У гасьцях у Віталя Артыста

Такі настрой панаваў 14 лютага ў малой залі к/з «Менск» на сольным канцэрце лідэра гурта «Безь Білета» Віталя Артыста. «Адзін кватэрнік» прайшоў у выглядзе імправізаванай рэпэтыцыі, творчага экспэрымэнту зь сяброўскім «паказам талентаў з хорам менскай публікі», запісамі новых варыяцыяў песень і запальваючымі танцамі. Рэпартаж з насамрэч незвычайнага вечару — на Generation.bY.

Хацелася прыбраць усе крэслы з залі, і ўтульна разьмясьціцца наўпрост на падлозе, слухаючы і падпяваючы вядомыя песьні Віталя, пазнаваць няхай і не па першых нотах песьні ў новай аўтарскай апрацоўцы, пляскаць у рытм да горычы ў далонях.

Камэрнае сьвятло, вясёлы відэашэраг на экране і шчырая мітусьня Віталіка на сцэне паміж музычнымі інструмантамі. У першай частцы кватэрніку Віталь заўважна хваляваўся, «голас дрыжэў як у Барыса Грэбеншчыкова».

Але гэта таксама надавала свой настрой вечарыне — усё было па-добраму шчыра і бадзёра, зь вясёлымі камэнтарамі і зацікаўленымі падглядкамі з-за сцэны іншых удзельнікаў каманды вечару як быццам на першым паказе новай тэатральнай пастаноўкі. Першым падтрымаць сябра выйшаў былы гітарыст «Безь Білета» Сяргей Бакавец.

Вечар не нагадваў звычайны канцэрт з акустычнымі песьнямі пад гітару, гэта быў хутчэй сяброўскі кватэрнік з гульнёй «я ніколі не рабіў гэтага». У залю сыпанулі папяровыя самалёцікі, а на сцэну далучыўся «сябра і партнэр» Віталя кліпмэйкер Мацей Сабураў. Пару хвілінаў на наладку, запіс фону на толькі што «прыехаўшым» з Бэрліну лупэры — і адна з шыкоўнейшых прэзэнтацыяў вечару гатовая — песьня «Шла дальше» ў выкананьні Мацея.

А далей ужо цяжка было разабраць, дзе сцэна, а дзе заля з публікай. Віталь дастаў дыктафон і прапанаваў усім прысутным «застацца на старонках гісторыі песьні «Мая краіна — Беларусь», якую «безьбілетнікі» зараз рыхтуюць у новай апрацоўцы. «Хор менскай публікі» заўзята засьпяваў вядомы прысьпеў — запіс зроблены, кватэрнік працягваецца!

На сцэне з аркушыкам тэксту зьявіўся Міша Зуй (актор і гітарыст гурта «ДзеціДзяцей»). Калі раней песьня «Мая краіна — Беларусь» была адной з самых маласлоўных песень «Безь Білета», то тут атрымалася цэлае шоў з шыкоўным багатым тэкстам і адпаведным відэашэрагам.

«Сябры, болей не сыходзьце, заставайцеся на сцэне», — ці то заклікаў ці то папрасіў Віталь сваіх сяброў. Далей усе песьні пайшлі ў супольным выкананьні. Каму не хапала інструмантаў — танчыў, альбо майстраваў з падручных сродкаў што-небудзь сваё — так, Міша знайшоў у грымёрцы бутэльку з вадой і «граў» на ёй. А падрыхтаваныя, бачна, напярэдадні чырвоныя стужкі дапамаглі хлопцам выканаць «пранікнёны» «танец вадаспаду» :)

Фінальная «Афрыка» запаліла ўсіх — госьці паўставалі з крэслаў, танчылі нават аранжавы «ікееўскі» бэгемот з кракадзілам беларускай вытворчасьці. Эфэктнае зьнікненьне музыкаў са сцэны завершылася чарговым жартам і працягнулася імправізаваны «бісам».

Сольнік Віталя Артыста можна сьмела назваць удалым творчым экспэрымэнтам — напрыканцы падавалася, што гэты вечар — супольны экспэрымэнт усіх разам узятых: і Віталя, і ягонай творчай каманды, і ўсёй публікі, і маленькай дзяўчынкі, якая дзёрзка цягала нашага фатографа за бараду:) Хочацца яшчэ раз зайсьці ў госьці!

Яшчэ шмат фота з канцэрту Віталя Артыста — у фотаблогу Generation.bY

tarka 15:00, 16/02/2010 | Рэпартажы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0668 seconds.