Шлюбныя візы ў Вялікабрытанію будуць выдавацца пасьля моўнага тэсту

Бязь веданьня ангельскай за брытанца замуж больш ня выйдзеш. Па новых правілах жыхары краін, што не ўваходзяць у ЭЗ, мусяць прадэманстраваць веданьне ангельскай мовы, калі яны хочуць пераехаць да брытанскага мужа ці жонкі. Новыя правілы тычацца і аднаполых шлюбаў.

Беларусам і беларускам, а таксама іншым жаніхам і нявестам, што прыбываюць звонку Эўрапейскага Зьвязу, цяпер прыйдзецца здаваць тэст на веданьне ангельскай мовы перад тым, як адправіцца ў Вялікабрытанію. Адпаведна з законам, які ўваходзіць у сілу ўжо ўвосень, ангельскую трэба ведаць на ўзроўні, які дастатковы для паўсядзённага жыцьця. Аб гэтым піша BBC.

Раней шлюбная віза была бясплатная, а ўмовы яе атрыманьня — прасьцейшымі. Каб атрымаць шлюбную візу, трэба было толькі прадэманстраваць «сапраўднасьць адносінаў». У прыватнасьці, муж і жонка мусілі даказаць адмысловай камісіі, што карыстаюцца адной ваннай, і іх зубныя шчоткі захоўваюцца ў адным месцы.

Паводле існуючых правілаў, шлюбная віза даецца на два гады, пасьля чаго жонка ці муж можа прэтэндаваць на від на жыхарства і рыхтавацца да моўнага тэсту. Цяпер тым, хто жадае ўзьяднацца са сваім мужам, трэба будзе спачатку падвучыць інгліш, а пасьля ўжо зьбіраць валізкі ў Брытанію.

Як адзначае кіраўніца брытанскай шлюбнай агенцыі Вольга Назарава, якая зводзіць жанчын з усходу, у тым ліку зь Беларусі, з ангельскімі мужчынамі, усё больш брытанцаў прыглядаюцца да дзеўчын з СНД, якія ўжо знаходзяцца на тэрыторыі Вялікабрытаніі. Па яе словах, мясцовым мужчынам усё цяжэй выконваць складаныя візавыя патрабаваньні па перавозу нявесты да сябе на радзіму.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0603 seconds.