Беларуска-вандроўніца, што стала жыве ў Новай Зеландыі, распавядае пра тое, што такое «краіна для людзей, а не для народа», і як муж-новазеландзец нагадаў ёй, што яна не руская, а беларуска.
Воля Касцюк – дзяўчына з Століна, якая пасля вучобы ў БДУ з'ехала на некалькі гадоў працаваць у Маскву, а потым пачала вандраваць па свеце і ў паездках прадстаўлялася рускай, бо «так прасцей». Аднак, калі ў дзяўчыны з'явіўся муж з Новай Зеландыі, ён настаяў на тым, што Воля – беларуска.
У часе кароткага заезду ў Беларусь блогер і вандроўніца Воля Касцюк дала Generation.by сваё першае інтэрв’ю на беларускай мове. Вандроўніца, параўновае жыццё «тут» і «там» ды распавядае пра асаблівасці рытму жыцця ў руху.
Пасля дзяцінства ў Століне і вучобы ў БДУ, дзяўчына з'ехала працаваць у Маскву. Але пасля выпадковай паездкі ў Гоа захапілася вандроўкамі. Сустрэча ў Індыі з Браянам з Новай Зеландыі істотна змяніла яе жыццё. Зараз Воля жыве ў Новай Зеландыі, у яе нарадзіўся сын Джаспер, і яны працягваюць вандраваць разам.
У нас вандроўкі звычайна ўяўляюць як быццам бы ты ўвесь у заплечніках і лезеш на гару Эверэст. Ці на плыце сплаўляешся па горных рэках. То бок нібыта гэта толькі нейкі экстрым.
Мая сяброўка выправілася ў кругасветную вандроўку, а ёй пачалі пісаць, што гэта не ёсць вандроўка. Людзі думалі, што яна абавязкова паедзе ў Антарктыду і будзе там фатаграфавацца з пінгвінамі.
Для мяне жыць у вандроўцы гэта значыць не проста паехаць на два тыдні куды-небудзь у Тайланд ці на пару дзён у Еўропу. Калі мы вандруем, то ніколі не спыняемся ў адным месцы менш, чым на тры дні. Калі-некалі мы жывем, як напрыклад на Балі, тры месяцы.
Болей фотаздымкаў і гісторый пра Новую Зеландыю – у блогу Вольгі Касцюк: volha-olga.com
Я вельмі люблю дарогу. Баюся лётаць, але вельмі люблю аэрапорты – само гэта прадчуванне дарогі. Не ведаю, чаму так, можа з-за невядомасці. Малюеш нейкія вобразы ў сваёй галаве: якім будзе твой наступны дом, якія там будуць людзі. Я вельмі люблю адчуванне дарогі, таму што гэта рух.
Пасля кожнай сустрэчы думаю, навошта мне была дадзеная гэтая сустрэча. І вельмі часта мы з маім чалавекам узгадваем людзей, якіх мы ведалі толькі некалькі гадзін, але гэта было штосьці, што мы запомнілі найбольш.
Сустрэча з Браянам вельмі змяніла мяне. Я пачала думаць больш шырока. Але гэта, верагодна, дзякуючы і вандроўкам.
У БДУ я навучалася на факультэце рускай мовы і літаратуры. У тыя гады беларуская мова не катыравалася – людзі з сяла, з вёскі размаўлялі на беларускай мове – і былі «не ў пачоце». У мяне і ў школе не было добрага выкладчыка беларускай мовы, таму я не вельмі любіла беларускую мову. Пасля ўніверсітэту паехала ў Маскву і там жыла шэсць гадоў. Я не карысталася беларускай мовай.
І калі мы там сустракаліся з сябрамі – усе ведалі, што я з Беларусі, але я гэтага не ўсведамляла. І вось толькі, калі я паехала ў Індыю і сустрэлася з Браянам, з маім чалавекам, неяк, менавіта ў гэтым месцы, у гэты момант, пры яго дапамозе я пачала разумець, што я беларуска. Таму што, калі мы, напрыклад, знаёміліся з кім-небудзь з іншай краіны і я аўтаматычна казала, што я руская, Браян заўсёды папраўляў мяне і казаў: «Ты не руская, ты беларуска». І вось у гэты момант у мяне пачало прыходзіць усведамленне таго, што так – я беларуска, а не руская.
Нават, калі я буду мець новазеландскі пашпарт, маёй радзімай усё адно застанецца Беларусь. Гэта як ты не можаш змяніць сваіх бацькоў – так ты не можаш змяніць сваю Радзіму. Я не магу змяніць сваю Радзіму і не хачу яе змяняць. Новая Зеландыя ўжо будзе Радзімай майго сына, таму што ён нарадзіўся там.
Я сама з Палесся, нарадзілася ў Столінскім раёне, вырасла і скончыла школу ў вёсцы. Заўсёды пад час навучання ў Мінску, вяртаючыся дадому, калі цягнік пад’язджаў на Палессе, пачыналася раўніна, балоты – я ўвесь час глядзела ў вакно і думала, узгадвала «На ростанях» Якуба Коласа: «На прастор, на шырокі прастор!» Люблю Беларусь, але не магу сказаць, што мне яна падабаецца як дзяржава.
Што мне не падабаецца ў нашай краіне, гэта можна ахарактарызаваць адным словам – маразм. У Мінску, канешне, трошку лепей, прасцей жыць людзям. Але ў Століне, гэта… нейкія побытавыя рэчы. Мне не падабаецца, што нельга выклікаць сантэхніка, нельга знайсці кватэру, якую ты хочаш, у кватэры ўсё «Made in Chine», усё ламаецца. Мой чалавек ён не можа зразумець, чаму гаспадары кватэры не могуць набыць добрыя ручкі да дзвярэй. Ён кажа:
«У Беларусі, не гледзячы на тое, што Беларусь развітая дзяржава, тут існуюць нейкія класы людзей. Калі, напрыклад, у цябе ёсць нейкія сувязі, і табе нешта трэба – ты жывеш добра, але калі ў цябе няма нейкіх сувязей і табе нешта трэба – гэта ўжо зусім іншае жыццё».
Жыццё ў правінцыі вельмі адрозніваецца ад жыцця ў Мінску, вельмі. Мы жылі ў новазеландскім гарадку. Там было насельніцтва пяць тысяч чалавек. У нас было два вялікіх супермаркеты, ты можаш набыць там амаль усё, што ты хочаш. Там быў натарыюс. Там было ўсё, што ты можаш мець у вялікім горадзе. У Століне гэтага няма. Калі я прыходжу ў бальніцу ў Століне, у мяне пачынаецца дэпрэсія. Таму што сядзіш і думаеш: «Госпадзі, гэта не маё, я не адсюль».
Калі маці прыязджала ў Новую Зеландыю, мы яе звадзілі ў музей. У Окландзе музей гісторыі (галоўны музей у дзяржаве) і там ёсць цэлы паверх для дзяцей, дзе яны могуць кранаць, што хочуць, націскаць, у нешта гуляць. Мы выйшлі з музея і я пытаюся ў маці, ці спадабаўся ёй музей. Яна пачала плакаць. У мінулым яна была настаўніцай. Пытаюся, што ты плачаш, яна адказала: «Я плачу таму, што мы не можам мець гэтага. Чаму ў нас няма такога?»
Многія крытыкуюць мяне, і кажуць: «Ты прекланяешься перед Западом». Але я не прыхіляюся перад Захадам. Я проста думаю, чаму гэтага няма ў Беларусі. Бо мы сапраўды на гадоў 50-70 адстаем ад Новай Зеландыі. То бок мне не падабаюцца ў нашай краіне адсталасць і маразм.
Аднойчы я посціла нешта ў Facebook пра Новую Зеландыю, і адна дзяўчына зрабіла камент, які я запомніла: «Здаецца, Новая Зеландыя краіна для людзей, а не для народа», – я падумала, што гэта сапраўды дакладна.
Мне не падабаецца наш прэзідэнт, мне не падабаецца тое, што робіцца ў нашай краіне. Я спадзяюся, што аднойчы Беларусь увойдзе ў Еўрапейскі саюз, і людзі змогуць пабачыць лепшае жыццё.
Новая Зеландыя – гэта як вялікая вёска. У гэтай краіне няма такога, калі нехта ганарыцца і паказвае, які ён круты. Калі такое адбываецца ў Новай Зеландыі, да яго падыходзяць, і проста кажуць: «Навошта ты гэта робіш! Не рабі так!»
Людзі ў Новай Зеландыі звяртаюць больш увагу на тое, які ты чалавек, чым на тое, якая ў цябе машына. Паколькі там даволі малое насельніцтва – 4.5 мільёны, гэта як вялікая вёска. Я не магу сказаць, што людзі, якія жывуць у горадзе, ці ў маленькай вёсцы – адрозніваюцца. Таму, напрыклад, мой чалавек – ён можа касіць, сеяць. Калі мая маці даведалася, што Браян умее касіць, яна здзівілася: «Ён жа з Новай Зеландыі!»
Сярэднестатыстычны беларус – памяркоўны. Ён не будзе кідацца і ўсміхацца, і пытацца, як твае справы. Для гэтага патрэбны час. Напрыклад, калі мы вандравалі па Беларусі і спыняліся ў гатэлі ў Горадні, мы пайшлі ў кавярню паесці. Афіцыянтка там была вельмі не ветлівай. Гэта падкрэсліў Браян. Я сказала: «Дай ёй час». І сапраўды, праз час яна ўсміхалася і ўжо размаўляла з намі. Беларусу патрэбен час на раскачку.
Першая – няма грошай. З кім не размаўляю – ні ў каго няма грошаў, ніколі. Пры гэтым у людзей ёсць хаты, машыны, нехта навучае свайго сына або дачку ва ўніверсітэце платна – грошай няма. Другая – усе заўсёды хворыя. У бальніцы не прабіцца, там мільёны людзей. Трэцяя – пастаянны рамонт. Лета прыйшло, трэба рабіць рамонт, проста трэба: «Як жа гэта я буду сядзець без рамонта?»
Новазеландцы вельмі ветлівыя людзі. Калі я была цяжарнай, мне падавалася, што ўсе навокал былі радыя таму, што я цяжарная. Усе былі шчаслівыя за мяне. І адчувалася, што гэта шчырыя пачуцці.
Новазеландцы прыветлівыя, любяць паразмаўляць заўжды. Нават мой чалавек аднойчы тэлефанаваў у банк па нейкай справе, чую, ён смяецца. Размаўляе з менеджарам банку пра надвор’е, яшчэ пра нешта і жартуюць. І гэта размова была афіцыйнай.
Сярэдні новазеландзец не будзе звяртаць увагі на модныя тэндэнцыі: ёсць у цябе айфон ці няма – яму ўсё адно.
Людзі, якія жывуць у Беларусі, не адчуваюць нічога дрэннага ў адсутнасці дэмакратыі, калі гэта не тычыцца канкрэтна цябе. А калі ў твае дзверы пагрукалі і арыштавалі, то толькі тады ты прачынаешся, і думаеш: «О, хіба ў нас сапраўды няма дэмакратыі!» Толькі ў выпадку, калі гэта тычыцца персанальна цябе. А так ты жывеш, падаецца, што быццам бы ўсё добра: так, дэмакратыя – я магу пайсці ў кавярню і набыць гарбаты. Я магу прайсціся з сябрам па вуліцы, і сказаць, што мне не падабаецца прэзідэнт альбо напісаць пра гэта ў блогу. І падаецца, што быццам бы як і дэмакратыя. Але, калі капнуць глыбей, гэта не так.
Каб змяніць жыццё ў Беларусі, кожны з нас можа зрабіць нешта асабіста: усміхацца, дапамагаць адзін аднаму, рабіць нейкія маленькія добрыя справы, якія пераходзяць у вялікія. Можа быць калі доктар усміхнецца ў лякарні, то нашае жыццё стане лепей.
З 2012 году я вандрую ў розных краінах. За гэты час я не сустрэла ніводнага беларуса. Я хачу пажадаць, каб людзі вандравалі, то бок, каб не рабілі рамонты. Проста вандравалі. Гэта не дорага – зараз ёсць магчымасць вандраваць танна. Калі людзі вандруюць, яны вучацца лепшаму жыццю і бачаць, што можна быць шчаслівым.