Забавы на «Be2gether 2010»: ад касьмічнага валейболу да вясельля!

У літоўскай амбасадзе пачалася выдача бясплатных візаў для наведвальнікаў фэстывалю «Be2gether 2010», які адбудзецца 25–27 чэрвеня каля замка Нарвілішкес. Самы час распавесьці пра тое, якія забавы чакаюць гледачоў на фэстывальнай пляцоўцы акрамя ўласна музыкі.

Be2gether 2009

Be2gether 2009

Be2gether 2009
Забавы на Be2gether 2009

Касьмічны валейбол

Наведвальнікі фэстывалю «Be2gether 2010» будуць мець магчымасьць паназіраць і нават паўдзельнічаць у захапляючай гульне босабол. Гэты новы від спорту ўжо стаў сэнсацыяй у Гішпаніі і ЗША, дзе зьбірае шмат публікі. Першы ў Літве турнір па босаболе адбудзецца на «Be2gether».

«Босабол — гэта нешта кшталту касьмічнага валейболу, дзе няма сілы прыцягненьня і гульцы атрымліваюць асалоду ад неабмежавай свабоды руху. Па надзьмутым мячы можна біць самымі рознымі спосабамі, гульцы могуць скакаць высока ўверх і самае галоўнае — бясьпечна прызямляцца пасьля гэтага», — распавядаюць пра гульню яе знаўцы.

У босабол граюць камандамі па 3, 4 альбо 5 чалавек. Мэта тая ж, што і ў валейболе — патрапіць мячом у пляцоўку суперніка. Для гульні выкарыстоўваюць адмысловую валейбольную пляцоўку з надзьмутымі трамплінамі на абодвух баках. Яны дапамагаюць лёгка і бясьпечна выконваць розныя гімнастычныя трукі на вялікай вышыні і атрымліваць дадатковыя балы самым незвычайным чынам альбо проста добра бавіць час.

Музыка зьяўляецца істотным складнікам босаболу. Слова «боса» перакладаецца з партугальскай, як «стыль», «магчымасьць», «стаўленьне». Назва гульні выклікае асацыяцыю з бразыльскай самба-музыкай «боса-нова». Нават рэфэры (скарочана — ref) тутака клічуць «samba ref». Ён выкарыстоўвае сьвішчык, мікрафон, пэркусію і ды-джэйскае абсталяваньне, каб пераўтварыць гульню ў сьвята. Гарачыя рытмы і хуткі тэмп правакуюць усё больш энэргічныя скіты, якія заводзяць гледачоў і гульцоў.

Тэатр Гіціса Іванаўскаса

Арт-праграма чацьвёртага міжнароднага фэстывалю «Be2gether» абяцае быць самай насычанай за ўсю гісторыю мерапрыемства. Галоўнай яе зоркай будзе тэатр Гіціса Іванаўскаса, які на фэстывальных лугах прадставіць сюррэалістычны сьвет танга ў пастаноўцы «8 квадратных мэтраў».

Гіціс Іванаўскас — знакаміты літоўскі актор і харэограф, уладальнік прэстыжнай узнагароды «Fortuna» і намінант на «Golden Stage Cross» («Залаты сцэнічны крыж»).

«Гэты спэктакль зьяўляецца свайго роду маніфэстам нашага тэатру, — прызнаецца ён. — У ім мы прэзэнтуем цалкам нетрадыцыйны погляд на танга. Ніякіх шыкоўных касьцюмаў, ніякіх мундштукоў і брэндзі. Вы пабачыце дзікі і палкі танец, які аб’яднае два міры ў абсалютна дзіўнай абстаноўцы. Менавіта танец будзе сутнасцю падзей».

Гліняны горад

Фэстываль «Be2gether 2010» будзе адлюстраваны ў выглядзе мастацкай інсталяцыі з гліны плошчай 50 квадратных мэтраў. Яе аўтары з творчага аб’яднаньня Art Forge запрашаюць ўсіх наведвальнікаў «Be2gether» узяць удзел у праекце.

Надзвычайная мадэль фэсту «Be2gether» будзе створана на спэцыяльнай агароджанай тэрыторыі. На ёй будзе прадстаўлены замак Нарвілішкес, будынкі вакол яго, сцэны, намётавы гарадок і іншыя аб’екты. Госьці фэстывалю будуць мець магчымасьць зрабіць уласныя гліняныя статуэткі і мініяцюрныя копіі намётаў, гэткім чынам назаўжды пакінуўшы сваё адлюстраваньне ў гліне.

«Стварэньнем гэтага горада з гліны мы жадаем паказаць, што кожны чалавек мае творчы патэнцыял і калі мы аб’яднаемся, то можам зрабіць вялікую справу», — кажуць аўтары праекту з аб’яднаньня Arts Forge.

Вясельлі для гледачоў

На фэстывалі «Be2gether 2010» гледачы будуць мець магчымасьць ня толькі добра пабавіць час, але й ажаніцца. Усе закаханыя змогуць даць клятву ў незвычайных абставінах — у палатцы на фэстывальных лугах.

Шлюбныя цырымоніі будуць праводзіць акторы з аб’яднаньня Trupė Liūdi. Яны будуць прапанаваць маладзёнам вэлюм і гальштук-матылёк, уключаць прыгожую музыку і фатаграфаваць (зразумела, апаратам маладзёнаў). Калі неабходна, вам дапамогуць нават знайсьці жаніха альбо нявесту. Кожная пара зможа абраць залаты, срэбны альбо бронзавы шлюбны камплект.

Удзельнікі Trupė Liūdi падкрэсьліваюць, што да вясельля ставяцца цалкам сур’езна, таму ўсе жадаючыя пашлюбавацца на фэстывалі, павінны быць дарослымі і ведаць імя, прозьвішча і імя па бацьку свайго будучага партнэра па шлюбу.

На фэстывалі выступяць: Empire Of The Sun (Аўстралія), Skunk Anansie (Вялікабрытанія), WhoMadeWho (Данія), Roots Manuva (Вялікабрытанія), «Гайдамаки» (Украіна), Casio Kids (Нарвегія) і дзесяткі іншых артыстаў з розных краін сьвету.

Квіткі на фэстываль: для студэнтаў — 200 тыс. руб. (пры дзейсным студэнцкім пасьведчаньні), для астатніх — 250 тыс. руб. Замова квіткоў і даведка па тэлефонах (029) 6 5555 96, (033) 6 5555 96, а таксама праз сайт b2g.soundline.by. Бясплатныя візы выдае амбасада Літвы толькі на падставе квіткоў, набытых у Беларусі да 1 чэрвеня. Для падачы дакумэнтаў кожны квіток трэба абавязкова зарэгістраваць на сайце www.b2g.lt.

14:30, 13/05/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0635 seconds.