Студэнт атрымаў тэрмін за выхад у Сеціва пад чужым логінам

У Цюмені асуджаны студэнт, які агулам 30 дзён правёў у Інтэрнэце, карыстаючыся чужым логінам і паролем. Акрамя ўмоўнага тэрміну расеец мусіць выплаціць каля $2 800 уладальніку пароля ў якасьці кампэнсацыі шкоды.

Мікалай Гаджыеў, студэнт інстытуту кібэрнэтыкі і інфарматыкі Цюменскага дзяржаўнага нафтагазавага ўнівэрсытэту, даведаўся ад знаёмага логін і пароль да доступу ў Сеціва, якімі карысталіся ў адной з мясцовых кампаній. У выніку актыўнага карыстаньня гэтай інфармацыяй праз кампутар сябра будучы праграміст каля 200 разоў пасьпеў вылезьці у Інтэрнэт, правёўшы там больш за 700 гадзін (агулам каля 30 дзён).

Цюменскі суд прызнаў яго вінаватым у «неправамерным доступе да кампутарнай інфармацыі, якая ахоўваецца законам» і ў «прычыненьні маёмаснай шкоды шляхам падману».

У выніку Мікалай Гаджыеў атрымаў год умоўна з выпрабавальным тэрмінам у адзін год. Таксама небарака будзе вымушаны выплаціць 85 145 расійскіх рублёў (каля $2 800) у якасьці кампэнсацыі кампаніі, логінам якой ён карыстаўся.

Паводле REGIONS.RU

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0044 seconds.