Заяўкі на конкурс «Басовішча-2010»: гурты Amaroka, Blagi Mat!!! і Akute

Застаецца два тыдні да заканчэньня прыёму заявак на конкурсную частку фэстывалю музыкі маладой Беларусі «Басовішча-2010», што пройдзе 16-17 ліпеня з Гарадку (Польшча). Штогод фэстываль дае магчымасьць пазнаёміцца з маладымі беларускімі гуртамі. Што зьявілася новага ў беларускай альтэрнатыўнай музыцы? Generation.by пачынае агляд дасланых на конкурс фэстывалю заявак. Інфармацыя і аўдыёзапісы першых 3-х гуртоў — у публікацыі.

Фэстываль музыкі маладой Беларусі пройдзе ў 21-ы раз, у гэтым годзе з традыцыйнаю конкурснаю часткаю, у межах якой гурты пазмагаюцца за галоўныя прызы фэсту: запіс альбому, праца ў студыі ды іншыя грашовыя і матэрыяльныя прызы.

Кожны з гуртоў, чыю заяўку прынялі для разгляду ў межах конкурсу арганізатары Басовішча-2010, адказаў Generation.by на тры пытаньні: ці бываў на Басовішчы раней, якія спадзевы на ўдзел і ці даводзіцца рэдагаваць праграму адмыслова пад конкурс. Таксама дадаем агульную інфармацыю пра канкурсантаў, прадастаўленую гуртамі, mp3 выкладаюцца за згоды выканаўцаў.

Amaroka

Менск / 2007 / positive punk-rock / Траблы (mp3)


Amaroka ў 2008-м. Фота Тамары Маўчанавай.

Amaroka — малады квартэт зь Менску. За час існаваньня гурт адыграў немалую колькасьць канцэртаў, запісаў два альбомы і некалькі сынглаў для складанак беларускай музыкі. Стыль музыкі ўяўляе сабой сумесь старой школы амэрыканскага панк-року з сучаснымі тэндэнцыямі панку новай хвалі.

«Раней у „Басовішчы“ ня ўдзельнічалі… Аднак спадзяемся, што ў гэтым годзе Amaroka будзе пераможцам „Басовішча“! Наш гурт мае адметны стыль, драйвовае гучаньне і ня мае аналягаў на сучаснай беларускай сцэне! Мы зьбіраліся ўдзельнічаць яшчэ некалькі гадоў таму, але тады адмовіліся ад гэтай задумы, бо гурт яшчэ быў малады і ня дужа прафэсійны. Зараз жа бачым, што прыйшоў і наш час! Мы амаль дарабілі новую праграму, у якую ўвайшлі як старыя гіты ў новай апрацоўцы, так і новыя песьні. Тэксты перапісваць нам ня трэба, бо мы ад самага пачатку сьпяваем на беларускай мове. Таксама рыхтуем заданьне (сьпеў-верш). На жаль, запісы цалкам не адлюстроўваюць жывы выступ і апошнія рухі разьвіцьця, але, няхай, будзе выкладзеная песьня „Траблы“… На наш погляд, яна самая драйвовая і сацыяльна-„калючая“:)»

Blagi Mat!!!

Менск / 2009 / Folk-Industrial-Grunge-Punk / Піся, гарэлка, ясіся, сала! (mp3)


Blagi Mat!!! утвораны ў 2009 годзе ўжо вядомымі прадстаўнікамі беларускай рок-сцэны: Ігар Загумёнаў, Аляксей Яфрэменка ды Сяргей Воўк. Гурт узяў курс на эксцэнтрычны гаражны панк-рок з элемэнтамі цяжкой электроннай музыкі у аранжыроўках, і беларускай этнічнай музыкі у вакальных партыях.

Нягледзячы на тое, што музыкі мелі дастатковы досьвед выступаў на сур’ёзных пляцоўках у іншых калектывах, першыя зьяўленьні гурта на публіцы адбываліся ў самым сапраўдным андэграўндзе. Гурт удзельнічаў у арганізаваных групай дыгераў несанкцыянаваных канцэртах у сакрэтным бомбасховішчы ў самым цэнтры Менску. Пазьней гуртом зацікавілася нефармальная суполка, якая праводзіла канцэрты, усталёўваючы сапраўдную канцэртную апаратуру ў закінутым недабудаваным доме на ўскрайку Менску.

У пачатку 2010 года Blagi Mat!!! пачаў актыўней канцэртаваць у Менску і Гомелі, у тым ліку выступіў на разагрэве новых расейскіх рок-зорак Nuteki. У той жа час Blagi Mat!!! запісаў кавэр-вэрсію на песьню «Пераехала камбайнам» для афіцыйнага трыб’юту Neuro Dubel, які выйдзе ўвосені 2010. Аляксандр Кульлінковіч залічыў песьню у лік самых удалых кавэраў трыб’юту.

«BLAGI MAT!!! пакуль ня ўдзельнічаў у „Басовішчы“. Аднак як музыкі мы удзельнічалі раней у „Басовішчы“ ў складзе іншых гуртоў: ZIGZAG, Tarpach, PartyZone. Нам спадабалася атмасфэра фэсту, спадзяемся, што і сёлета будзе весела! Мы працягваем рэпетаваць і граць канцэрты ў менскіх клюбах. Паколькі мы беларускамоўны гурт, то перапісваць тэксты нам ня трэба. Мы ўжо нават маем у рэпэртуары песьню на верш Ларысы Геніюш „Неяк сумна“, якую мы раней гралі ў складзе праекту ZIGZAG».

Akute

Магілёў / 2009 / дыска-дэкаданс / Шчасьце (mp3)

Akute
Akute ў лютым 2010-га з выступам у Рэактары (рэпартаж). Аўтар фота: Юра Сідун.

Гурт Akute — адно з адкрыцьцяў 2009-га году на беларускай незалежнай рок-сцэне, «Дэбют году» паводле вэрсіі сайту Ultra-music.com. Ён быў створаны музыкамі вядомага панк-гурту «Глюкі», якія вырашылі рухацца ў новым музычным напрамку — басыстам Раманам Жыгаравым і гітарыстам/вакалістам Стасам Мытнікам. Да іх далучыўся бубнач Павал Емяльянаў. Музыкі вызначаюць уласны стыль як «дыска-дэкаданс», а іх музыка адпавядае сучаснаму кантэксту інды-музыкі, зададзенаму такімі гуртамі, як Arctic Monkeys, The Killers і The Strokes. На сёньня ў гурта гатовая паўнавартасная канцэртная праграма, запісваецца дэбютны альбом.

«Усе ўдзельнікі Akute ў розны час пасьпяхова выступалі на „Басовішчы“ ў складзе іншых гуртоў. Бубнач Павал Емяльянаў стаўся ляўрэатам Басовішча-2006 у складзе гурта Nevma, а Раман Жыгараў ды Стас Мытнік атрымалі трэцяе месца ў конкурсе-2008 як „Глюкі“. Уражаньні ад фэсту засталіся найлепшыя. Цяжка перадаць словамі тое, што адчуваеш, знаходзячыся на сцэне Басовішча — трэба быць там.

Спадзевы на „Басовішча“? Шмат, як на конкурсную праграму, так і па-за ёй:)))) У першую чаргу, хочацца адыграць на ўсю моц уласных мажлівасьцяў. Ну і, канечне, каб гэта было ацэнена належным чынам — з боку журы і, натуральна, гледачоў.

Галоўная праблема, зьвязаная з падрыхтоўкай да конкурсу „Басовішча“ — малая колькасьць часу на выступ. Ламаем галаву над тым, як скампанаваць праграму, што павыкідваць, каб укласьціся ў адведзеныя 20 хвілін».

Арганізатары фэстывалю — сябры БАСу — прымаюць заяўкі га конкурс «Басовішча-2010» па 15 траўня 2010 году. Пасьля журы фэстывалю абярэ гурты, якія й будуць запрошаныя на конкурсную частку «Басовішча» ў Гарадок (Польшча) 16–17 ліпеня. З умовамі ўдзелу ў конкурсе і формай заяўкі можна пазнаёміцца ў адмысловай публікацыі.

Generation.bY традыцыйна зьяўляецца інфармацыйным партнэрам «Басовішча», і за ўсімі навінамі з падрыхтоўкі фэсту можна сачыць таксама праз тэматычны разьдзел bas.generation.by.

tarka 10:30, 30/04/2010 | Басовішча |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.062 seconds.