Арыштаваны вядомы расейскі палітычны блогер

Алаўдзіна Дудко, які піша ў Livejournal пад нікам ingushetiya-ru, затрымалі па падазрэньні ў захоўваньні наркотыкаў і выбуховых рэчываў. Інгушскі блогер адкідае абвінавачаньні і зьвязвае арышт з журналісцкай дзейнасьцю.

Партал «Кавказский узел»  паведамляе, што Алаўдзін Дудко зьнік у ноч на 5 траўня. Да 14 траўня яго лёс заставаўся невядомым. Пазьней стала вядома, што блогер трапіў у Бутырскае СІЗА.

Сваякі апасаюцца, што Дудко можа быць абвінавачаны ў арганізацыі сакавіцкіх тэрактаў у маскоўскім мэтро.

«Усе сябры сям’і ў шоку ад таго, што адбываецца, паколькі немагчыма было ўявіць гэткія ганебныя дзеяньні ў дачыненьні да простага грамадзяніна, хай і з поглядамі на жыцьцё, адрознымі ад тых, што прапагандуюцца. На дадзены момант адсутнічае адвакат, якому можна цалкам давяраць, што таксама ўскладняе сытуацыю», — паведамляецца ў блогу ingushetiya-ru.

Блог ingushetiya-ru зьяўляецца «прыватным неафіцыйным люстэркам сайту www.ingushetiya.ru» (цяпер www.ingushetiya.org). Уладальнік сайту Магамед Еўлоеў быў забіты ў Інгушэціі ў 2008 годзе па загадзе кіраўніка аховы МУС Інгушэціі. Раней маскоўскі суд загадаў закрыць сайт, пасьля чаго ён пераехаў на міжнародны дамэн.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1004 seconds.