29 красавіка ў Менску канцэрт Scorpions

Шкада, няма ў арсэнале розных Grammy і іншых прэстыжных прэмій ўзнагароды «за музычнае даўгалецьце». А сярод узнагарод за наклады кружэлак — «сапфіравай» намінацыі. Бо менавіта такі прыз належыць піянэрам цяжкага року — гурту Scorpions. Іх кар’ера стартавала ў 1965-м: страшна падумаць, што нямецкія рокеры на сцэне цэлых 45 гадоў! А сапфір тут як ніколі дарэчы. Па традыцыі 45 гадоў сумеснага жыцьця называюць «сапфіравым вясельлем». Але галоўнае: сапфір — камень вернасьці і добрага сяброўства. А калектыў Клаўса Майнэ ня раз даказаў, што Scorpions — гэта сапраўдная Каманда, згуртаваная й адзіная.


Photo by Marc Theis

Апроч таго, нямецкія музыкі заўжды адрозьніваліся цьвярозым поглядам на рэчаіснасьць. І нават ня самую вясёлую навіну — свой «сыход на пэнсію» — абсталявалі як належыць. Scorpions і праўда разьвітваюцца з публікай. Але гэты «фінальны акорд» працягнецца цэлых 3 гады! 19 сакавіка выходзіць апошні студыйны альбом каманды пад назвай «Sting in the Tail» («Джала ў хвасьце»). Адначасова стартуе беспрэцэдэнтнае па маштабах сусьветнае турнэ Scorpions. І празь месяц пасьля выезду ў доўгае падарожжа нямецкі квінтэт наведае зь вялікім канцэртам Менск!

«Мы хочам завяршыць выбітную кар’еру Scorpions на высокай ноце. Мы вельмі радыя, што нашая жарсьць да музыкі засталася нязьменнай дагэтуль. Мы завяршаем кар’еру альбомам, які лічым адным зь лепшых сваіх запісаў. Дзякуй вам за падтрымку ўсе гэтыя гады», — абвяшчае прымеркаваны да разьвітальных гастроляў гурта прэс-рэліз.

У вернасьці фэнаў ўсёй плянэты сумнявацца не даводзіцца: гурт прадаў ня менш за 100 мільёнаў дыскаў; на музыцы Scorpions вырасла два пакаленьні; а пад баляды гурта рушылася «жалезная заслона» і перакрайваліся лёсы сьвету.

У фінале кар’еры нямецкія рокеры (узростам ўжо за сёмы дзесятак) ня робяць сабе паслабленьні. Разьвітальны тур Scorpions названы «Get your Sting and Blackout» — маўляў, спачатку вазьмі сваё джала, а ўжо потым… цемра. Акрамя таго, канцэртнае турнэ недвухсэнсоўна адносіць прыхільнікаў да вельмі пасьпяховага, стылістычна «элітнага» альбому «Blackout» 1982 года. Гэтым Scorpions даюць зразумець, што на апошніх канцэртах прагучыць уся клясыка іх рэпэртуару, ад энэргічных «цяжкіх» кампазыцый да пранізьлівых баляд.

  • Разьвітальнае шоў Scorpions
    (канцэрт у Менску перанесены на 29-га)
  • 29 красавіка, «Минск-Арена», пачатак а 19.00
  • Квіткі: ад 75 000 да 225 000 рублёў, танцпляц — 150 000 руб., фан-сэктар — 200 000 руб.
  • Даведкі і замова квіткоў: 029 650 11 33, 029 763 11 11 і на сайце allstars.by.

Паводле прэс-рэлізу

10:40, 19/04/2010 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0635 seconds.