Унівэрсытэты ЭЗ адчулі кошт крызысу

Фінансавы крызыс прымусіў краіны Эўразьвязу моцна скараціць выдаткі на адукацыю, што вылілася ў павялічэньне платы за навучаньне, адмову ад студэнцкіх стыпэндый і скарачэньне выкладчыкаў. Некаторыя адукацыйныя ўстановы нават былі вымушаныя зачыніцца, а вядучыя эўрапейскія ўнівэрсытэты рызыкуюць згубіць высокія пазыцыі ў адукацыйных рэйтынгах.

Большасьці краін Эўразьвязу прыйшлося даволі цяжка ў час цяперашняга крызысу: калі ў Польшчы моцных фінансавых праблем не адчулі, то ў Латвіі, Вугоршчыне, Чэхіі і Літве бюджэтны дэфіцыт патрабуе моцных скарачэньняў выдаткаў. Напрыклад у Латвіі 6 000 з 35 000 школьных настаўнікаў сталі беспрацоўнымі. У Ірляндыі, дзе адукацыйны бюджэт праваліўся на 60%, унівэрсытэты вымушаныя скарачаць выкладчыкаў і нават цэлыя дэпартамэнты.

У Італіі справы ідуць яшчэ горш: паводле інфармацыі мясцовай прэсы ўрад Берлусконі плянуе скараціць у наступным годзе 133 тысяч працоўных месцаў (87 500 зь якіх у адукацыі). У Брытаніі ўвогуле знайшліся ВНУ, якія вымушаныя былі зачыніцца.

Як тое звычайна бывае, асноўны ўдар прыйшоўся на студэнтаў. У Нідэрляндах урад вырашыў ператварыць стыпэндыі ў банкаўскія крэдыты, якія студэнты мусяць вяртаць па сканчэньні адукацыі. Даведаўшыся аб такіх плянах, галяндзкія студэнты дружна выйшлі на вуліцы, што, аднак, не зьмяніла становішча.

У Францыі ў наступным годзе адбудзецца скарачэньне 16 000 працоўных месцаў у сфэры адукацыі. У Нямеччыне, дзе да 2015 зьбіраюцца значна павялічыць колькасьць студэнтаў, увосень мінулага году адбыліся гучныя вулічныя пратэсты супраць павелічэньня коштаў адукацыі.

Прадстаўнікі ўнівэрсытэтаў кажуць, што, магчыма, больш ніколі не пабачаць такіх уліваньняў, якія мелі ў дакрызысныя часы. Вынікам гэтага можа стаць вылет вядучых унівэрсытэтаў Эўразьвязу з сотні лепшых адукацыйных установаў, дзе і так дамінуюць амэрыканцы, а на пяты наступаюць азіяцкія канкурэнты.

Паводле Presseurop.eu

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2917 seconds.