«Не разумею тых, хто бегае з плакатам і крычыць, што быць геем — гэта вельмі крута»

Тэма гомасэксуальнасці ў беларускіх медыях звычайна трапляе ў раздзелы жоўтых навінаў або скандалаў. Гэта не дзіўна, бо традыцыйная сэксуальнасць звычайна трапляе туды ж. Кагосьці абражае нават згадванне пра існаванне людзей, якіх не прыцягвае супрацьлеглы пол. Але ёсць нямала і тых, хто абураецца любым артыкулам пра несяброўскае прыцягненне паміж людзьмі. «Далікатная тэма», — сказалі б інтэлігенты старога пакалення, або «Фу! бл..!» — скажуць «пацаны-ваще-ребята». Але Generation.by вырашыў звярнуцца да яе, бо не заўважаць тое, як глабальная поп-культура літаральна за некалькі год змяніла грамадскае стаўленне да гомасэксуальнасці з боку новага пакалення, не магчыма. Мы пагаварылі з двума незнаёмымі паміж сабой хлопцамі. Абодва яны геі. Першы хавае сваю арыентацыю, другі — не.

Глеб з Віцебску: «Мае бацькі не ведаюць, што я гей»

Глеб жыве ў Віцебску, яму 25 гадоў. Шмат сяброў, цікавая праца, высокая пасада, незвычайнае хобі. Але ў Глеба ёсць адна маленькая таямніца — ён гей. Пра гэта не ведаюць яго родныя і сябры. Нават ў гэтай публікацыі ён папрасіў выкарыстоўваць несапраўднае імя.

— Вітаю, Глеб. Чым вы займаецеся?

— Я працую, займаю высокую пасаду. Захапляюся развядзеннем пакаёвых раслін. Але рэдкіх у мяне няма, у асноўным розныя віды фікусаў ды кардылін.

— Ці лёгка Вам знайсці аднадумцаў у Беларусі?

— Вядома, не. Большасць баіцца агалоскі. Мае бацькі, напрыклад, не ведаюць, што я гей. На гей-вечарынках часта здараюцца аблавы. Раптам з’яўляюцца хлапцы ў форме, кладуць тварам да зямлі, потым камерай у вочы свецяць. Пытаюць імя, прозвішча, імя па бацьку, а таксама навошта я тут.

— А далей? Затрымліваюць?

— Не. Пасля гэтага, звычайна, усё сканчаецца. Нешта накшталт перапісу гомасэксуальнага насельніцтва.

— Глеб, што Вы думаеце пра стан ЛГБТ-супольнасці ў Беларусі?

— Я лічу, што нічога страшэннага не адбываецца. Іншых адносін мы і не ведалі ніколі. Што тычыцца асабіста мяне, то я баюся агалоскі таму, што займаю добрую пасаду. А вось мой знаёмы пры ўладкаванні на працу так і сказаў, што ён гей. І нічога не здарылася, працуе. Я б так не змог, не хачу рызыкаваць. А сітуацыя ў Беларусі цалкам прымальная. Няўжо ж вы сапраўды думаеце, што калі грамадства скажа нам «не», то мы кудысьці знікнем?

— Вы верыце ў каханне?

— Веру!

— Яшчэ не сустрэлі?

— Думаю, у Беларусі гэта будзе цяжка, бо я прыдзірлівы. Мабыць, толькі калі ў Мінску.

— А калі сустрэнеце, ці вы гатовыя далей хавацца?

— Гатовы, але прычым тут хавацца?! Я нядаўна быў у камандзіроўцы, у Лондане. Пазнаёміўся там з хлопцам, дык ён увесь час жадаў са мной пад руку хадзіць! Як узгадаю…

— А ў Віцебску?

— У мяне няма такога жадання, хадзіць з хлапцамі пад руку. Навошта гэта? Я не разумею тых, хто бегае з плакатам і крычыць, што быць геем — гэта вельмі крута. Гэта справа асабістая. Не трэба адразу з нас брэнд нейкі рабіць, быццам гей — гэта выдатна. Патрэбна пачаць з фільмаў і серыялаў, дзе ёсць геі. Каб людзі праз пэўны час ужо не рабілі здзіўлены твар пры слове «гей».

Юры са Слоніму: «Маці супраць наркотыкаў» прапаноўвалі мне дапамогу, абяцалі вылечыць

— Вітаю, Юры. Ці ведаюць вашы родныя, што Вы — гей?

— Так, бо гэта натуральна! Усе мае сваякі ведаюць, што я гей. Матуля, напрыклад, сказала: «Юра, табе добра, а мне ў тры разы лепш, я заўсёды буду побач з табой». Брат таксама падтрымаў, казаў, што галоўнае — гэта тое, што мы браты, а астатняе — мая асабістая справа. Жонка брата вельмі мудрыя словы знайшла. Сказала: «Юра, ты да мяне ў ложак не лезеш, і я да цябе не збіраюся». Агулам, усе мае блізкія ведаюць і ўсе разумеюць.

— Ці сустракаеце Вы такое ж разуменне ў грамадстве?

— На жаль, не. Адносіны да геяў у нашай краіне вельмі негатыўныя. Часам здаецца, што я жыву ў вялізарнай вёсцы, і жыхары яе, насуперак стэрэатыпам, зусім не талерантныя. Я жыву ў маленькім горадзе, Слоніме, тут усе пра ўсіх усё ведаюць.

У 2010 годзе ўдзельнічаў у конкурсе «Містэр Гей Беларусь», і ў раённай газеце выйшаў артыкул пра гэта. Дык на мяне як накінуліся розныя арганізацыі! «Маці супраць наркотыкаў» прапаноўвалі мне дапамогу, абяцалі вылечыць. Ад чаго толькі, я да гэтага часу не зразумеў. Я лічу, што геям у Беларусі ніколі не будзе камфортна, пакуль у нас такія кансерватыўныя і закрытыя людзі, нават на самых высокіх узроўнях.

— Ці атрымалася знайсці сваё каханне?

— У мяне быў хлапец. Мы сустракаліся каля 2 гадоў. У яго сям’і толькі маці ведала, што ён гей. Калі я ўпершыню прыйшоў да хлопца ў госці, мы разам распавялі яго родным. Усе нас зразумелі. Мы нават сябравалі сем’ямі: яго бацькі з маімі. На папярэдняй працы ўсе ведалі, што ў мяне ёсць хлапец, таксама ніхто не асудзіў. Але і лішні раз гэтую тэму стараліся не закранаць.

— Гей-супольнасць Беларусі сустракаецца ў рэальным жыцці, альбо гэта больш віртуальная з’ява?

— Асабіста я звыклы да размоваў у рэале, а не па сетцы. У мяне добрая работа, я мерчэндайзер у кампаніі «Нэстле». Захапляюся фотаздымкамі, раблю кліпы. Я адкрыты чалавек, вандрую па Беларусі, знаёмлюся з новымі людзьмі, сустракаюся з сябрамі. Але вельмі шмат геяў звыклыя хавацца, размаўляць у інтэрнэце ды сустракацца раз у месяц дзе-небудзь у падвалах клубаў. Я такога не разумею. Бо, калі ты не кажаш, хто ты ёсць на самой справе, ты хлусіш не іншым, а найперш самому сабе.


Яна Ляшковіч 14:51, 17.05.2013 | Ёсьць такія людзі |




comments powered by Disqus
 
In 0.0487 seconds.