Чаму Озі Озбарн дагэтуль жывы?
Озі Озбарн вырашыў завяшчаць сваё цела пасьля сьмерці навуцы. Да таго ж ён трапіў у лік тых нешматлікіх людзей, чый геном будзе поўнасьцю расшыфраваны. Брытанскія навукоўцы імкнуцца зразумець, чаму Озі дагэтуль жывы.
Вакаліст Black Sabbath, Озі Озбарн быў знакаміты сваім выключна нездаровым ладам жыцьця. Апошнім часам 61-гадовы Озі ўзяўся за розум і задумаўся аб здароўі. Нават пачаў весьці адпаведную калёнку ў брытанскім таблоідзе The Sunday Times.
Але пытаньне, чаму Озбарн дагэтуль жывы, усё больш турбуе навукоўцаў. Таму Озі вырашыў пакінуць ім у спадчыну сваё цела: дактары здолеюць бліжэй пазнаёміцца зь ім у лёнданскім Музэі прыродазнаўства. Пасьля сьмерці, вядома. А ў бліжэйшыя месяцы, як паведамляе Sky News, геном музыкі будзе поўнасьцю расшыфраваны. Праз такую апэрацыю ва ўсім сьвеце прайшлі лічаныя людзі.
«Жывая легенда» (такі тытул музыку два гады таму надаў часопіс Classic Rock) мае ў сваім рэзюмэ шматлікія алькагольныя і наркатычныя залежнасьці. Яго лекавалі ад шаленства, пасьля спробы зьесьці кажана на канцэрце, ад наркатычнай залежнасьці (Озі пасьпеў паспрабаваць 42 віды наркатычных рэчываў), захворваньня вачэй, якое пагражала слепатой. Таксама Озі трапляў у авіа-ДТЗ, падаў з квадрацыклу і ламаў шыйны пазванок, пераносіў шматлікія прыпадкі і прыступы.
Навукоўцы спадзяюцца, што дасьледаваньне геному рок-музыкі дазволіць лепей зразумець, чаму яго арганізм здольны вытрымліваць такія перагрузкі, якія звычайны чалавек вытрымаць ня здольны.