Аматары сацыяльных сетак вучацца горш

Амэрыканскія навукоўцы высьветлілі, што аматары пасядзець у Facebook і іншых сацыяльных сетках маюць горшыя адзнакі за тых, хто абыходзіць сеткі бокам.

Магчыма, што ўладальнікі пяці соцень сяброў у Vkontakte і адчуваюць сябе на кібербязьмежжы ў сацыяльным пляне пасьпяховымі. Але ў рэальным сьвеце цалкам верагодна, што яны могуць сутыкнуцца з праблемамі ў навучаньні. Аб гэтым кажуць вынікі дасьледаваньня адукацыйнага дэпартамэнту Дзяржаўнага ўнівэрсытэту Агайо.

Навукоўцы сьцьвярджаюць, што рэгулярнасьць наведваньня сацыяльных сетак адваротна прапарцыянальная адзнакам у залікоўцы. Амэрыканцы зьвярнуліся да самай папулярнай сеткі ў сьвеце — Facebook — і выявілі, што тыя са студэнтаў, хто карыстаецца гэтым сайтам, маюць «значна» ніжэйшую пасьпяховасьць за тых, хто не карыстаецца ім.

Па словах навукоўцаў, студэнты, што любяць пачаціцца, пазырыць чужыя фоткі альбо «палайкіць» статусы сяброў, надаюць менш увагі навучаньню, бо часу на гэта пасьля ўсіх сацыяльных радасьцяў Facebook проста не застаецца.

«Кожнае пакаленьне мае ўласныя нагоды для адцягненьня ўвагі. Але Facebook — гэта сапраўдны фэномэн», — кажа аўтар дасьледаваньня Арын Карпінскі.

Каля 63% юзэраў сеткі заходзяць у яе кожны дзень, седзячы там і па некалькі хвілін, і па гадзіне. Але суадносіны паміж пасьпяховасьцю студэнтаў і колькасьцю часу, які яны праводзяць у сетках, навукоўцы яшчэ ня высьветлілі.

Згодна з дасьледаваньнем спадара Карпінскага, 79% студэнтаў, што юзаюць Facebook, разумеюць: час, які яны праводзяць у ёй, ніяк не адбіваецца на іх працы.

Хаця некаторыя людзі, як напрыклад брытанка Кэралайн Хокінг, ужо зразумелі ўсю сур’ёзнасьць становішча і вырашылі назаўжды парваць зь сеткамі.

Паводле The Sunday Times

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0664 seconds.