўжо 18. Арганізатары спадзяюцца, што ў бліжэйшыя тры гады іх колькасьць павялічыцца ў тры разы. Кожнаму зь іх псыхолягі падбіраюць прыдатнага падлетка, зь якім яны сустракаюцца адзін на адзін раз на тыдзень на тры гадзіны.
Міністар Фрэйд, які фінансаваў праграму зь бюджэту сваёй дабрачыннай арганізацыі ў апошнія два гады, спадзяецца на тое, што экспэрымэнт, які праводзіцца пакуль толькі ў двух раёнах Лёндану, апынецца пасьпяховым.