Назву нашкодзіўшага ісьляндзкага вулкану здольны вымавіць менш за адсотак насельніцтва Зямлі

Амэрыканскія лінгвісты высьветлілі, што ў сьвеце пражывае толькі 320 тысяч чалавек, якія здольныя вымавіць назву вулкану Эйяф’ятлайокютль (Eyjafjallajökull), што прывёў да каляпсу транспартныя сыстэмы эўрапейскіх краін і пераносу беларускага канцэрту Scorpions.


Вулкан з 16 літар ва ўсёй красе. Фота Reuters

Як паведамляе UPI.com, cпэцыялісты падкрэсьліваюць, што большасьць людзей, якія здольныя вымавіць гэта слова з 16 літар, пражываюць у Ісьляндыі. Назва Эйяф’ятлайокютль перакладаецца зь ісьляндзкай трыма словамі: гара, ляднік і выспа.

Адносна вымаўленьня гэтай назвы існуе мноства варыянтаў. Напрыклад, большасьць тэлекампаній мае ўласныя варыянты вымаўленьня, паведамляе CNN. У Сеціве нават зьявіўся гід па правільным вымаўленьні назвы ісьляндзкага вулкану.

Прэзыдэнт лінгвістычнай арганізацыі Global Language Monitor Пол Джей-Джей Пэйяк кажа, што ў сьвеце існуюць зусім няшмат падобных словаў, якія мільёны разоў цытаваліся ў Сеціве, але былі вымаўленыя так мала. Таму верагоднасьць уключэньня назвы вулкану ў слоўнікі неверагодна малая:

«Мы ня можам пакуль занесьці Эйяф’ятлайокютль у слоўнікі, бо большасьць людзей не вымаўляюць яго, а проста набіраюць на клявіятуры», — кажуць лінгвісты.

Тым часам, як паведамляе Reuters, ісьляндзкі вулкан перайшоў у новую стадыю вывяржэньня. Попелу, які фактычна спыніў усе пералёты над Паўночнай і Цэнтральнай Эўропай на мінулым тыдні, цяпер становіцца меней, хаця вулкан пакуль не жадае спыняцць вывяржэньне.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0582 seconds.