Ульянаўскаму арганізатару гульні па гарадзкім арыентаваньні пагражае турма

Суд Ульянаўска разглядае крымінальную справу ў дачыненьні 25-гадовага арганізатара моладзевай гульні «Дозор», якога сьледзтва лічыць вінаватым у гібелі студэнта. Экспэрты называюць судовы разбор беспрэцэдэнтным.

Трагедыя адбылася ў красавіку мінулага году, калі некалькі камандаў уначы гулялі ў «Дозор» — аналяг беларускай «Схваткі», дзе сэнс гульні палягае ў выкананьні заданьняў, прыдуманых арганізатарамі, і ў пошуку схаваных імі кодаў.

Арганізатар «Дозору» Максім Бубноў напісаў шыфр у трансфарматарнай будцы. А ўдзельнік гульні, 22-гадовы студэнт Кірыл Жыронаў у пошуках коду прабраўся ў будку, дзе яго ўдарыла электрычным токам напружаньнем 10 тысячаў вольт. Выратаваць маладога чалавека не атрымалася.

Гэта сьмерць — ужо ня першы падобны выпадак за практыку правядзеньня расейскага «Дозора».

Цяпер Максіму Бубнову, якога абвінавачваюць у парушэньні адразу двух артыкулаў расейскага крымінальнага кодэксу, пагражае да шасьці гадоў зьняволеньня.

Прадстаўнікі праваахоўных органаў лічаць, што ў сьмерці вінаваты арганізатар гульні, які гнаўся за падвышэньнем колькасьці ўдзельнікаў, прапаноўваючы ім рызыкоўныя заданьні. Па іх словах, некаторыя коды былі разьмешчаныя на верхніх частках апор ліній электраперадач, ці на вяршыні трубы кацельнай.

«Заданьні былі, як кажуць, на мяжы фолу», — распавёў BBC старэйшы памочнік пракурора Ульянаўскай вобласьці Васілі Зіма.

Адвакат Максіма лічыць яго не вінаватым і сьцьвярджае, што ніякіх грошай той не зарабляў: «усе ахвяраваньні сыходзілі на прызы камандам». А ў гібелі ўдзельніка вінаватыя электрыкі.

Пакуль інтарэс да гульні як ва Ўльянаўске, так і ў іншых гарадах Расеі толькі расьце. Хаця за апошнія гады гэта як мінімум трэці лятальны сыход сярод гульцоў у «Дозор».

Цяпер усё будзе залежыць ад рашэньня суду. Калі арганізатара прысудзяць да пазбаўленьня волі, тое стане моцным прэцэдэнтам для іншых стваральнікаў падобных гульняў. Юрысты лічаць, што ў любым выпадку ўльянаўскі працэс шмат у чым паўплывае на будучыню экстрэмальных гульняў у Расеі.

Гульня «Дозор» упершыню зьявілася ў Санкт-Пецярбургу. Цяпер у ёй бяруць удзел дзесяткі тысяч чалавек у 160 гарадах Расеі. У Беларусі гульня не праводзіцца, але існуюць аналягі, такія як «АДрыў», «Схватка» і іншыя.

Глядзіце рэпартаж з адкрыцьця сэзону 2009 г. гульні гарадзкога арыентаваньня «АДрыў».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0612 seconds.