Paul McCartney у 573 кілямэтрах ад Менску: Independence concert у цэнтры Кіева

 

Абяцанкі музыкі «зьнесьці дах Майдану і слухачам» спраўдзіліся літаральна. Такой залевы Кіеў яшчэ ня бачыў. Не дапамагалі ні парасоны, ні нават дажджавікі. Легендарны Пол Маккартні падарыў прысутным 33 кампазыцыі, 150 хвілінаў музыкі, якая зьмяніла ўвесь с­ьвет і на якой вырасла і гадуецца не адно пакаленьне людзей. Фота і абрывістыя ад эмоцыяў урыўкі ўражаньняў — у матэрыяле.

З самай раніцы па размовах людзей у цягніку, на вуліцах, у кавярнях, здавалася, Кіеў жыве толькі адным — вечаровым канцэртам Пола Маккартні.

Пачатак плянаваўся на 21-ю гадзіну, але ўжо а 10-й самыя адданыя прыхільнікі Beatles займалі месцы ў чаканьні гістарычнай музычнай падзеі: хто моцна трымаўся за агароджу ля сцэны, хто заняў пляцоўку на газоне, прылёгшы на дыванок ці покрыва. Пад яркім сьпякотным сонцам здавалася нерэальным, што абяцаная напярэдадні сыноптыкамі навальніца адважыцца абрынуцца. Але ўжо ў абед лінуў такі дождж і град, што, здавалася, выпаў месяцовы запас ападкаў.

Але на пачатак канцэрту прыпаў такі лівень, што было складана ўзьняць твар і глядзець на сцэну. Людзі стаялі змоклыя да ніткі. Вада з суседніх вулачак бурлівай плыньню зьбіралася на Майдане, з-за чаго ўжо ніхто не зьвяртаў ўвагі на лужыны — стаялі проста ў вадзе. Часам лівень быў такі моцны, што зносіла кардоны. Так частка нашай кампаніі патрапіла ў фан-зону пад самай сцэнай — іх проста вынесла туды разам з агароджай. Яны, канешне, зусім не расстроіліся:)

Людзі зьбіраліся на Майдане, на Хрэшчатыку ля вялікіх экранаў, у навакольных кавярнях і крамах. Па падліках МНС за канцэртам на вуліцах Кіева назіралі 350 тысяч чалавек.

«Прывіт, друзі!» — вітаў сэр Пол прысутных па-ўкраінску. Надвор’е надавала асаблівага калярыту Independence concert. А роўна ў момант пачатку грымнула маланка. Гукі музыкі зьмяшаліся з шумам дажджу. Пасьля Пол Маккартні адзначыць, што надвор’е дадало дарэчнага трагізму ў заплянаванае шоў.

Вядомую "Hey Jude" сьпяваў амаль увесь Майдан пад яркімі салютамі. Людзі разам сьпявалі песьні, моклі і танчылі. У многіх на вачох блішчэлі сьлёзы. А калі музыка вярнуўся на сцэну і засьпяваў "Yesterday", здавалася, што людзі гатовыя былі б вытрымаць і сьнег, і завіруху, і ўсе сусьветныя каталізмы, і няшчасныя каханьні, і адсутнасьць квіткоў на шлях дадому.

І мы там былі, бачылі ўжывую Маккартні, моклі і сьпявалі :) Далей — фота з камэнтарамі, каб перадаць крыху тую атмасфэру. І ўсё ж такі ён існуе!


Пол Маккартні на саўндчэку. © 2008 MPL Communications Ltd. Фатограф: MJ Kim


Пачатак канцэрту пад моцным дажджом. © 2008 Generation.by  Фатограф: Юра Сідун


Пачатак канц­эрту пад моцным дажджом. © 2008 MPL Communications Ltd. Фатограф: MJ Kim

­­­
Фэервэрк пад час песьні "Hey Jude". © 2008 Generation.by  Фатограф: Юра Сідун

­­
Людзі былі паўсюль, а самыя вынаходлівыя пазалазілі на дрэвы. © 2008 Generation.by  Фатограф: Юра Сідун

­­

­­
Майдан аздоблены вялікімі экранамі, якія трансьлявалі падзеі на сцэне. ©­ 2008 Generation.by Фатограф: Воля Кузьміч

­­­


Пол Маккартні на сцэне. © 2008 MPL Communications Ltd. Фатограф: MJ Kim

­­

­­
Paul = Freedom. © 2008 Generation.by  Фатограф: Юра Сідун

­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0564 seconds.