Be2gether шукае валянтэраў і пачынае продаж квіткоў

Арганізатары музычнага фэстывалю Be2gether, што чацьверты раз пройдзе 25–27 чэрвеня ў літоўскіх Нарвілішках на мяжы зь Беларусьсю, абвясьцілі пра пошук валянтэраў. Беларусы могуць падаваць анкеты да 8 красавіка. Таксама арганізатары назвалі кошт квіткоў на фэст.

Ляпіс Трубяцкой на Be2gether 2009
Be2gether традыцыйна запрашае некалькі беларускіх каманд выступіць на фэсьце

Be2gether штогод зьбірае сотні маладых людзей, якія дапамагаюць у правядзеньні фэсту, што дазваляе ім бачыць знутры яго асаблівасьці, кажуць арганізатары мерапрыемства. Валянтэры займаюцца суправаджэньнем музычных гуртоў, адказваюць на пытаньні гасьцей, дапамагаць у працы ля сцэны і ў намётавым лягеры, які зьяўляецца нязьменным атрыбутам кожнага фэстывалю.

Арганізатары асабліва адзначаюць жаданьне бачыць у шэрагах валянтэраў беларусаў.

Валянтэрам можа стаць кожны, хто дасягнуў 16 гадоў і даслаў запоўненую анкету арганізатарам фэсту. У выніку абраньня ў шэрагі валянтэраў маладыя людзі пройдуць падрыхтоўчае навучаньне перад фэстывалем.

Таксама арганізатары назвалі кошт квіткоў на фэст у Літве. Трохдзённы квіток цяпер каштуе 120 літаў (€35), аднадзённы — 70 літаў (€21). Квіткі можна набыць он-лайн на сайце tiketa.lt.

У Беларусі ў продажы квіткі зьявяцца ў межах бліжэйшых тыдняў. Традыцыйна, кошт на іх будзе расьці па меры набліжэньня мерапрыемства — ад пачатковых 150 тысяч (колькасьць абмежаваная) да 350 тысяч рублёў у апошні тыдзень продажаў. Першымі аб зьяўленьні танных білетаў у продажы даведаюцца тыя, хто падпішацца на афіцыйную email-рассылку на сайце фэстывалю — www.b2g.lt.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0747 seconds.