Новая «Бітла» па-старому мяце

У Менску зьявілася яшчэ на адных бітлз-пераймальнікаў болей. Першы сольны канцэрт у сваёй невялікай гісторыі далі чатыры хлопцы з гурту The Apples. Па ўсім бачна, дыягназ «бітламанія» ўсё яшчэ актуальны ў Беларусі.

The Apples не саромеюцца прызнавацца, што іх галоўная мэта — максымальнае набліжэньне да арыгіналу:

«Мы проста граем музыку The Beatles, бо яна нам падабаецца. І вучымся, бо The Beatles — гэта вельмі добрая музычная школа», — кажа нядаўні выпускнік факультэту міжнародных адносінаў Іван.

Чувакі пазнаёміліся на музычным форуме у Сеціве і зразумелі, што The Beatles — менавіта тое, што могуць граць разам. Першыя выступы, якія адбыліся зь месяц таму, «беларуская бітлз-эліта ацаніла», — кажуць хлопцы.

Back to the 60th

У апошнія некалькі гадоў прагрэсіўная грамадзкасьць паўночнага паўшар’я з новым імпэтам кінулася ў кіслотна-хіпоўскія 60-я.

На экраны кінатэатраў выпаўз стомільённы мюзыкл па матывах кампазыцый The Beatles Across the Universe, у Расеі зьявілася ўласная вэрсія ўласных 60-х: «Стылягі». Нават у Беларусі гіперактыўны Лявон Вольскі выдаў «тэлевэрсію тых 60-х, якіх у нас ніколі і не было» у праекце «Такога няма нідзе». І таму ніхто не зьдзівіўся, калі амэрыканскія дасьледчыкі глыбокага космасу пачалі безупынна адпраўляць трэк Across the Universe напрасткі на палярную зорку: маўляў, «хто яшчэ ня чуў галоўнага зямнога шэдэўру?» Хаця, калі быць шчырым, прыславуты дыягназ «бітламанія» ніколі не сыходзіў са старонак музычнай прэсы.

Сярод абавязковых штогадовых забаў для тых беларусаў, што хацелі ўдыхнуць водар бітламаніі, яшчэ нядаўна значыліся штогадовыя оўпэн-эйры «Бітлз назаўжды». А ў разгар украінскай вясны на рэкордна кароткую паўтысячыкілямэтровую адлегласьць ад Менску дабраўся сам спадар Paul McCartney.

Але хутка «Бітлз назаўжды» ці то зусім прыкрыўся, ці то забраўся ў клюбную цясноту, а Пол прыяжджаць больш ня стаў, і на краіну абрынулася бітлагаладуха.

Кананічны сюжэт

Недахоп The Beatles у арганізьме якраз і пакліканыя папоўніць гурты, што з рознай ступеньню кананічнасьці граюць знаёмыя матывы. І менскія The Apples стаяць тут на самых кансэрватыўных пазыцыях: ні табе Help! на баянах, як у Puttin' on the Beatles Style, ні інструмэнтальных варыяцый, як у яшчэ адных беларускіх «бітлатрактоўшчыкаў» Double Fantasy. Затое ўсё знаёма і прадказальна.

Але творчасьці ў такой справе малавата — аднавіць «Hard day’s night» да апошняй ноты — справа карысная для музычнай адукацыі, можа, і камэрцыйна пасьпяховая. Але ня болей за тое. The Apples проста спрабуюць рабіць сваю справу якасна. І дакараць іх тут ня мае сэнсу.

«Музыка The Beatles ніколі не памрэ», — кажуць на разьвітаньне The Apples і выпраўляюцца на сцэну. Граць The Beatles.

Болей фота з канцэрту The Apples у фотаблогу Generation.by

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0579 seconds.